У нядзелю вечарам у Вільні запалілі вогнішчы перад тэлевежай, офісамі грамадскага радыё і тэлебачання , а таксама каля Сейму. 13 студзеня 1991 года літоўцы абаранялі гэтыя будынкі ад савецкай агрэсіі.
Драматычныя падзеі 1991 года сталі нагодай нядзельнай сустрэчы ў Сейме з іх ўдзельнікамі.
Вітаўт Ландсбергіс, першы кіраўнік адроджанай літоўскай дзяржавы, звярнуўся да абаронцаў свабоды і адзначыў, што «разам з ростам рэваншысцкіх настрояў у дачыненні да Расеі, Літва павінна захаваць дух свабоды і незвычайную волю да абароны».
«Вы ўвасабленне гэтага духу, які не можа капітуляваць. Трымайце яго, нясіце яго праз Літву, праз усе пакаленні, распаўсюджвайце сярод моладзі. Літва не можа капітуляваць», – падкрэсліў Ландсбергіс.
У нядзелю ўвечары ў віленскім акадэмічным храме св. Яна Хрысціцеля і св. Яна Евангеліста, адбыўся канцэрт «In memoriam».
Літва на працягу некалькіх дзён ушаноўвае памяць загінулых у 1991 годзе. У суботу каля 9 тысячаў чалавек прынялі ўдзел у дзевяцікіламетровым забегу «Дарога жыцця і смерці», які распачаўся на могілках Антокаль, месцам спачыну загінулых, і завяршыўся перад тэлевежай, дзе яны памерлі.
Сёння, у Дзень абаронцаў свабоды, а 8 гадзіне раніцы паводле мясцовага часу, ва ўсёй краіне ў вокнах школ, офісаў і кватэраў запалілі свечкі памяці. У Сейме таксама пройдзе ўрачыстая акадэмія. Апоўдні перад парламентам уздымуць дзяржаўны сцяг, а на Антокальскіх могілках адбудзецца ўшанаванне загінулых. У другой палове дня ў Віленскім саборы пройдзе ўрачыстая імша.
Сімвалам адзначэння Літоўскага Дня абаронцаў свабоды з’яўляецца сіняя кветка незабудкі. У гэты дзень незабудкі прымацоўваюць да вопраткі, размяшчаюць на профілях Fecebook. Штучныя кветкі ставяць у парках, перад дамамі і офісамі.
Літва стала першай краінай былога СССР, якая 11 сакавіка 1990 года прыняла Акт аб Незалежнасці. Парламент Літвы прыняў пастанову аб змены назвы Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў Літоўскую Рэспубліку і аднавіў яе традыцыйныя нацыянальныя сімвалы, у тым ліку і герб Пагоня.
Дзве іншыя Балтыйскія краіны рушылі ўслед за Латвіяй: Латвія і Эстонія. Гэта стала магчымым сярод іншым, дзякуючы таму, што ў другой палове 1980-х у СССР адбыўся стыхійны ўздым антысавецкіх настрояў і адраджэнне тэндэнцыяў да незалежнасці.
Напрыканцы 1980-х гадоў у межах палітыкі галоснасці і перабудовы, якую раней распачаў лідар СССР Міхаіл Гарбачоў, у Прыбалтыцы ўзніклі рухі за дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця. У Літве гэта быў «Саюдзіс». З цягам часу, узмацняючы грамадскае падтрыманне, краіны Балтыі пачалі патрабаваць большых вольнасцяў і свабоды, спачатку ў складзе СССР, а потым запатрабавалі поўнай незалежнасці. Канстытуцыя СССР была адхілена, пачалі ўводзіць уласнае заканадаўства.
Гарбачоў, які спачатку спадзяваўся, што дэмакратычныя рухі, якія ўзнікаюць у Прыбалтыцы, акажуць падтрыманне ягоным палітычным і эканамічным рэформам, пачаў турбавацца пра развіццё падзеяў. Па сённяшні дзень не зусім зразумела, якую ролю адыграў Гарбачоў у студзеньскіх падзеях у Літве. Лічыцца, што паралізаваны перспектывай распаду СССР, ён паддаўся тым сілам Крамля, якія вырашылі змагацца з мяцежнымі балтыйскімі рэспублікамі.
ПЯ belsat.eu паводле PAP