Ліквідацыя пенсіянераў, хвалі 5G і шпіёнская аперацыя. Усе тэорыі змовы пра каронавірус

Пандэмія каронавіруса справакавала лавіну хлусні ды трызнення. Боты, тролі і звычайныя людзі множаць сумнеўныя факты і наўмысную дэзынфармацыю пра SARS-CoV-2. Тэорыі змовы пра «сапраўдных» стваральнікаў новага каронавіруса ўвялі ў зман дзясяткі, а можа і сотні тысяч чалавек па ўсім свеце. Belsat.eu сабраў галоўныя небыліцы пра «карону» ў адным артыкуле.

Не ўсё тэорыі ўзнікнення новага каронавіруса, пералічаныя тут, можна назваць уласна тэорыямі змовы. Некаторыя з іх больш нагадваюць прадукт прапаганды, змяшаны з цалкам імавернымі (хоць і непацверджанымі) прычынамі распаўсюду SARS-CoV-2. А некаторыя – проста фэйкі.

Увага! Афіцыйная версія паходжання SARS-CoV-2 – кажаны

Навукоўцы сцвярджаюць, што новы каронавірус вельмі падобны да вірусаў кажаноў і яшчараў. Чалавек мог заразіцца ім ад прамежкавага носьбіта – іншая жывёліна (пакуль невядома, якая менавіта). Даследнік каронавірусаў Трэвар Бэдфорд упэўнены, што «вірус быў перададзены кажаном іншаму сысуну 20–70 гадоў таму».

Давайце паглядзім, што думаюць пра SARS-CoV-2 канспіролагі.

Вірус прывезлі ў Кітай амерыканскія «баевікі»

Паводле аўтараў гэтай канспіралагічнай тэорыі, амерыканскія «баевікі» прыехалі ў КНР у якасці ўдзельнікаў Сусветных вайсковых гульняў (адбыліся ў кастрычніку 2019 года ва Ухані). Тэорыя падмацаваная публікацыямі пра тое, што падчас Карэйскай вайны амерыканцы ўжо нібыта выкарыстоўвалі біялагічную зброю супраць кітайскай арміі (доказаў гэтага факту ў свой час не знайшлі нават савецкія дыпламаты). Адэпты «тэорыі баевікоў» таксама кажуць, што амерыканскія вайскоўцы падчас побыту ва Ухані жылі непадалёк ад рыбнага рынку, побач з якім зафіксавалі першыя выпадкі заражэння.

4 сакавіка 2020 г. Дэзынфекцыя аптовага рынку морапрадуктаў Хуанань у горадзе Ухань. Рынак спыніў працу 1 студзеня. Да закрыцця на ім можна было набыць: аслоў, баброў, кажаноў, сабак, кракадзілаў, вярблюдаў, пацукоў і шэраг іншых жывёлін (жывых і забітых). Фота: Reuters / Forum

Тэорыю пра амерыканскіх «баевікоў» у сакавіку падтрымала кітайскае МЗС.

«Калі ў Злучаных Штатах з’явіўся «нулявы пацыент»? Колькі людзей заразілася? Як называецца шпіталь? Магчыма, амерыканскія вайскоўцы прынеслі эпідэмію ва Ухань. Амерыка мусіць быць празрыстай!» – напісаў прэс-сакратар МЗС КНР Чжао Ліцзянь у сваім Twitterʼы.

Афіцыйны Вашынгтон выклікаў у звязку з гэтым кітайскага амбасадара на дыван. Але гэта мала што змяніла – публікацыі пра «амерыканскі след» з’явіліся ў шэрагу краінаў, дзе ЗША не надта любяць.

Напрыклад, у газеце «Красная звезда», якую фінансуе Мінабароны РФ, зʼявіўся артыкул «Коронавирус: американская биологическая война против России и Китая». Аўтары артыкула сцвярджаюць, што «Вашынгтону выгадна, каб новая пнеўманія выбіла з каляіны іхных галоўных канкурэнтаў». Разам з публікацыямі ў медыях на Вашынгтон абрынулася хваля крытыкі ў сацсетках. Вонкавапалітычнае ведамства ЗША палічыла, што за гэтым стаіць расейская фабрыка троляў.

На тле рэзкага скачка выпадкаў інфікавання ў Іране, мясцовы эксперт Ali Akbar Raefipour (амаль 100 тыс. падпісчыкаў у Twitter’ы) назваў каронавірус элементам «гібрыднай вайны» супраць Ірану і Кітаю. А былы прэзідэнт Ірану Махмуд Ахмадзінежад нават накіраваў ліст у ААН, у якім сцвярджаў, што COVID-19 – «новая зброя для стварэння і/або падтрымання палітычнага і эканамічнага вяршэнства на сусветнай арэне». У ЗША на той момант ужо было 554 выпадкі інфікавання.

Паводле Middle East Media Research Institute, некалькі досыць уплывовых выданняў у Саудаўскай Аравіі, Егіпце і Сірыі без усялякіх «але» назвалі каронавірус амерыканскім інструментам эканамічнай і псіхалагічнай вайны супраць КНР.

Вінаватыя кітайскія навукоўцы з Уханьскага інстытуту вірусалогіі

Паралельна з кітайскім прадуктам прапаганды паўстаў «амерыканскі канспіралагічны адказ» – новы каронавірус зрабілі ва Уханьскім інстытуце вірусалогіі, сцвярджалі аўтары артыкулу ў «The Washington Times». Пазней выданне апублікавала абвяржэнне гэтай інфармацыі, а «The Financial Times» апублікавала меркаванне Трэвора Бэдфорда, аднаго з найлепшых адмыслоўцаў у галіне каронавірусаў, які заявіў пра адсутнасць прыкметаў геннай інжынерыі ў SARS-CoV-2. Усё марна. Тэорыя змовы пачала жыць сваім жыццём.

У лютым амерыканскі сенатар Том Котан высунуў гіпотэзу, што каронавірус можа быць кітайскай біялагічнай зброяй. Палітыку канешне давялі, што ён не мае рацыі. Аднак вентылятар усцяж круціцца.

Між тым больш стрыманыя прыхільнікі тэорыі «Кітай вінаваты» не выключаюць, што вірус выпадкова трапіў у свет.

Навуковы супрацоўнік Уханьскага інстытуту вірусалогіі Кітайскай акадэміі навук Чжоў Пэн, аўтар навуковага артыкула пра каронавірус кажаноў, які выклікае дыярэю ў парасят. Фота 2018 года: Кітайскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа

«Новы каронавірус – гэта прырода, якая пакарала чалавецтва за захаванне нецывілізаваных звычак. Я, Шы Чжэнлі, клянуся сваім жыццём, што гэта не мае нічога агульнага з нашай лабараторыяй», – сказала даследчыца Уханьскага інстытуту Шы Чжэнлі выданню «South China Morning Post». Ейную навуковую працу пра вірусы кажаноў звязалі з распаўсюдам COVID-19.

Кітай скраў «карону» у Канады

26 студзеня 2020-га рэсурс zerohedge.com апублікаваў артыкул «Did China Steal Coronavirus From Canada And Weaponize It?» («Кітай скраў каронавірус з Канады і зрабіў яго сваёй зброяй?»). Артыкул разышоўся ў інтэрнэце шматмільённым тыражом і стаў падставаю для тэорыі змовы пра «шпіёнскую аперацыю». Праўда, пачалося ўсё з сюжэту Канадскай радыёвяшчальнай карпарацыі (CBC) ад 15 ліпеня 2019 года. У ім сцвярджалася, што National Microbiology Lab (канадская лабараторыя, якая займаецца даследваннем вельмі небяспечных вірусаў) спыніла супрацу з кітайскімі навукоўцамі. Прынамсі з адным навукоўцам раставанне адбылося на фоне парушэнняў палітыкі арганізацыі («policy breach»), удакладняе factcheck.org. Сваю інтэрпрэтацыю гэтай гісторыі ў Twitter’ы 25 студзеня апублікаваў менеджар інвестыцыйных праектаў з ЗША Кайл Бас (Kyle Bass).

Бас апублікаваў спасылку на сюжэт CBC і ад сябе (у сюжэце гэтай інфармацыі не было) назваў кітайскіх навукоўцаў з канадскай лабараторыі шпіёнамі, якіх выгналі з лабараторыі за тое, што яны выслалі вірусы ва Ухань. Публікацыю твітнулі 14 тыс. разоў. Неўзабаве (29 студзеня) CBC апублікавала рэпартаж пра тое, як сюжэт ператварыўся ў тэорыю змовы. Кіраўнік аддзелу PR Мінздароўя Канады заявіў, што шпіёнская версія «не мае фактычнага падмурку». Твіт Баса ўсцяж збірае падабайкі і рэтвіты. Яго ніхто не выдаліў.

«Ценявы ўрад» хоча знішчыць пенсіянераў

Адна з самых распаўсюджаных канспіралагічных тэорыяў. У асноўным яна функцыянуе ў кухонных размовах. А яе прыхільнікі мяркуюць, што прадстаўнікі палітычнага істэблішменту ўступілі ў змову і пры дапамозе каронавіруса спрабуюць пазабіваць пенсіянераў і вырашыць праблему «старога насельніцтва». У Беларусі ў якасці доказу на карысць гэтай тэорыі прыводзяць інфармацыю пра скарачэнне на Br 120 памеру «грабавых» – грошы, якія выдаюцца на пахаванне.

Дзяды на могілках у беларускай вёсцы Стараельня. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

«Лукашэнка не ўводзіць каранцін, бо хоча пазабіваць пенсіянераў, каб менш пенсіяў трэба было плаціць. А «грабавыя»? Ён прыбраў іх няпярэдадні эпідэміі [на самой справе памер дапамогі на пахаванне прывязаны да сярэдняга заробку, які сёлета ўпаў]», – распавёў Belsat.eu адзін з прыхільнікаў гэтай тэорыі змовы.

Стваральнікам амерыканскай версіі гэтай тэорыі называюць ультраправага блогера і прыхільніка руху антывакцынацыі Джордана Сатэра (200 тыс. падпісчыкаў на YouTube). Ён намякае, што да спробы зменшыць колькасць пенсіянераў у свеце можа мець дачыненне брытанскі «Pirbright Institute», які два гады таму атрымаў патэнт на даследаванне вакцыны ад каронавіруса і Біл Гейтс (ягоны фонд Bill & Melinda Gates Foundation нібыта браў удзел у фінансаванні гэтага даследавання).

Блогер распаўсюдзіў праз Twitter інсінуацыю пра тое, што Біл Гейтс хацеў зарабіць на вакцыне ў часы пандэміі. Паводле Сатэра, успышка каронавіруса адбылася, каб прыцягнуць дадатковыя сродкі на стварэнне вакцыны, а высокая смяротнасць людзей сталага веку – пабочны эфект гэтага плану. «Pirbright Institute» патлумачыў, што атрымаў дафінансаванне на даследаванні птушынага каронавіруса, а не SARS-CoV-2.

Джордан Сатэр – адэпт тэорыі змовы, паводле якой Дональд Трамп прызначаны прэзідэнтам ЗША вайскоўцамі для выратавання нацыі ад сатаністаў-педафілаў (да іх блогер адносіць і заснавальніка «Microsoft» Біла Гейтса).

Тэхналогія 5G аслабляе імунітэт. SARS-CoV-2 гэтым карыстаецца

4 красавіка Бі-бі-сі паведаміла, што жыхары Бірмінгема, Ліверпуля і вёскі Мелінг, што ў графстве Мерсісайд падпалілі вышкі 5G. Напярэдадні вандалы паглядзелі на YouTube і ў Facebook’у відэа пра эпідэмію каронавіруса ў прыгарадзе Ліверпуля. У відэароліку распавядалася, што вірус нібыта перадаўся жыхарам па сотавай сувязі 5G. Натуральна, што гэта не так. Проста людзі паглядзелі абноўлены прадукт канспіралагічнай ілжэтэорыі.

Яшчэ ў 2019 годзе расейскі канал «RT America», які вяшчае ў ЗША, выпусціў сюжэт пра 5G, які «можа вас забіць». Відэа стала амаль кананічным для «алюмініевых капялюшыкаў» (адэпты гэтай тэорыі змовы носяць алюмініевые галаўныя ўборы, каб абараніцца ад хваляў 5G). На сюжэт RT рэгулярна спасылаюцца ў фэйкавых навінах. «Алюмініевыя капялюшыкі» прысутнічаюць амаль ва ўсіх сацсетках.

Грамадская арганізацыя праверкі фактаў «Full Fact» адзначае, што на тле пандэміі сеціва запаланілі дзве асноўныя ілжэтэорыі пра 5G – пра тое, што 5G знішчае імунную сістэму, і пра тое, што каронавірус можа выкарыстоўваць радыёхвалі, каб выбіраць ахвяраў для хуткага распаўсюджвання. Прыхільнікі абедзвюх тэорыяў звязваюць пачатак эпідэміі ва Ухані з запускам 5G.

У цябе каронаідыятызм ці гэта ўсё каронапсіхоз? Тэст

ЮВ belsat.eu

Hавiны