«Лекараў павінна быць у дзесяць разоў больш». Медык з ЗША – аб тым, што чакае Беларусь у час эпідэміі


Палаткі перад больніцай Універсітэта Юты. Солт-Лэйк-Сіці, ЗША. 9 сакавіка 2020 года.
Фота: George Frey / Reuters / Forum

Падчас суботняй прэс-канферэнцыі прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выказаў здагадку, што наступны тыдзень будзе «самы цяжкі» для ягонай краіны ў барацьбе з эпідэміяй, прадказаўшы павелічэнне колькасці загінулых (потым, праўда, намякнуў, што амерыканцы маглі б паўдзельнічаць у велікодных службах). Па звестках САЗ, ЗША сёння – на чацвёртым месцы па колькасці памерлых ад каронавірусу, і на першым – па лічбе тых, хто захварэў. Ураджэнка Беларусі Анастасія Манкоўскі, якая працуе ў больніцы Універсітэта штату Юта, распавядае «Белсату» пра «чыстыя» і «брудныя» больніцы, пра тое, як каронавірус уплывае на кожнага амерыканскага медыка, і пра тое, чаму ЗША маглі б павучыцца ў нашай сістэмы аховы здароўя.

Як патлумачыць тое, што ЗША сталі сусветным цэнтрам пандэміі каронавірусу?

Ніхто ў свеце не быў гатовы да пандэміі, і Амерыка – не выключэнне. Я не ведаю, чаму тут не мабілізаваліся і не падрыхтаваліся, калі эпідэмія была ў Кітаі, а потым у Італіі.

У звычайны час, нават падчас сезонных вірусаў, у ЗША хапае лекараў і рэсурсаў. Калі чагосьці няма – можна хутка ўсё купіць. Цяпер па ўсёй краіне не хапае звычайных масак, акуляраў, пальчатак і «вентылятараў» [апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. – Заўв. «Белсат»].

Краіна не гатовая.

Розныя кампаніі спрабуюць вырабляць тое, чаго не хапае. «Тэсла», якая выпускае машыны, спрабуе наладзіць вытворчасць апаратаў штучнага дыхання. Абутковыя кампаніі спрабуюць рабіць акуляры і маскі.

Анастасія Манкоўскі. Фота з прыватнага архіву

Як эпідэмія адбілася на вашай працы?

Я лекар-неанатолаг, працую з неданошанымі дзецьмі ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі больніцы Універсітэту штату Юта, але эпідэмія нас таксама закранае. Па-першае, у некалькіх нашых лекараў былі сімптомы каронавірусу. Яны прайшлі тэст, які займае ад 24 да 48 гадзінаў, таму дзяжурствы ўзялі на сябе іх калегі. Таксама заражаюцца і хварэюць медсёстры, таму трэба пастаянна думаць, як выкарыстоўваць чалавечыя рэсурсы аддзялення.

Салдаты 627-га армейскага шпіталя ваеннай базы «Форт Карсан» (штат Каларада) майструюць на тэрыторыі стадыёна CenturyLink у Сіэтле (штат Вашынгтон) палявую больніцу на 150 чалавек для заражаных каронавірусам. 31 сакавіка 2020 года.
Фота: Paul Christian Gordon / Zuma Press / Forum

Дзецям у нашым аддзяленні часта патрэбныя апараты штучнага дыхання, але мы выкарыстоўваем не ўсе (ёсць запасныя, старыя, якія знаходзяцца на дэзінфекцыі і гэтак далей), таму нашыя інжынеры працуюць над тым, як перарабіць частку нашых вентылятараў, каб іх можна было выкарыстоўваць для дарослых.

У ЗША ўжо некалькі тыдняў запар працуюць над тым, каб частка больніц тут засталіся «чыстымі», а частку спрабуюць зрабіць такімі «бруднымі» ачагамі, куды трэба звяртацца людзям з сімптомамі каронавірусу, каб яны не прыязджалі куды заўгодна і не заражалі ўсіх.

Дзіцячыя бальніцы тут спрабуюць захаваць «чыстымі»: хварэюць, усё ж такі, людзі старэйшага ўзросту.

Нядаўна выйшаў указ аб тым, што можна працаваць па-за межамі нашай спецыяльнасці. У нашым аддзяленні сваіх праблем шмат, бо дзеці ўсё роўна нараджаюцца. Я не дэрматолаг, які можа закрыць свой кабінет, бо нічога страшнага не здарыцца, калі людзі не будуць выдаляць бародаўкі некалькі месяцаў. Але калі ў нас будзе гэтак сама як у Нью-Ёрку, мяне ці каго-небудзь з маіх калегаў, магчыма, могуць накіраваць дапамагаць дарослым пацыентам.

4 красавіка 2020 года, Нью-Ёрк, ЗША. Работнікі медычнага цэнтру «Wyckoff Heights» перавозяць памерлых ад COVID-19 у часовы морг, абсталяваны ў кантэйнерах-рэфрыжэратарах.
Фота: Dan Herrick / Zuma Press / Forum

Цяпер тут ходзіць жарт, у тым ліку сярод лекараў: «Застанься дома, калі не хочаш, каб цябе інтубіраваў гінеколаг».

Ці могуць лекары адмовіцца лячыць хворых каронавірусам праз недахоп сродкаў абароны – як гэта робяць, напрыклад, расейскія лекары?

