Лідзія Міхайлаўна без іх бы не справілася, а мы іх – забудзем

Гераіняй тыдня, безумоўна, стала Настасся Кулічкова – тая самая педагог-псіхолаг з дзіцячага садка ў Берасці, якая спрабавала закінуць адразу некалькі бюлетэняў (па яе словах – адзін, складзены тры разы) у скрыню для галасавання. Усё гэта трапіла на відэа, знятае назіральнікам.

Начальніца Кулічковай распавяла журналістам, што тая ў шокавым стане, на працу не выходзіць, слухаўку не здымае: «Ёй трэба адысці і асэнсаваць усё гэта… Дзяўчына далікатная, дзяўчына хатняя. І калі вось гэта ўсё…» – сцвярджае Таццяна Мосіна, якая паралельна з’яўляецца старшынёй участковай камісіі, па якой і адбыўся інцыдэнт.

ВІДЭА
Назіральнік злавіў дзяўчыну, якая спрабавала ўкінуць пачку бюлетэняў на выбарчым участку
2019.11.13 15:14

Не Караеў з Паўлючэнкам, а цётачка з начосам

Ненавідзець Лукашэнку ці Ярмошыну – проста. Амбала-АМАПаўца, які цягае за валасы дзяўчат-актывістак – таксама. Амаль усе мы да гэтага звыкліся. А вось ненавідзець «далікатную хатнюю дзяўчыну» або цётачку-начальніцу, якая ўступілася за яе сцяной, як мамка родная, не так і проста. Іх жа прымусілі, іх бы звольнілі, каб не яны, то іншыя… – такое таксама даводзіцца чытаць у сацсетках. Але каб не яны, «далікатныя і хатнія», не было б у нас ані Лукашэнкі, ані Ярмошынай, ані амбалаў-АМАПаўцаў.

Паглядзіце на парушэнні, масавыя «загоны» на датэрміновае галасаванне, запалохванні і шантаж па ўсёй краіне. Займаюцца гэтым не спецслужбы з аўчаркамі, не яны ходзяць па інтэрнацкіх пакоях, не Караеў, не Паўлючэнка, не! Дастаткова ўсяго толькі цётачкі з начосам, якая перапужае «хатніх і далікатных» дзяўчат размеркаваннем у Астравец (чытай – ссылкай).

Датэрміновае галасаванне. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Яны, далікатныя, пойдуць і прагаласуюць. Каб не падставіць выкладчыцу. Каб не падставіць групу. Бо ўсё адно выбараў няма і нічога не зменіцца, праўда ж? Бо ўсе так робяць. Гадамі. І так працуе Беларусь. І калі наіўныя назіральнікі будуць лезці да іх са сваймі дзіўнымі пытаннямі пра «будучыню краіны», хатнія дзяўчаты змаўчаць або наўпрост пакруцяць пальцам у скроні. Праўда ж, ну якая можа быць будучыня ў краіны, дзе студэнтаў страшаць ссылкай?

Грамадзяне і вінцікі, людзі і «пацукі»…

Асабіста мяне ўразіла гісторыя 17-гадовай Алены Шмігель, якая зняла і даслала ў медыя ролік, на якім выкладчыца настойліва пераконвае студэнтаў галасаваць датэрмінова. Зразумела, відэа стала вірусным. Зразумела, дзяўчыну вылічылі ў родным ВНУ. Зразумела, пачалі цкаваць… Але хто? Аднагрупнікі! Са словаў Алены, яе назвалі «пацуком», маўляў, «здрадзіла», «падставіла», «здала» і г.д.

Выкладчыца, якая агітавала галасаваць датэрмінова аднагрупнікаў Алены апелявала да «грамадзянскага абавязку». Алена, якую зараз цкуюць аднагрупнікі, сказала журналістам, што выклаўшы відэа «выканала свой грамадзянскі абавязак». Атрымліваецца, што ў нас і грамадства, і абавязкі ў дачыненні да яго – розныя. Адно, што ў першым выпадку правільней сказаць – «сістэмны абавязак». А толькі ў другім – «грамадскі» або «чалавечы».

Мяркую, што ў чалавека не можа быць ніякага «сістэмнага абавязку». Бо сістэма – гэта пра свет машынаў, якія служаць свайму гаспадару. «Грамадскі абавязак» – гэта пра грамадства, дзе людзі дамаўляюцца і выбудоўваюць правілы, каб паспяхова, мірна і заможна жыць разам. Лідзіі Міхайлаўне людзі і грамадзяне, як бачым, зусім не патрэбныя. Патрэбныя – дэталі вялікай машыны. Дэталі, без якіх бы яна ніколі не справілася са сваёй нялёгкай ношай.

Адзін з выбарчых ўчасткаў у Менску. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Усё забыць, усіх прабачыць…

Важна таксама тое, што чарговыя выбары хутка мінуць. І мы паспяхова ўсё і ўсіх забудзем. Севярынец чарговы раз пасварыцца праз геяў з ПЭН-цэнтрам або піцерскі прафесар-напалеаніст адрэжа некаму рукі.

Скаргі ў выбарчыя камісіі ад назіральнікаў пакрыюцца пылам, кандыдаты ад апазіцыі сыдуць у працу і сям’ю, а Настасся Кулічкова – пойдзе туманным ранкам у дзіцячы садок выхоўваць дзетак.

Тых дзетак, у якіх яна скрала будучыню. Беларусы, «хатні і далікатны» народ, усё прабачаць.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў