Помнікі рыбе і антыбраканьерскія рэйды. Рэпартаж з Астравеччыны, дзе ратуюць ласося


Помнік Ласосю ў Астраўцы, аўтар – скульптар Аляксандр Шомаў

Карэспандэнт Belsat.eu наведала Астравеччыну, дзе ўзяліся за адраджэнне беларускай кумжы.

Два помніка чырвонай рыбе адкрылі да 550-годдзя Астраўца. Першы з іх паўстаў на невялічкай выспе, якая знаходзіцца за царквой св. Пятра і Паўла ў Астраўцы. Скульптура ўяўляе сабой кумжу (рыба сямейства ласасёвых), якая пераадольвае нялёгкі шлях, калі прыплывае ў Беларусь на нераст.

Аляксандр Вінчэўскі

«Астравеччына – гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе ласосі прыплываюць на размнажэнне. Літаральна 50 гадоў назад амаль па ўсіх рэчках Нёмну і Заходняй Дзвіны таксама жылі ласосі, якія заходзілі з мора і нашых рачулках нерасціліся. Але пасля таго, як пабудавалі плаціну гідраэлектрастанцыі ў Коўне, Рызе, Даўгаўпілсе, рыба не змагла заходзіць у рэкі. Доўгі час навукоўцы думалі, што гэтая рыба цалкам знікла. Толькі ў 1990-х з’явілася інфармацыя, што браканьеры на Астравеччыне ловяць і ядуць гэтую рыбу. Аказалася, што рака Вілія ўпадае ў Нёман ніжэй, чым плаціна і ласось пачаў заходзіць у яе на нераст», – распавядае дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

Ён кажа, што на пачатку 2000-х гэтых рыб заставалася каля 10-20 штук. У тыя гады актывісты грамадскай арганізацыі распачалі штогадовае дзяжурства цягам цэлай восені на Віліі, ахоўваючы ласось ад браканьераў, каб рыба магла спакойна нерасціцца. У выніку шмат якіх гадоў клапатлівай працы, інфармаванні мясцовых жыхароў, колькасць рыб, якія прыплываюць у Беларусь даходзіць да сотні.

Скульптар другой кумжы, якая з’явілася ў Варнянах, Валянцін Борзды таксама некалькі гадоў дзяжурыў на Віліі, ахоўваючы ласось.

Скульптура «Кумжа», усталяваная на ўваходзе ў яслі-садок-сярэднюю школу ў Варнянах

«Каля чатырох гадоў, я прыязджаю на патруляванне ласасёвых разам з «Аховай птушак бацькаўшчыны». Тут узнікла ідэя зрабіць помнік. Я бачыў жыўцом гэтых рыб, нераст і таму скульптура атрымалася вельмі натуральнай. Гэта дзве рыбы, самка і самец з анатамічнымі асаблівасцямі і ў сапраўдным памеры», – кажа Валянцін Борзды.

Аўтар скульптуры «Кумжа», Валянцін Бозды

Што агульнага ў ласося са школьнікам, сабакам і дрэвам?

Вынікам шматгадовай працы АПБ стаў таксама першы ў Беларусі Ласасёвы цэнтр, які пабудавалі ў Варнянскай яслях-садку-сярэдняй школе ў 2017 годзе. Цэнтр прафінансавала Шведская кааліцыя «Чыстая Балтыка».

Як паведаміла дырэктар школы Алена Юркойц, за год працы цэнтру яго наведалі 600 чалавек:

«Прыязджаюць шмат дзяцей з іншых школаў. Наш цэнтр атрымаўся вельмі інтэрактыўным, накіраваным на тое, каб вучні самыя шукалі адказы і даведваліся цікавыя факты пра ласосяў».

Алена Юркойц

На адным са стэндаў цэнтру змешчаны цікавыя пытанні, на якія наведнікі спачатку самыя шукаюць адказ. Што агульнага ў ласося са школьнікам, сабакам і дрэвам?

Як аказалася, самая вялікая балтыйская сёмга важыла 29,2 кг і была 127 см даўжынёй. У сярэднім гэта ўзрост дзесяцігадовага школьніка. Што агульнага з сабакам? У ласося выдатны нюх, дзякуючы якому рыба адрознівае адзін ручай ад другога. А што наконт дрэва? Канцэнтрычныя колы на лусцы дапамагаюць вызначыць узрост рыбы, таксама як і на спіле ў дрэваў.

Дзеці ў першым у Беларусі цэнтры па захаванні ласасёвых рыб у Варнянах

«Гэты цэнтр унікальны не толькі для Беларусі. Пасля яго пабудовы з намі звязваліся з Ласасёвага цэнтру Канады, прасілі паказаць, што мы зрабілі. Яны шукалі нешта падобнае ў Расеі. Аднак, як выявілася, у краіне, якая столькі мільёнаў зарабляе на лоўлі ласасёвых, нічога падобнага не пабудавалі. Нам удалося павялічыць папуляцыю, аднак сёння ўстае іншая праблема: не хапае месцаў, дзе рыбы могуць нерасціцца. Неабходна ачышчаць іншыя рэчкі, здымаць плаціны, дзе рыба магла б заходзіць і будаваць свае бугры з галічніка, каб закопваць ікру. У нас могуць быць тысячы ласосяў. Практычна Беларусь нават можа атрымаць квоту на лоўлю ў Балтыйскім моры, калі мы здолеем аднавіць папуляцыю», – дадае Аляксандр Вінчэўскі.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў