Літва прыняла афіцыйнае рашэнне па надпісах на помніку паўстанцаў Каліноўскага


Прэм’ер Літвы Саўлюс Сквярняліс – старшыня Камісіі па ўшанаванні памяці паўстанцаў. Фота – Ints Kalnins/Reuters/Forum

Імёны лідараў і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў будуць напісаныя на трох мовах. Літоўская ўрадавая камісія прыняла канчатковае рашэнне па гэтай справе, падае партал «Dzieje.pl».

23 красавіка Камісія па ўшанаванні памяці паўстанцаў пад старшынствам прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса афіцыйна зацвердзіла рашэнне запісаць імёны паўстанцаў на памятных дошках на літоўскай, польскай і беларускай мовах.

«Было прынятае рашэнне прыняць да ўвагі рэкамендацыі літоўскіх гісторыкаў: імёны паўстанцаў, сярод якіх лідары нацыянальнага ўздыму Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі, запісаць на мемарыяльных дошках на трох мовах», – гаворыцца ў заяве канцылярыі ўраду.

Пасля сустрэчы віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс пацвердзіў намер літоўскай дзяржавы запрасіць на цырымонію дэлегацыю з Беларусі.

Урачыстае перапахаванне паўстанцаў, якое адбудзецца ў капліцы на віленскіх могілках Росы ўвосень, будзе мець статус дзяржаўнай падзеі.

Ужо вядома, што Польшчу на ўрачыстасцях прадставіць прэзідэнт Анджэй Дуда або прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі.

Упершыню пра жаданне запрасіць на перапахаванне паўстанцаў Аляксандра Лукашэнку ў Літве заявілі 8 красавіка на прэсавай канферэнцыі па выніках даследавання парэшткаў паўстанцаў. На ёй адзначылі, што нашая краіна магла б дапамагчы з канчатковай ідэнтыфікацыяй Каліноўскага.

Беларускія ўлады пакуль не пацвердзілі свайго ўдзелу ў мерапрыемствах, а спецыялісты не бралі ўдзелу ў ідэнтыфікацыі парэшткаў.

На думку гісторыка Ігара Кузмініча, Менск «узяў паўзу», бо не можа адказаць на пытанне, кім для яго з’яўляецца Кастусь Каліноўскі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў