Лукашэнка даручыў развязаць актуальныя праблемы беларусаў


Кіраўнік Беларусі падпісаў распараджэнне «Аб дадатковых захадах для развязання актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва».

Як паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі, дакумент змяшчае захады для вырашэння найбольш актуальных для насельніцтва пытанняў.

Яны ахопліваюць розныя сферы: будаўніцтва, жыллёва-камунальную гаспадарку, транспарт, энергетыку, занятасць і сацыяльнае забеспячэнне, ахову здароўя, адукацыю, гандаль і іншыя.

Падрабязнасці распараджэння падае БелТА.

У сферах будаўніцтва, ЖКГ, транспарту і энергетыкі даручана:

– распрацаваць і зацвердзіць праграму істотнага павелічэння электраспажывання для патрэбаў ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы, уключаючы пашырэнне льготных умоў для спажыўцоў, якія абаграваюць электракрыніцамі жылыя памяшканні і лецішча;

– забяспечыць стварэнне найбольш спрыяльных умоў з улікам сусветнага вопыту ў мэтах паўсюднага развіцця электратранспарту ў краіне;

– удасканаліць спагнанне дзяржаўнага мыта за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху без прывязкі да праходжання тэхнічнага агляду;

– забяспечыць своечасовы капітальны і бягучы рамонт дарог, развіццё дарожнай інфраструктуры, аб’ектаў дарожнага сэрвісу, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама комплексны падыход пры замене інжынерных сетак і элементаў добраўпарадкавання населеных пунктаў, асаблівую ўвагу надаць месцам правядзення работ паблізу жылых дамоў;

– максімальна ўлічваць інтарэсы грамадзянаў пры планаванні маршрутаў грамадскага транспарту;

– праводзіць капітальны рамонт жыллёвага фонду ва ўстаноўленыя тэрміны;

– забяспечыць належную якасць пітной вады, устойлівае водазабеспячэнне, ачыстку і адвядзенне сцёкавых вод.

У сферы гандлю:

– узмацніць кантроль за цэнавай сітуацыяй на спажывецкім рынку;

– прымаць неадкладныя меры рэагавання пры ўстанаўленні фактаў неабгрунтаванага павышэння цэн на рэалізуемыя тавары.

У сферах занятасці і сацыяльнага забеспячэння:

– забяспечыць вырашэнне пытанняў занятасці насельніцтва;

– прымаць эфектыўныя меры павышэння заробкаў у арганізацыях з нізкім узроўнем аплаты працы;

– ажыццяўляць дзейсны кантроль за своечасовай выплатай заробкаў;

– забяспечыць павышэнне ўзроўню заробкаў за кошт стварэння новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў.

У сферы аховы здароўя:

– працягнуць рэалізацыю сістэмных мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне насельніцтву даступнай і якаснай медычнай дапамогі;

– забяспечыць наяўнасць неабходных лекаў і кантроль неабгрунтаванага росту цэн на іх.

У сферы адукацыі:

– прапрацаваць пытанне змяненне фармату ўступных іспытаў пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі па асобных спецыяльнасцях, у тым ліку паступленні па конкурсе атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі без здачы ўступных іспытаў для выпускнікоў, якія атрымалі мэтавыя накіраванні;

– забяспечыць прапрацоўку пытання ўстанаўлення пераважнага права на залічэнне за кошт сродкаў бюджэту ў вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці для асобаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў (працаўнікоў);

– прапрацаваць пытанне арганізацыі пры неабходнасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках прадмета «Працоўнае навучанне» прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў на прафесіях «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці», «аператар машыннага даення» і іншыя.

У грашова-крэдытнай сферы:

– забяспечыць павышэнне даступнасці крэдытаў для ўсіх катэгорыяў грамадзянаў для будаўніцтва і набыцця жылля;

– забяспечыць даступнасць зняцця наяўных грошай з рахункаў з выкарыстаннем банкаўскіх картак, у тым ліку на сяле.

У распараджэнні таксама дадзеныя канкрэтныя даручэнні ў рэгіёнах.

На Берасцейшчыне:

– правесці капітальны рамонт з мадэрнізацыяй хірургічнага корпуса ў Маларыцкай раённай больніцы;

– пабудаваць школы-сады ў Кобрыне і Століне, школу ў мікрараёне Бароўкі-2 у Баранавічах, дзіцячыя яслі-садок у Жабінцы.

На Віцебшчыне:

– распрацаваць і зацвердзіць комплекс мер развіцця Полацкага раёну да 2025 года;

– адкрыць інфекцыйнае аддзяленне ў цэнтральнай больніцы ў Полацку;

– завяршыць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Чашніках;

– забяспечыць належныя ўмовы знаходжання і пражывання дзяцей у аздараўленчым лагеры «Юнацтва».

На Гомельшчыне:

– завяршыць будаўніцтва лядовага палацу ў Светлагорску;

– адкрыць краму ў аграгарадку Янова Веткаўскага раёну;

– завяршыць будаўніцтва школы ў мікрараёне нумар 21 Гомля.

На Гарадзеншчыне:

– забяспечыць будаўніцтва рэзервовых свідравін, водаправодных сетак і станцыяў ачысткі вады ад дамешкаў жалеза ў аграгарадку Пархімаўцы Бераставіцкага раёну;

– прыняць неабходныя меры для рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў, мадэрнізацыі галоўных каналізацыйных помпавых станцый, рэканструкцыі і будаўніцтве каналізацыйных калектараў у Лідзе;

– пабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Слоніме.

На Меншчыне:

– пабудаваць дзіцячую дашкольную ўстанову і школу ў Фаніпалі, а таксама школу ў Стоўбцах;

– фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Дзяржынску;

– дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў Любані, аграгарадку Міханавічы і пасёлку Дружны;

– дзіцячы сад – пачатковую школу ў мікрараёне нумар 11 Усходні ў Маладзечне;

– новы будынак паліклінікі ў Нясвіжы;

– фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у Старых Дарогах і басейн ва Уздзе.

На Магілёўшчыне:

– правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна;

– пабудаваць радыялагічны корпус нумар 3 у Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры і інфекцыйны корпус у Магілёўскай больніцы нумар 1;

– дарогу «Паўднёва-заходні абход Магілёва»;

– школу з басейнам і дзіцячы садок з басейнам у мікрараёне нумар 7 Бабруйску.

У Менску даручана:

– рэалізаваць перавод Менску ў 2025 годзе на водазабеспячэнне толькі з падземных крыніц.

Акрамя таго, даручана зацвердзіць да канца 2020 года Дзяржаўную праграму добраўпарадкавання ваенных гарадкоў на 2021-2025 гады.

У Берасці да канца 2021 года трэба завяршыць будаўніцтва спартыўнага стадыёна на тэрыторыі 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады і жылога дому для вайскоўцаў Берасцейскага гарнізону на ўмовах долевага будаўніцтва.

Аблвыканкамам і Менгарвыканкаму даручана забяспечыць вайскоўцаў Узброеных Сілаў арэндным жыллём дзяржаўнага жыллёвага фонду.

Hавiны
У Беларусі ад 1 ліпеня павышаюць працоўныя пенсіі
2020.06.21 10:02

У дакуменце таксама знайшлі адлюстраванне даручэнні па пытаннях будаўніцтва жылля для вайскоўцаў.

Прадугледжваюцца штоквартальная справаздачнасць аб выкананні распараджэння і забеспячэнне належнага інфармавання насельніцтва аб рашэнні актуальных пытанняў. Кантраляваць гэта будуць КДК і адміністрацыя кіраўніка краіны.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў