Лукашэнка 25. Куды ён нас завёў?


Нагода для святкавання ёсць, але святочных усмешак бракуе. Кіраўнікі краінаў, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, адзначылі ў Нур-Султане пяць гадоў з моманту падпісання Дамовы аб ЕАЭС. Для беларускага кіраўніка гэта не адзіная гадавіна сёлета. У снежні мінае 20 гадоў з моманту падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а ўжо ў ліпені – 25 гадоў з таго дня, як Лукашэнка зрабіўся прэзідэнтам Беларусі. Ці ёсць што святкаваць, высвятляла Вольга Жарнасек.

Пяць гадоў для кожнага хаўрусу – дастатковы тэрмін, каб зрабіць першыя падсумаванні і падзяліцца назіраннямі.

«Еўразійскі эканамічны саюз мае аўтарытэт на міжнароднай арэне. Часам мы чуем, чытаем дый самыя кажам, што з намі нібыта не хочуць супрацоўнічаць. Проста зайздросцяць», – запэўнівае Аляксандр Лукашэнка.

Надзвычай пазітыўная ацэнка. Але літаральна ў сакавіку падчас «Вялікай размовы» кіраўнік Беларусі ацэньваў ЕАЭС зусім іначай:

«Я вялікіх надзеяў не маю ў плане нашага Еўразійскага эканамічнага саюзу».

Ці штосьці змянілася за гэты час? Наўрад ці. Розныя, а часам супрацьлеглыя меркаванні для розных аўдыторыяў – даўно і добра вядомы стыль вонкавай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Што да рэальнай ацэнкі ЕАЭС, то эксперты не маюць сумневаў.

Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік:

«Еўразійскі эканамічны саюз – гэта, паводле праекту Расеі, праграма геапалітычная. Сэнс яе ў тым, каб Расея магла ўплываць на постсавецкую прастору, трымаць яе пад кантролем».

Аб’ектыў
Еўразійскі эканамічны саюз. 5 гадоў «вымушанаму» аб’яднанню
2019.05.29 22:20

Сапраўдным хаўрусам цяжка назваць і гэтак званую Саюзную дзяржаву Расеі ды Беларусі, якая сёлета адзначае 20-гадовы юбілей.

«Гэта быў 1999 год, калі ў Расеі прэзідэнтам быў стары, хворы, непапулярны Ельцын, а ў Беларусі тады на пад’ёме быў малады, энергічны, харызматычны Лукашэнка», – згадвае Валер Карбалевіч.

Планы Лукашэнкі ачоліць новае ўтварэнне перакрэсліў таксама малады і не менш энергічны пераемнік Барыса Ельцына. З таго часу Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі атрымала безліч эканамічных прэферэнцыяў, што прывяло да істотнай залежнасці беларускай эканомікі ад Крамля.

На думку Карбалевіча, Расея, якая была доўгі час галоўным спонсарам і галоўнаю крыніцаю выжывання беларускага рэжыму, сёння становіцца крыніцаю пэўных праблемаў. Праблемаў і пэўных пагрозаў.

Пагроза стала відавочнаю пасля анексіі Крыму Расеяй і пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе, інспіраванага Масквою. З’явіліся пытанні, ці Беларусь стане наступнаю.

Аляксандр Сыцін, палітолаг Цэнтру палітычных даследаванняў Паўночнай і Усходняй Еўропы, Расея:

«З гледзішча Расеі, Беларусь – гэта не асобны народ і не асобная тэрыторыя. А Саюзная дзяржава – гэта так, нейкая праформа. Таму пры найменшай пагрозе, спробе Беларусі нейкім чынам адысці да Захаду, магчымыя абсалютна любыя сцэнары. Можа, акрамя рэальных танкаў на Менск».

