Лаўрэатка з дрэдамі. Хто такая Вольга Такарчук, якой прысудзілі літаратурнага «Нобэля»


У польскай сетцы кнігарняў «Эмпік» – рэкорд продажаў. Цягам паловы мінулага чацвярга людзі замовілі 12 тысяч кніжак Вольгі Такарчук, якую напярэдадні ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры. Пра рашэнне Шведскай акадэміі пісьменніца даведалася ў дарозе, на аўтастрадзе ў Нямеччыне. Сімвалічнае супадзенне: матыў падарожжаў чырвонай ніткай праходзіць праз творчасць пісьменніцы.

Зрэшты, важнасць межаў у творчасці лаўрэаткі адзначылі і ў Нобэлеўскім камітэце: узнагароду прызналі з фармулёўкай «За фантазію расказчыка, які з энцыклапедычным запалам прадстаўляе перакрочванне межаў як форму жыцця». Пісьменніца ж прызналася, што, пачуўшы радасную навіну, мусіла спыніць аўта. Аднак падобна, лаўрэатка – ледзь не адзіная, хто здзівіўся: поспех спрыяў Такарчук ад самога літаратурнага дэбюту, а Нобэлеўскую прэмію пісьменніцы прарочылі апошнія некалькі гадоў.

Hавiны
Польская пісьменніца сталася лаўрэаткаю Нобэлеўскай прэміі
2019.10.10 15:24

Занадта ўзрушлівая псіхолаг

Вольга Такарчук нарадзілася ў сям’і настаўнікаў у польскім мястэчку Сулехаў. Пазней сямʼя пераехала ў Кетш, дзе будучая пісьменніца хадзіла ў ліцэй, а атрымліваць вышэйшую адукацыю Такарчук паехала ў Варшаву – абрала факультэт псіхалогіі ў Варшаўскім універсітэце.

«Гэта было вельмі ўзнёсла і вельмі па-юнацку, але ж напрамак адукацыі абіраеш ва ўзросце 17-18 гадоў. Мяне зачароўвала ўсё перыферычнае, эксцэнтрычнае, іншае», – тлумачыць пісьменніца.

Атрымаўшы дыплом, Такарчук працавала ў шпіталі ды праводзіла кансультацыі, дапамагаючы людзям з залежнасцямі. Аднак праз некалькі гадоў, падчас адной з кансультацыяў, яна зразумела, што трывожыцца больш, чым пацыент. Такарчук кінула працу і пераехала ў горад Нова-Руда.

Вольга Такарчук.
Фота: Facebook

«Думаю, я не ўмела абараніць сябе маральна, – распавядае пісьменніца. – Гэта было занадта цяжка для мяне, знясільвала. Пасля я займалася псіхалагічным развіццём, пакуль не ўсвядоміла, што я інтраверт і найлепш сябе адчуваю ў кампаніі з самой сабой ды сваймі гісторыямі».

Зрэшты, псіхалагічная адукацыя прыдалася і тым, што ў наступстве стала асноўным заняткам Такарчук: падчас вучобы яна пазнаёмілася з працамі Карла Густава Юнга. Ідэі заснавальніка аналітычнай псіхалогіі пісьменніца называе адной з крыніцаў сваёй творчасці.

Апроч псіхолага, будучая лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі паспела папрацаваць афіцыянткай, пакаёўкай, у гардэробе тэатру ды прадавачкай у кнігарні.

«Сёння я думаю, што такім чынам я несвядома рыхтавалася да пісьменніцтва, бо што магла я, дзяўчынка з дома настаўнікаў, з правінцыйнага гораду, ведаць пра жыццё?» падзялілася пісьменніца ў адным з інтэрв’ю.

Вольга Такарчук.
Фота: Facebook

Асабістыя якасці, што праяўляюцца ў кнігах

У каментары «Белсату» перакладчыца кніг Такарчук на беларускую мову Марына Шода, добра знаёмая з пісьменніцай асабіста, адзначае, што кожны твор Вольгі Такарчук «напісаны іншай мовай, на іншую тэму і нібыта іншым чалавекам».

«Кожная яе кніга чытаецца па-рознаму і разважаць пра кожную можна па-рознаму, але пра кожную можна сказаць, што яна напісаная мудрым, іранічным, спагадлівым і высокаадукаваным чалавекам», – заўважае перакладчыца, ды дадае, што да напісання кожнай кнігі Вольга рыхтуецца вельмі сур’ёзна ды перачытвае ўсё, што ёсць у дасягальнасці, па тэме твора.

Вольга Такарчук і Марына Шода. Фота з Facebook’у Марыны Шоды

Марына Шода падкрэслівае, што Такарчук не баіцца закранаць балючыя пытанні польскай гісторыі, за што ёй не раз «даставалася»:

«Аднойчы мы з Андрэем Хадановічам трапілі да яе ў госці ў момант, калі яна адкрыла для сябе тэму Польшчы як посткаланіяльнай дзяржавы, але ня з гледзішча ахвяры, а з гледзішча каланізатара. Узрушаная, яна распавядала пра гэта ладную частку вечара, а потым падарыла кнігу, што так уразіла яе, з алоўкавымі пазнакамі і падкрэсленнямі. Калі ж яна пачала трансляваць гэтыя ідэі шырокай публіцы, спрабавала раскрыць палякам вочы на іх мінулае, выдавец быў вымушаны наймаць ахоўнікаў на прэзентацыі і сустрэчы, бо ў адрас пісьменніцы пасыпаліся пагрозы».

«У яе дачыненнях з людзьмі ні каліва апломбу ці снабізму», – кажа спадарыня Шода, «і пра яе саму кажуць яе кнігі, яна такая і ёсць – мудрая, спагадлівая, іранічная, адукаваная, шчырая і адкрытая. І яна заўсёды помніць пра сваіх перакладчыкаў.

Аднойчы, калі мы сустрэліся на занятках перакладчыцкага семінара, дзе яна мела выступ, а я была слухачом, Вольга са словамі «Тут усё, што неабходна перакладчыку для добрай працы» прэзентавала пакуначак, у якім знайшліся кава, шакалад, пляшачка настойкі і яе новае, яшчэ не надрукаванае апавяданне».

Вольга Такарчук.
Фота: Facebook

У Польшчы пісьменніца вядомая не толькі літаратурнай творчасцю, але актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. У 2017-ым, на хвалі «чорнага пратэсту», Такарчук стала першай асобай, не звязанай ні з якім канкрэтным рухам, якую ўганаравалі на Кангрэсе жанчын. У прамове пісьменніца заклікала «узгадаць, што такое салідарнасць і сястрынства», ды байкатаваць лекараў, якія не выпісваюць рэцэптаў на супрацьзачатачныя сродкі.

Таксама Такарчук клапоціцца пра правы жывёл. Пісьменніца называе сучасную вытворчасць мяса найбольшай праблемай чалавецтва, «вечнай Трэблінкай, якая адбываецца вакол нас», а сама яна адмовілася ад мяса, як толькі перастала жыць з бацькамі. Яшчэ ў раннім дзяцінстве Вольгу засмуціў нумар з мядзведзем, што паказвалі ў цырку.

«Мядзведзя змусілі апусціць морду ў муку, а пасля крочыць перад людзьмі з белым пыскам. Людзей гэта вельмі смяшыла», – узгадвае пісьменніца. Тады ж яна вырашыла, што больш у цырк не пойдзе – і сапраўды больш там ніколі не была.

Не можа не звярнуць на сябе ўвагу і фірмовая прычоска пісьменніцы. Вольга Такарчук падкрэслівае, што дрэды – не толькі афрыканскае вынаходніцтва. Сваю прычоску яна называе «plica polonica», што на латыні азначае «польскі каўтун». Пісьменніца жартуе: «Польскі каўтун трэба дадаць да спісу нашых вынаходніцтваў, сярод якіх неачышчаная нафта, pierogi [польскія пельмені ці варэнікі. – Belsat.eu] і гарэлка».

Вольга Такарчук.
Фота: Facebook

Што пачытаць?

Хоць Вольга Такарчук належыць да ліку найчасцей перакладаных польскіх аўтараў, пакуль не ўсе яе кнігі даступныя не беларускай ці расейскай мовах.Вядома, пасля прысуджэння пісьменніцы самай прэстыжнай літаратурнай узнагароды сітуацыя будзе змяняцца. Аднак ужо цяпер і беларуска- і расейскамоўнаму чытачу ёсць што выбраць з творчасці польскай пісьменніцы.

«Правек ды іншыя часы» (1996) – паводле крытыкаў, пераломная кніга ў творчасці пісьменніцы, якая зрабіла яе паспяховай не толькі ў творчым, але і ў камерцыйным сэнсе. Кніга прынесла Вользе Такарчук шэраг прэміяў ды прызнанне сярод шараговых чытачоў.

«Дом дзённы, дом начны» (1998) – польскі літаратурны крытык Ярослаў Клейноцкі называў раман «найбольш амбітным праектам у прозе Вольгі Такарчук». Крытык падкрэслівае, што, не даючы парад ды гатовых адказаў, раман прабуджае ў чытачы ахвоту пазнаваць жыццё. Тым больш, што меланхалічны аповед з элементамі жорсткасці прыводзіць да нечакана аптымістычнага фіналу.

«Бегуны» (2007) – раман з нетыповай структурай, за які пісьменніца атрымала Букераўскую прэмію, узнагароду «Нікэ» («Nike») ды намінацыю на амерыканскую National Book Award. Гераіня – безыменная жанчына, якая ў сваёй бясконцай вандроўцы сустракае безліч іншых людзей, чые гісторыі становяцца метафарай сучаснага падарожжа. Над больш як сотняй ніцяў апавядання, з якіх складаецца раман, Такарчук працавала тры гады, у тым ліку падчас падарожжаў.

«Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» (2009) – трылер, галоўная гераіня якога – пенсіянерка, заклапочаная абаронай жывёлаў, аматарка астралогіі ды варажбы на картах Таро, упэўненая, што ведае прычыну забойстваў, што адбываюцца ў акрузе. Паводле гэтай крымінальнай гісторыі паўстаў фільм польскай рэжысёрка Агнешкі Голянд «След звера» («Pokot»).

Першую і апошнюю кнігу з падборкі можна пачытаць і па-расейску, і па-беларуску, астатнія пакуль даступныя толькі ў перакладзе на расейскую мову.

МВ Belsat.eu

Стужка навінаў