Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ


«Белсат» публікуе ўнікальныя кадры, зробленыя кіроўцам роты дэгазацыі і дэзактывацыі Сяргеем Шалькевічам у чарнобыльскай зоне восенню і зімой 1986 года.

У 1986 году Сяргею Шалькевічу споўніўся 21 год. Некалькі месяцаў таму ён вярнуўся з войска – а цяпер атрымаў новую позву.

«На першых позвах на зборы для ўдзелу ў ліквідацыі была чырвоная паласа, уручаць іх прыходзілі з міліцыяй. Калі людзі пачалі звальняцца з працы і збягаць, дасылаць сталі звычайныя позвы на вучэбныя зборы на 25 сутак, – распавядае мужчына. – Такая прыйшла і мне. Я тады ўзрадаваўся, што не Чарнобыль».

Калі Шалькевіч прыехаў у Менск, калона з машын і аўтобусаў з прызванымі з запасу жыхарамі Менскай вобласці расцягнулася ад вакзалу да плошчы Мяснікова. Пасля гэтага іх адправілі ў пасёлак Аколіца, дзе сфармавалі полк для ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Там з аўтобусаў і машынаў вывелі ўсіх, хто паспеў па дарозе выпіць, а таксама раней судзімых. Цяпер мужчына горка жартуе, што ў Чарнобыль паехалі маладыя, здаровыя і цвярозыя.

Сяргей Шалькевіч (у цэнтры) з таварышамі недалёка ад Брагіна. Канец кастрычніка або пачатак лістапада 1986 года

«Астатнім зачыталі загад аб прызыве на спецыяльныя зборы для ліквідацыі, папярэдзіўшы, што ў выпадку самавольнай адлучкі – тры гады пазбаўлення волі», – працягвае Сяргей.

Атрымаць іх Сяргей мог ужо праз некалькі месяцаў.

«Наш ротны паехаў у Берасце атрымліваць кватэру. Тады мы вырашылі цягнуць запалку, хто на час яго адлучкі з’ездзіць дадому. Выцягнуў я. Калі б злавілі, мяне чакаў бы паказальны суд, каб іншым было непанадна. Але я тады пра гэта не думаў – ці шмат у нас мазгоў у 20 гадоў?», – кажа ён.

Вяртаючыся з родных Стаўбцоў у зону, Сяргей захапіў з сабой «Змену 8М» і некалькі плёнак. Менавіта таму ў яго калекцыі няма здымкаў пачатковага перыяду службы: першыя фотаздымкі зроблены ўвосень 1986-га.

Барацьба з радыяцыяй віламі

У чарнобыльскай зоне Сяргей Шалькевіч стаў кіроўцам пажарнага ўзвода ў роце дэгазацыі і дэзактывацыі, які ездзіў абмываць пабудовы і аўтатранспарт у адселеных вёсках і на самой АЭС.

«Партызаны» ў намётавым мястэчку палка, які стаяў паміж адселенай вёскай Бабчын і пасёлкам Рудакоў. Восень 1986 года

У батальёне Сяргея былі практычна адны вайскоўцы запасу – «партызаны».

«І Лягасаў [Валерый Лягасаў – член урадавай камісіі па расследванні прычынаў і па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. – Заўвага «Белсат»], і ўсе астатнія падпісаліся б пад словамі, што самую брудную працу зрабілі менавіта «партызаны». У нас было ўсяго два жаўнера тэрміновай службы», – распавядае Сяргей.

Сяргей Шалькевіч каля будынку камендатуры Брагінскага гарнізону

У жылых палатках жыло па 36-38 чалавек. Для абагрэву выкарыстоўваліся печкі-буржуйкі. Дровы ніхто не дастаўляў – і салдаты тапілі мясцовымі. З-за гэтага кожная буржуйка станавілася міні-рэактарам. Сяргей упэўнены, што хлопцы, якія жылі ў гэтых палатках, нахапаліся радыяцыі больш, чым ліквідатары на самой станцыі.

«У іх потым кроў бралі – і ва ўсіх была дрэнная», – кажа Сяргей.

Якое апрамяненне яны атрымалі – нікому не расказвалі. Усім пісалі аднолькава – ад 5,7 да 10,5 рэнтген, дадае мужчына.

«Працаўнікі лабараторый, якія перадавалі статыстыку аб заражанасці наверх, чулі:

«Вы, чо – ашалелі? Столькі быць не павінна, паменшыце». І яны змяншалі. Тыя, што наверсе, перадаючы лічбы далей, таксама чулі: «Паменшыце». Калі пасля вяртання з Чарнобыля хтосьці гаварыў у Менску пра свае дозы апраменьвання, то чуў, што, паводле статыстыкі, такіх доз не было», – кажа Сяргей.

У намётавым гарадку зімой 1986 года

«Зіма 1986-га была вельмі моцнай. Калі мы выязджалі ў 30-кіламетровую зону, то ў некаторых месцах ехалі ў снезе як у тунэлі, а праезд для нас расчышчалі адмысловыя машыны», – распавядае ліквідатар.

Таварыш па службе Сяргея Шалькевіча перад намётам, дзе жылі «партызаны» з пажарнага ўзвода роты дэгазацыі і дэзактывацыі

Па словах Шалькевіча, у намётавым мястэчку або ў адселеных вёсках здымаць можна было без праблем.

«Жыхароў у іх не было, а за намі ніхто не ездзіў. Вёскі ажывалі, калі туды прыязджала рота дэгазацыі і дэзактывацыі: па кожным двары расстаўлялася група салдат, каб зняць пласт зямлі і ачысціць пабудовы перад зносам», – успамінае ліквідатар.

Вайсковец з роты хімічнай разведкі замярае ўзровень радыяцыі ў адной з адселеных беларускіх вёсак. Пасля гэтага вынікі ўзроўню радыяцыі наносіліся на карту забруджаных тэрыторый
Сяргей Шалькевіч перад сваім «ЗіЛам 133»

Акрамя пажарнай машыны ва ўзводзе Шалькевіча была другая машына – для перавозкі людзей.

«Гэта не ваенная, а звычайная машына. Іх канфіскоўвалі ў розных арганізацыяў, яны былі добрай якасці, практычна ўсе новыя, – узгадвае Сяргей. – Перыяд ліквідацыі аварыі на ЧАЭС супаў з кароткім прамежкам, калі машыны перакладалі на газ – на фатаграфіі за паліўным бакам бачныя газавыя балоны».

«ЗіЛы 133» для перавозкі людзей на сельскай дарозе. «Гэта выпадковая фатаграфія: я зарадзіў плёнку і наўздагад пстрыкнуў самы першы кадр – ён звычайна бывае засвечаны. На справе аказалася, што здымак апынуўся адным з самых каштоўных», – распавядае аўтар
«Партызан» з віламі ў адной з адселеных вёсак на Гомельшчыне

Падчас дэзактывацыі вёсак «партызанам» часта не давалі ніякага інструмента. У дамы заходзіць было нельга, але ў гаспадарчыя пабудовы – можна. Гэтыя вілы адзін з салдат узяў менавіта там, распавядае ліквідатар.

«Мы тады часта жартавалі, што змагаемся з радыяцыяй вось такімі падручнымі сродкамі», – кажа Шалькевіч.

Афіцэр роты хімічнай разведкі з дазіметрам. «Гэта магутны прыбор, які паказваў ўзровень радыяцыі адразу», – удакладняе фатограф
Кіроўцы на стаянцы перад адным з «ЗіЛаў» для перавозкі салдат. За кабінай бачная пажарная машына
Адзін з «партызанаў» каля жылога намёту
Роўна палова людзей аднаго з намётаў збіраецца на абед. Ліквідатары трымаюць у руках салдацкія саганкі. «Звярніце ўвагу, які розны ўзрост у мужыкоў», – кажа Шалькевіч

«Вяртаецеся героем альбо зэкам»

Шалькевіч разумеў, што дадому фотаапарат ужо не прывязе – праз радыяцыю. Але ў Стаўбцы камера не вярнулася па іншай прычыне.

Праз некаторы час пасля вяртання з самаволкі яго ўзвод адправілі на АЭС.

«Калі жаўнеры выскачылі з кузаву і скіраваліся на працу на блоку, нам, кіроўцам, загадалі чакаць вяртання каля сваіх машын. Першае, што мы пабачылі – КрАЗ з разрэзанай напалам кабінай, дзе засталася толькі частка кабіны з боку кіроўцы, абабітая свінцовымі пласцінамі – мабыць праз эканомію. Свінцом былі абшытыя таксама ўсе трактары і бульдозеры, з-за гэтага складана было вызначыць іх марку. Дзверы ў кабіны гэтых трактароў адкрываліся «колам», як у падводных лодках. Калі я ўсё гэта ўбачыў – у мяне пачаўся мандраж. Я прыўзняў маску і запаліў. Нам тады ніхто не патлумачыў, што самае небяспечнае ў чарнобыльскай зоне – тое, што там удыхнеш. Форму можна змяніць, можна прыняць душ, але тое, што ў лёгкіх – ужо застанецца там назаўсёды», – распавядае Шалькевіч.

Пасля гэтага Сяргей вырашыў зняць усю гэтую тэхніку.

«Я разумеў, што больш крутых фотаздымкаў у мяне не будзе», – кажа ён.

І хоць ніхто, акрамя яго дваіх таварышаў, камеру ў той момант не бачыў, на раніцу Сяргея выклікалі ў штаб да «асабістаў», супрацоўнікаў Асобага аддзела – падраздзялення ваеннай контрвыведкі ў складзе Савецкай арміі.

«Я пачаў перабіраць у галаве ўсе магчымыя вушакі – і нічога не мог прыгадаць. Прыходжу – сядзіць капітан, усміхаецца і адразу пытанне: «Плёнка дзе?». І да мяне дайшло. Я: «Якая плёнка?». Ён мне: «Малады чалавек, не дурыце галаву, няма часу. Вы зараз выйдзеце, падумаеце хвілін пяць і зробіце выбар: альбо вы вяртаецеся дадому героем, альбо зэкам». Я потым увесь час думаў, хто мог данесці – бо мы былі толькі ўтрох. Не ведаю да гэтага часу», – распавядае Шалькевіч.

Замест 25 сутак Сяргей Шалькевіч правёў у чарнобыльскай зоне нават не тры месяцы, а цэлыя паўгода.

«Тэрмін прызыву на спецыяльныя вайсковыя зборы абмяжоўваўся трыма месяцамі, але пакуль мы там былі, яго павялічылі ў два разы. Магчыма, не хапала людзей, а, магчыма, вырашылі, што раз яны ўжо нахапаліся, то лепш дзяржава разлічыцца толькі з імі – і, як у адной са сцэнаў нядаўна знятага серыяла «Чарнобыль», дасць 400 рублёў – і «не забудзе». Я не люблю слова «льготы»: гэта былі гарантыі. Але радзіма паслала – радзіма забылася», – падсумоўвае ён.

Сяргей вельмі хацеў бы зірнуць на канфіскаваную плёнку, але не верыць, што гэта магчыма: цяпер яму не выдаюць нават простую даведку аб тым, што менавіта ён рабіў у Чарнобылі.

«Пасля вяртання адтуль у мяне пачаліся насавыя крывацёкі і падскокваў ціск. Каб разабрацца са здароўем, я пайшоў у архіў і папрасіў выдаць даведку аб тым, кім я быў у зоне і што выконваў. Высветлілася, што карты доз апрамянення ў архіў не здаваліся. Я хацеў паглядзець у вочы сваім камандзірам, але высветлілася, што частка расфармаваная. Яе няма».

Праз дзевяць гадоў пасля Чарнобыля Сяргея прызналі інвалідам. Медыкі пацвердзілі, што частка ягоных хваробаў выкліканая катастрофай на ЧАЭС.

Дзяніс Дзюба, Якуб Бернат, фатаграфіі з архіва Сяргея Шалькевіча/ІР

Стужка навінаў