Тым не менш расейская агрэсія ва Украіне змусіла шукаць Аляксандра Лукашэнку іншыя пункты апоры ў вонкавай палітыцы. Майстар балансавання ўзяў на сябе ролю міратворца ў расейска-ўкраінскім канфлікце і ўгаварыў бакі правесці ў Менску мірныя перамовы.с

Дзмітрый Грамакоў, сацыёлаг, кіраўнік даследніцкіх праектаў украінскага цэнтру «РАНД»:

«Так, мы ўдзячныя Лукашэнку за наданне гэтай пляцоўкі і за тыя ўмовы, каб гэтыя сустрэчы ў прынцыпе адбыліся. Але сказаць, што ён адыгрывае нейкую ролю, – гэта дастаткова ўмоўна».

Так ці іначай, роля міратворца прынесла кіраўніку Беларусі канкрэтныя дывідэнды. У 2015 годзе Еўразвяз прыпыніў санкцыі супраць Лукашэнкі, а праз год канчаткова выдаліў яго са свайго чорнага спісу і пачаў запрашаць на Захад. 1 верасня кіраўніка Беларусі чакаюць у Польшчы, дзе адбудуцца ўрачыстасці памяці пра пачатак Другое сусветнае вайны.

Каміль Клысіньскі, аналітык польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў, мяркуе:

«Прыняцце запрашэння ў Гданьск 1 верасня, тады як Уладзімір Пуцін такога запрашэння не атрымаў, з пэўнасцю было б пераломнаю падзеяй. Яна б паказала, што Аляксандр Лукашэнка думае сур’ёзна, вельмі сур’ёзна, беспрэцэдэнтна сур’ёзна пра развіццё стасункаў з Захадам, у тым ліку з Польшчаю».

Паляпшэння адносінаў з Менскам чакаюць не толькі ў Варшаве. Ужо некалькі гадоў паміж Беларуссю і Літвой адбываецца вострая спрэчка вакол будаўніцтва Астравецкай АЭС, якую Вільня наўпрост называе праектам Крамля. У Літве таксама рыхтуюцца да важнай імпрэзы, куды тэарэтычна можа прыехаць і Лукашэнка.

Віціс Юрконіс, літоўскі палітолаг, праектны дырэктар «Freedom House»:

«Перапахаванне Кастуся Каліноўскага ўвосень можа быць нейкаю лакмусаваю паперкай наконт таго, ці ёсць нейкі патэнцыял рухацца далей, ці будуць нейкія прапановы з боку Менску – не рытарычныя, а ў плане рэальных крокаў».

Hавiны
Ці Лукашэнка дамовіцца з новым прэзідэнтам Літвы па БелАЭС?
2019.05.11 09:00

Кіраўнік Беларусі мае цэлае лета, каб разважыць запрашэнні і пэўныя змены ў вонкавай палітыцы. Пагатоў 20 ліпеня ён адзначыць роўна 25 гадоў з таго часу, як першы раз прысягнуў на Канстытуцыі Беларусі ды паабяцаў верна служыць беларускаму народу.

«Я б пажадаў Аляксандру Лукашэнку вярнуць беларускім грамадзянам права выбару, бо акурат гэта ёсць фундаментам беларускае незалежнасці», – кажа Віціс Юрконіс.

Аналітык Каміль Клысіньскі:

«Можа… Я б пажадаў, каб ён больш адкрыўся на Захад. Хаця б у сэнсе разумення Захаду. Захад не чакае вокамгненнай змены арыентацыі Беларусі ці еўрапейскай інтэграцыі. Пагатоў сам Еўразвяз не гатовы да такога кроку. Я б зычыў яму большага разумення тых працэсаў, якія адбываюцца на Захадзе, і слушнага разумення намераў Захаду…»

Якія істотна адрозніваюцца ад намераў Крамля і ягоных спробаў у амаль ультыматыўнай форме змусіць афіцыйны Менск да глыбейшай інтэграцыі ды абсалютнай паслухмянасці. Чвэрць стагоддзя, бо столькі Лукашэнка аднаасобна кіруе Беларуссю, – дастаткова працяглы час, каб зразумець гэта і зрабіць адпаведныя высновы.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 31.05.2019

Стужка навінаў