La Vanguardia: Пучдэмон гатовы абвесціць незалежнасць Каталунні, калі яе пазбавяць аўтаноміі

Лідар Каталунні пойдзе на рашучыя крокі, калі Мадрыд адхіліць прапанову дыялогу і прыменіць артыкул 155 Канстытуцыі, які абмяжоўвае самакіраванне рэгіёну.

Пучдэмон напісаў адпаведны ліст, які ён збіраецца сёння выслаць у адказ на ультыматум Мадрыда. Таксама ён сказаў пра намер абвесціць незалежнасць Каталунні падчас сустрэчы з чальцамі сваёй партыі, піша іспанскае выданне.

Як адзначае La Vanguardia, кіраўнік каталунскага рэгіёну зноў настойвае на дыялогу і перамовах і шкадуе пра рэпрэсіі з боку Мадрыда.

«Дні ідуць, і калі іспанская дзяржава не будзе рэагаваць у пазітыўным ключы, мы зробім тое, дзеля чаго ўсё і адбывалася», – заяўляў Пучдэмон раней.

Каталуння надалей ахопленая пратэстамі. 17 кастрычніка 200 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Барсэлоны, пратэстуючы супраць арыштаў двух уплывовых каталунскіх грамадскіх дзеячаў.

1 кастрычніка ў Каталунні прайшоў непрызнаны Мадрыдам рэферэндум аб незалежнасці. У галасаванні ўзялі ўдзел 43 % жыхароў Каталунні. 90 % прагаласавалі за незалежнасць.

Кіраўнік Каталунні Карлэс Пучдэмон падпісаў дэкларацыю аб незалежнасці, але папрасіў парламент адкласці яе абвяшчэнне, маючы надзею на магчымасць дамовіцца з цэнтральнай уладай.

Мадрыд патрабуе, каб Каталуння акрэслілася з пазіцыяй адносна незалежнасці да 10 гадзіны раніцы 19 кастрычніка. У выпадку выступлення за аддзяленне, Мадрыд пагражае пазбавіць рэгіён аўтаноміі.

ДР belsat.eu

 

Hавiны