Адмовіцца ад працы лекары, напэўна, могуць. Страх сярод медперсаналу ёсць. Медсёстры распавядаюць, што, вяртаюцца дахаты, пераапранаюцца ў гаражы, потым прымаюць душ і жывуць у асобным пакоі. Але гісторый пра тое, каб нехта звольніўся ці не прыйшоў на працу, я не ведаю. Усё ж такі амерыканцы – вялікія патрыёты сваёй краіны.

Вы падпісалі ліст беларускіх лекараў замежжа да ўладаў нашай краіны з патрабаваннем увесці каранцін. Чаму ён так важны? Ці адрэагавалі на гэты ліст у Беларусі?

Мае знаёмыя, якія бачылі гэты ліст, сказалі: «Выдатна».

Беларуская дзяржава кажа, што ўсё добра – значыць, там нічога не робіцца, а краіна не рыхтуецца да гэтага.

Hавiны
«Рана ці позна каранцін абвесцяць». Патолагаанатам з Нью-Ёрку – аб тым, як будзе развівацца эпідэмія ў Беларусі
2020.03.29 19:53

У Беларусі медыцына развіваецца, беларускія лекары – вельмі добрыя спецыялісты. Яны робяць усё, што можна – але ў звычайны час. Цяпер – не звычайны час.

Амерыка не была гатовая і Беларусь, думаю, не гатовая.

Я ведаю, што больніцы ў Беларусі перапоўненыя і там шмат выпадкаў, калі пацыентаў не тэстуюць, і ніхто не ведае, што наагул адбываецца і наколькі ўсё дрэнна. Думаю, ніякая сістэма аховы здароўя, калі ёй не дапамагчы і не ўвесці каранцін, не справіцца. Амерыканская не дае рады, бо каранцін увялі занадта позна. Дакладна гэтак сама не справіцца беларуская і любая іншая, калі заплюшчыць на гэта вочы і нічога не рабіць.

Будаўнікі сканчаюць працу па ўзвядзенні часовага шпіталя на 500 ложкаў для хворых каронавірусам на тэрыторыі выставачнага цэнтру «McCormick Place» у Чыкага, ЗША. 3 красавіка 2020 года.
Фота: Chris Sweda / Zuma Press / Forum

Калі ў Беларусі пачнецца эпідэмія, усяго павінна быць у дзесяць разоў больш – лекараў, аддзяленняў і г. д. Без каранціну і адкрытай дыскусіі з гэтым справіцца цяжка.

У чым галоўнае адрозненне амерыканскай медыцыны ад беларускай, а чаму амерыканцы могуць павучыцца ў нас?

Розніца ў тым, што тут кажуць пра праблемы – каб іх вырашаць. Некалькі разоў у дзень мы праводзім онлайн-сустрэчы, на якіх прысутнічаюць увесь персанал. Пастаянна ідзе апавяшчэнне пра колькасць хворых, а таксама аб новых, уведзеных больніцай правілах.

Hавiны
«$ 400 за тое, што не трымалі дыстанцыю». Беларусы ЗША – пра тое, як каранцін змяніў Амерыку
2020.03.25 17:00

У Амерыцы адкрыта кажуць пра праблемы сістэмы, медычных памылках, адкрыта гавораць з хворымі і сваякамі пра дыягназы, адкрыта кажуць пра тое, што чакае пацыента ў будучыні.

Усе робяць медычныя памылкі, маленькія або вялікія. У нас пастаянна праходзяць канферэнцыі, на якіх мы гэтыя памылкі абмяркоўваем. Не для таго, каб «паказаць пальцам», а каб на іх вучыцца, каб знайсці дзірку ў сістэме і зрабіць так, каб гэтага не адбывалася ў будучыні. У Беларусі звычайна ўсё хаваецца: маўляў, усё добра. Таму там мала магчымасцяў нечаму навучыцца і нешта выправіць.

Амерыканская сістэма аховы здароўя ў беларускай таксама можа павучыцца. У Беларусі медыцына дзяржаўная – на працягу многіх гадоў, яшчэ з савецкіх часоў, яна накіраваная на прафілактыку. Мясцовая медыцына – страхавая. Калі ты захварэў, цябе будуць лячыць вельмі кваліфікавана, але тут няма нашай дыспансерызацыі і прынцыпу «лепш перадухіліць, чым потым лячыць». Тут гэта не выгадна.

У ЗША – 28 млн чалавек без страхоўкі. Што рабіць ім, калі яны захварэюць?

Ёсць дзяржаўныя страхоўкі «MedicAid» і «MedicCare» для маламаёмных. Людзі без страхоўкі таксама могуць звяртацца ў хуткую дапамогу і іх будуць лячыць гэтак сама.

9 сакавіка 2020 года. Надпісы «Не ўпускай каронавірус» і «Прытармазі» на электронным табло на агульнанацыянальнай магістралі № 15 у Солт-Лэйк-Сіці, штат Юта, ЗША.
Фота: George Frey / Reuters / Forum

Ні падчас працы ў «хуткай», ні у маім цяперашнім шпіталі я не ведаю, у каго з пацыентаў ёсць страхоўка, а ў каго няма. Гэта не мая справа, гэтым займаецца фінансавы аддзел, які спрабуе потым атрымаць грошы страхавых кампаній. Мы лечым усіх.

Дзяніс Дзюба/ІР belsat.eu

Стужка навінаў