Лукашэнка бюджэтным арганізацыям: шукайце варыянты, трэба круціцца

Дзяржава падтрымае бюджэтныя арганізацыі, але не ўсе. Аб гэтым паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка 26 траўня на нарадзе па аплаце працы ў бюджэтных арганізацыях адзначыў, што пандэмія COVID-19 паўплывала на шэраг галінаў, у першую чаргу на сферу паслугаў. Ён прывёў канкрэтны прыклад:

«Раней спартовы аб’ект аказваў паслугі насельніцтву, а зараз людзі меней туды ходзяць ці ўвогуле не наведваюць спартовы абʼект. Узнікае пытанне: а адкуль плаціць заробкі людзям? І гэтак далей, гэта я адзін такі прыклад прывёў», – адзначыў Лукашэнка.

Нарада ў Лукашэнкі, president.gov.by

Ён прыгадаў, што аніхто не забараняў спартовым абʼектам працаваць.

«Шукайце варыянты! Я прыводзіў прыклад, як робяць рэстарацыі. Не ходзяць туды людзі, дык дадому абед замаўляюць. Так і тут: трэба круціцца», – сказаў Лукашэнка.

Аднак ён адзначыў, што дзяржава мусіць падтрымаць тых людзей, якія не могуць знайсці працу праз «абʼектыўныя прычыны». Але трэба «дакладна разумець, што гэта за людзі» і заклікаў разбірацца з гэтай праблемай на ўзроўні губернатараў.

Лукашэнку быў прадстаўлены праект указу аб заробках у бюджэтных арганізацыяў. Перадусім ён датычыць сферы адукацыі, аховы здароўя, спорту. Зараз бюджэтнікам абяцаюць даплаты да мінімальнага заробку – ён складае Br 375.

КТ Belsat.eu

Hавiны