Памёр вядомы брытанскі паліттэхнолаг і піяр-менеджар высокіх асобаў лорд Тымаці Бэл.
На сайце ВВС гаворыцца пра тое, што ён кансультаваў падчас перадвыбарных кампаній Маргарэт Тэтчэр і Барыса Ельцына. Пра гэта судзіць не магу. Аднак лорд Бэл кансультаваў і Аляксандра Лукашэнку, пра што дакладна вядома, бо брытанская падатковая служба прынцыповая, і ўсе кантракты лабісцкіх структур у Злучаным Каралеўстве рана ці позна становяцца грамадскім здабыткам.
Хто параіў вышэйшаму беларускаму кіраўніцтву заключыць кантракт з галоўным суўладальнікам фірмы Bell Pottinger? Наўрад ці мы пра гэта даведаемся дакладна, аднак можна выказаць здагадку, што зрабіў гэта Барыс Беразоўскі. Былы расейскі алігарх сябраваў з сэрам Тымаці і сам актыўна карыстаўся ягонымі паслугамі. Паколькі беларускага чорнага сабаку цяжка было адмыць дабяла, са з’яўленнем лорда Бэла на небасхіле беларускага піяру пачала нараджацца надзея на тое, што ўжо ён-та дакладна ведае, які менавіта мыйны сродак для гэтага патрэбны.
З чуткак, дзве парады лорда Бэла былі ўспрынятыя і выкананыя. Першая – вызваленне тагачаснага «зняволенага № 1» экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Уласна кажучы, гэта было зразумела: гаварыць з нямецкім, напрыклад, урадам аб выкананні ў Беларусі правоў чалавека ў той час, як былы кандыдат сядзіць у калоніі, проста немагчыма. Тым больш, калі партыя, якую ачольваў гэты кандыдат, з’яўляецца палітычным партнёрам адной з найбуйнейшых партый Нямеччыны. І Аляксандра Казуліна вызвалілі.
Дарэчы, гэтая ж схема спрацавала потым і пасля выбараў 2010 года. Там сядзелі ў зняволенні палітвязні, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты, таксама сталі «жывым таварам», і лабісты беларускага кіраўніцтва – ужо без самога лорда Бэла – паспяхова выдавалі іх вызваленне за прыкмету відавочнай лібералізацыі сітуацыі ў Беларусі. Сапраўды, змяніць заканадаўства так, каб шанец апанентаў рэжыму трапіць за краты быў мінімальным, цяжка – Аляксандра Лукашэнку на гэта ні тады, ні цяпер ніхто ўгаварыць не мог і не зможа. А вось праявіць добрую волю і выпусціць птушачку з клеткі – калі ласка.
І другая парада лорда Бэла. Зрабіць вобраз беларускага «бацькі» вобразам беларускага «таты», добрага і клапатлівага. Так побач з некаранаваным манархам Беларусі на тэлеэкранах з’явіўся наследны прынц.
І, вы ведаеце, гэта таксама спрацавала. Толькі ўжо на ўнутранага спажыўца візуальнай інфармацыі. Бо можна ненавідзець тырана, які адбірае ў цябе свабоду, але цяжка перанесці гэтую нянавісць на маленькага светлавалосага хлопчыка, які расце літаральна ў цябе на вачах. У аповесці Катаева быў «Сын палка», а ў нас – «Сын краіны». Чаго ж тут дрэннага? Хлопчык-та чым вінаваты?
Афіцыйна кантракт з фірмай Bell Pottinger доўжыўся ўсяго адзін год. Далей беларуская ўлада захацела плыць без сэра Тымаці і плаўна ўплыла ў поствыбарчы крызіс 2010 – 2011 гг. Лорд Бэл відавочна ўздыхнуў з некаторым палёгкай. Лорд ніколі асабліва не быў пераборлівы ў выбары сваёй кліентуры, калі кліент быў цалкам плацежаздольным, але навошта нарывацца на скандалы з масавай пасадкай супернікаў па выбарах? Тут ужо рэпутацыя кліента ўдарыла б па самым лордзе, паспрабуй ён раскрыць рот, каб вымавіць слова ў абарону спадара Lukashenka.
І вы ведаеце, мне здаецца, сёння ёсць нагода ўспомніць пра лорда Бэла з некаторыю нават павагай. У рэшце рэшт, калі дзякуючы ягонай парадзе вызвалілі хоць бы аднаго чалавека, то значыць, масціты піяршчык сумленна адпрацаваў атрыманыя грошы. А калі на экране побач з бацькам з’явіўся сын, то напружанне ў грамадстве некалькі спала: значыць, не ўсё чалавечае чужое «апошняму дыктатару Еўропы». Лепш, вядома, калі б зусім гэтае напружанне спала, але для гэтага замест маскуліннага лідара, што робіць разносы падначаленых, патрэбны вобраз дзядулі на пенсіі. А гэта ўжо залежыць не ад піяршчыка. Гэта залежыць – як мне здаецца – усё ж ад народа. І – як зноў-такі мне здаецца – магчыма, калі-небудзь гэта здарыцца.
Галоўнае – дажыць.
А памяць пра лорда Бэла будзе жыць у нашых сэрцах, як той казаў, forever.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.