Лівійскі сябра Крамля гатовы захапіць Трыпалі

Лівійская нацыянальная армія, якой камандуе фельдмаршал Халіфа Хафтар, наступае на сталіцу Трыпалі з трох бакоў. Урад абвясціў агульную мабілізацыю, жыхары сталіцы запасаюцца правізіяй і палівам.

Баі ідуць у муніцыпалітэце Таджура на ўсход ад сталіцы, у раёне Джанзур на захадзе і ў раёне горада Бін-Гашыр на поўдні, дзе размешчаны міжнародны аэрапорт Трыпалі. У ліку іншых важных аб’ектаў, якія Хафтар імкнецца захапіць у першую чаргу – нацыянальны банк і дзяржаўны тэлецэнтр. Відавочцы кажуць, што жаўнераў Лівійскай нацыянальнай арміі бачылі прыкладна ў 15 кіламетрах ад цэнтра гораду.

На абарону Трыпалі высунуліся ўрадавыя войскі і лаяльныя ім атрады сіл самаабароны.

У той жа час адна з найбуйнейшых ісламісцкіх груповак – «Спецыяльныя сілы стрымлівання» (RADA), што раней падтрымлівала ўрад нацыянальнай згоды, заявіла пра пераход на бок Хафтара.

Краіны «вялікай сямёркі» ў суботу запатрабавалі неадкладна спыніць ваенныя дзеянні ў Лівіі – у першую чаргу гэта патрабаванне было адрасавана Хафтару. З заклікам пазбегнуць эскалацыі канфлікту выступіла і Рада Бяспекі ААН. Расея ж заявіла, што не варта «ў аднабаковым парадку прызначаць вінаватых», а лівійцы павінны самі вызначаць свой лёс.

У апошнія гады фельдмаршал Халіфа Хафтар наладзіў шчыльныя стасункі з Масквой. Хафтар некалькі разоў праводзіў перамовы з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу. Падчас візіту маршала ў Маскву ў лістападзе 2018 года на сустрэчы таксама прысутнічаў алігарх Яўген Прыгожын, які фінансуе «ПВК Вагнэра». Паводле СМІ, частку вагнэраўцаў летась перакінулі ў Лівію, дзе яны пачалі рыхтаваць байцоў арміі Хафтара. Таксама Расея пастаўляе яму ўзбраенне.

З таго часу, як у 2011 годзе быў зрынуты і забіты кіраўнік Муамар Кадафі, у Лівіі пануе палітычная нестабільнасць і двоеўладдзе. На захадзе краіны, у Трыпалі, размяшчаецца ўрад нацыянальнай згоды, сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасцю. На ўсходзе знаходзіцца парламент і армія пад камандаваннем фельдмаршала Хафтара.

У мінулы чацвер ён аддаў загад войскам наступаць на Трыпалі.

ІІ belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Hавiны