Літва хоча зрабіць для сябе немагчымай набыццё энергіі з БелАЭС


Гітанас Наўседа. Фота – Ints Kalnins/REUTERS/Forum

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прадставіў парламенту папраўкі да законаў, накіраваных на перадухіленне набыцця электраэнергіі ў краінах з небяспечнымі ядравымі электрастанцыямі, падае афіцыйная старонка прэзідэнта.

«Імпарт электраэнергіі, вырабленай такім чынам, небяспечны для навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя Літвы, стварае пагрозу для нашай нацыянальнай бяспекі. Таму зараз неабходна прыняць дадатковыя меры, якія абмяжуюць магчымасці такой электраэнергіі патрапіць на тэрыторыю Літвы», – заявіў Наўседа.

Папраўкі прадугледжваюць маментальнае адкліканне выдадзеных дазволаў на імпарт электраэнергіі з краін, дзе атамная станцыя прызнаная небяспечнай, і адмову ў выдачы новых.

Акрамя таго, Дзяржаўная служба па рэгуляванні энергетыкі зможа звярнуцца ў каардынацыйны камітэт па нацыянальнай бяспецы для праверкі імпарцёраў электраэнергіі. І калі будуць выяўлены магчымыя пагрозы нацыянальнай бяспекі Літвы, то служба зможа ануляваць дзеянне дазволу.

Два гады таму літоўскі Сейм заканадаўча прызнаў будаваную Астравецкую АЭС пагрозаю нацыянальнай бяспецы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю ды абмежаваў імпарт энергіі з Беларусі і Расеі.

Вільня сцвярджае, што ўчастак, на якой стаіць АЭС, знаходзіцца ў межах сейсмічнай зоны, і праект мае розныя сур’ёзныя недахопы.

Прэм’ер-міністр Літвы нават прапаноўваў Менску перарабіць ядравую станцыю ў Астраўцы ў газавую.

Пра адмову набываць энергію з БелАЭС заявіла таксама Польшча.

Менск абвяргае прэтэнзіі Вільні аб тым, што будучая станцыя з’яўляецца небяспечнай.

1-ы энергаблок Беларускай АЭС. 11 кастрычніка 2019 года. Фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Нядаўна стала вядома, што беларускую электраэнэргію зможа набываць Латвія – праз Расею.

«Гэты план прынялі пасля кансультацыяў паміж адказнымі міністэрствамі ўва ўсіх трох краінах Балтыі ды ўзгаднілі з Еўрапейскаю камісіяй. Ён будзе ўжывацца ў выпадку, калі Літва закрые мяжу з Беларуссю для гандлю электраэнергіяй з трэцімі краінамі для ўсяго Балтыйскага рэгіёну», – распавялі журналістам у МЗС Беларусі.

Дэпутат Сейму Літвы Мантас Адаменас прызнаўся «Белсату», што Вільню непакоіць тое, што Латвія набывае электраэнергію ў абмен за магчымасць здзяйсняць транзіт беларускіх грузаў па сваёй чыгунцы ў свае марскія порты.

«Канешне, Лукашэнка карыстаецца магчымасцю маніпуляваць [Латвіяй], але тое, што гэта нашыя дэмакратычныя браты і партнёры гэтага не разумеюць, і ломіць салідарнасць ненабыцця ядравай электраэнергіі з Астраўца пакуль там не будзе гарантыяў бяспекі, каб атрымаць таваразварот па сваёй чыгунцы – нас гэта непакоіць. У доўгатэрміновай перспектыве вялікай карысці ад гэтага не будзе».

Беларусь будуе атамную электрастанцыю ў Астраўцы супольна з карпарацыяй «Росатам» за грошы з расейскага крэдыту.

Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энергаблока запланаваны на пачатак 2020 года.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў