Святары з розных краін, якія падпісалі адкрыты ліст у абарону фігурантаў «маскоўскай справы» – гэта спроба ўдзелу ў праваабарончай дзейнасці, якая фактычна ператварылася ў палітычную дэкларацыю.
Такое меркаванне выказаў журналістам намеснік старшыні Аддзелу па ўзаемаадносінах царквы з грамадствам і медыямі Маскоўскага патрыярхату Вахтанг Кіпшыдзэ.
«Так, гэтыя святары адчуваюць грамадскі запыт на справядлівасць і паспрабавалі яго задаволіць як змаглі, магчыма, шчыра перажываюць за лёс тых, хто знаходзіцца ў няволі. […] Аднак ім павінна быць вядома, што палітычнымі дэкларацыямі можна змагацца толькі з уладамі, а не змяняць свет паводле ісціны Хрыстовай, але справа ў тым, што барацьба з уладай ніколі не была і не будзе місіяй Царквы», – цытуе прадстаўніка РПЦ ТАСС.
«Мне падаецца, што нашмат больш разумным было б гэтым неабыякавым святарам зладзіць збор сродкаў на дасведчанага адваката, які мог бы, сапраўды, дапамагчы», – дадаў Кіпшыдзэ.
18 верасня партал «Правоcлавие и мир» апублікаваў адкрыты ліст, які падпісала больш за 40 святароў Рускай праваслаўнай царквы, Украінскай праваслаўнай царквы і Беларускай праваслаўнай царквы. Святары заклікалі ўладу да перагляду судовых рашэнняў у выглядзе турэмных тэрмінаў, якія атрымалі фігуранты «маскоўскай справы».
«Маскоўская справа» – некалькі крымінальных справаў, якія расейскія праваахоўнікі завялі на ўдзельнікаў пратэстаў супраць нядопуску незалежных кандыдатаў да ўдзелу ў выбарах у Масгардуму.
ЮВ belsat.eu