«Ленін – гэта брокалі!» У Менску адкрыўся фестываль нефільтраванага кіно


Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно праходзіць у Менску ў пяты раз. Belsat.eu пабываў на адкрыцці і высвятляў, што чакае гледачоў фэсту ў выходныя.

Фрагмент з фільму «Eat me!» Іліны Перыянавай

Галерэя «Ў» на Кастрычніцкай, падаецца, ідэальнае месца для правядзення падобных імпрэзаў: сюды як пчолы на мёд злятаецца творчая моладзь сталіцы. На міжнародны фестываль, што робіцца цалкам на валанцёрскіх пачатках, ужо каторы год прыехала нямала замежных рэжысёраў. Вялікая Брытанія, Іспанія, Швецыя, Нямеччына, Кітай ды іншыя краіны. Пазаконкурсная праграма, што была паказана на адкрыцці, складалася з фільмаў самай рознай тэматыкі. Каб паказаць учора сваё кіно ў сценах вядомай беларускай галерэі, дастаткова было толькі прыехаць асабіста і прадставіць свой твор.

Першае, што кідаецца ў вочы шараговаму наведніку кінафестывалю: ангельская мова, якую чуваць адусюль і партрэт Леніна (лагатып фестывалю).

«Ленін – гэта сімвал, – тлумачыць адна з арганізатарак імпрэзы Дзіяна Кор, – гэта асэнсаванне нашага савецкага мінулага: дзе яно і ці мінулае гэта ўвогуле. Мы не выхваляем, не ганім, мы проста падымаем пытанне».

Перформанс тэатру «EYE»

Асэнсаваннем савецкага правадыра займаўся і эксперыментальны тэатр «EYE», які ўпрыгожыў вечар цудоўным перформансам з Леніным у зялёным парыку. «Ленін – гэта не грыб, Ленін – брокалі», – вяшчаў актор са сцэны.

Фэст вырас з іншага падобнага фестывалю – Cinema Perpetuum Mobile: ягоныя арганізатары ў пэўны момант заўважылі, што па-за конкурсам застаецца вельмі шмат годных для паказу фільмаў і было вырашана зрабіць для іх асобны фестываль.

Замежныя рэжысёры кароткаметражак

Разынкай учорашняга вечару стаў фільм «Lost in the mountains» кітайскага рэжысёра пра горны народ эвенкаў, які на сённяшні дзень ужо выселены з гор кітайскім урадам. Дзеля здымак аўтар жыў некаторы час у гарах і збіраў гісторыі мясцовых жыхароў. Сваім фільмам рэжысёр намагаецца захаваць памяць пра эвенкаў.

Кітайскі рэжысёр Bokai Zhang справа

Усе замежныя госці прыязджаюць за свой кошт, у фестывалю няма спонсараў, а арганізоўваюць яго тры валанцёры.

«У Беларусі часта кажуць, што ўсё кепска, я лічу, што недастаткова проста казаць, трэба яшчэ і нешта рабіць. Асабіста для мяне важна паказаць, што да нас могуць прыязджаць замежныя рэжысёры, што яны могуць цікавіцца Беларуссю», – расказвае адная з арганізатарак Дзіяна Кор.

Гэтак, напрыклад, нямецкі рэжысёр Томас Кемніц, які прадставіў учора дзве сваіх кароткаметражкі, упершыню ў Беларусі. Ён працуе з тэмай Другой сусветнай вайны, і таму яму было цікава наведаць нашую краіну.

Фестываль нефільтраванага кіно

Са словаў арганізатаркі фестывалю, імпрэза зʼяўляецца своеасаблівым натхненнем і для мясцовых творцаў, ім важна паказаць, што ў нас ёсць таксама пра што здымаць. Напрыклад, летась «Нефільтраванае кіно» наведаў амерыканскі рэжысёр Майкл Флорэз. Ён натхніўся краінай і зняў кіно пра Леніна. Сёлета гэтае кіно ўдзельнічае ў конкурснай праграме. Дарэчы, конкурсная і пазаконкурсныя праграмы не абмяжоўваюцца тэмамі Савецкага Саюзу.

Адзін з арганізатараў фестывалю Аляксандр Мартынюк

Фестываль працягнецца сёння ў кінатэатры Беларусь і заўтра ў галерэі «Ў». У беларускай праграме ўдзельнічаюць фільмы Ліны Мядзведзевай, Юрыя Сямашкі, Майкла Флорэза, Арсенія Алейніка і Іллі Каваленкі. Журы складаецца з беларускіх кінакрытыкаў Антона Сідарэнкі і Ірэны Кацяловіч, дакументаліста Віктара Аслюка, а таксама двух замежных рэжысёраў: іспанца Дыега Фандаса і шведкі Карын Брэг, якая яшчэ і правядзе майстар-клас па сцэнарнаму мастацтву для беларускіх аўтараў. Падрабязную праграму можна паглядзець тут.

Наста Кахановіч, фота Ірыны Арэхоўскай belsat.eu

Стужка навінаў