«Лесбіянкі хай будуць, а піда***аў за горад у рэзервацыі». Былы кіраўнік МЗС Польшчы распавёў пра перамовы з Лукашэнкам


Аляксандр Лукашэнка і Радослаў Сікорскі паціскаюць рукі. Менск. 2 лістапада 2010 г.

Улетку ў кніжных крамах Польшчы з’явілася кніга былога кіраўніка польскай дыпламатыі Радослава Сікорскага «Польшча можа быць лепшай» (Polska może być lepsza). У ёй аўтар аналізуе пазіцыю Польшчы на міжнароднай арэне. У адным з раздзелаў Сікорскі распавядае пра свой візіт у Менск і перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Радаслава Сікорскага адбылася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У сустрэчы таксама браў удзел былы міністр замежных справаў Нямеччыны Гідэ Вэстэрвэле (Guido Westerwelle).

Гідэ Вэстэрвэле – міністр замежных справаў Нямеччыны 2009-2013 гг. Адкрыты гей. У 2016 годзе ён памёр ад наступстваў лейкеміі.

«Наша еўрапейскасць пабудаваная не толькі на талерантным стаўленні да нацыянальных меншасцяў, але і да сексуальных меншасцяў», – цытуе сам сябе Сікорскі. – Лукашэнка паглядзеў на мяне як на варʼята, і вытрымаўшы паўзу, са здзіўленнем кажа: «Але ў нас у Беларусі няма ніякіх сексуальных меншасцяў». Польская і нямецкая дэлегацыі пераглядаюцца, і ўжо ўсе, хто сядзіць за сталом, пачуваюцца варʼятамі, але я вырашаю працягваць тэму і звяртаюся да яго, як да пацыента: «Спадар прэзідэнт, я разумею, што Беларусь мае сваю спецыфіку. Але гіпатэтычна, калі такія меншасці зʼявяцца, то вы будзеце ставіцца да іх талерантна?» Лукашэнка глядзіць то на мяне, то на Вэстэрвэле, і пасміхаючыся кажа: «Ну, не ведаю, не ведаю… А… лесбіянкі хай будуць… можна нават паглядзець. А піда***аў мы ў аўтобусы і вывезем за горад у рэзервацыі».

Ужо пасля выбараў на прэс-канферэнцыі для расейскіх медыяў Аляксандр Лукашэнка назваў гэтую размову з Сікорскім і Вэстэрвэле непаразуменнем.

«Пакрыўдзіўся Вэстэрвэле, што я там выказаўся, што я не прымаю… як гэта называецца…. гэтых гома… не, мужык з мужыком – гэта што? Гомасексуалізм. Я не ведаў, чэсна. Мне міністр напісаў, што ў яго [што Вэстэрвэле гей. – Заўв. Belsat.eu], я не дачытаў гэтую даведку», – распавёў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, калі Сікорскі спытаў у яго пра стаўленне да асобаў з гомасексуальнай арыентацыяй, ён пачаў разважаць на гэтую тэму: «Я і пачаў разважаць, што калі лесбіянства, то мы, мужыкі, вінаватыя. Калі жанчына з жанчынай, то гэта цярпіма. Але, кажу, калі ўжо гэты гомасексуалізм, то гэта жах».

Падчас той прэс-канферэнцыі Лукашэнка заявіў, што не хацеў нікога пакрыўдзіць. «Я са здзекам гэта сказаў. Ну, і гэты Вэстэрвэле сядзіць побач. Божа мой, я каюся да гэтага часу, думаю, хто мяне за язык цягнуў. А ён мне да гэтага часу гэта прыгадвае. Ды я не пакрыўдзіць яго хацеў. Напрамілы бог, калі яму гэта падабаецца і там гэта прынята, але гэта за мяжою майго разумення. Я гэта шчыра сказаў», – патлумачыў Лукашэнка.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў