Курс долара ў Беларусі абнавіў рэкорд. Чаго чакаць далей?

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара 24 лютага вырас да 2,2246 рубля. Гэта новы гістарычны максімум. Belsat.eu запытаў у эканамістаў, з чым гэта звязана і ці працягнецца трэнд на аслабленне нацыянальнай валюты.

Па выніках таргоў на БВФБ 24 лютага, курс долара вырас на 0,0126 капейкі, а еўра – на 0,018 капейкі. Курс долара абнавіў гістарычны максімум, што быў дасягнуты на мінулым тыдні (2,21 рубля) – тады быў пабіты рэкорд лютага 2016 года.

Долар даражэе, але беларусы пакуль не бягуць у абменнікі

На 25 лютага Нацыянальны банк устанавіў наступны курс: еўра – 2,4065, долар – 2,2246. Адзначым, што дзяржаўны бюджэт на 2020 год будаваўся з разліку, што сярэднегадавы курс долара складзе 2,2447 рубля.

Вінаватая ў тым ліку нафтавая вайна

Эканаміст Дзмітрый Крук кажа, што рост курсу долара звязан з дзвюма фактарамі. Па-першае, існуе агульнасусветная тэндэнцыя ўмацавання долара.

«У тым ліку ён умацоўваецца да расейскага рубля, а не сакрэт, што мы шмат у чым завязаныя на расейскі рынак і таму дублюем траекторыю расейскага рубля», – тлумачыць эксперт.

Па-другое, на аслабленне рубля паўплывала нафтавая вайна з Расеяй.

«Абмежаванне паставак нафты прывяло да абмежавання валютнай выручкі і адпаведна да змяншэння продажаў валюты на ўнутраным рынку», – кажа Крук.

Эканаміст не бярэцца прагназаваць, які трэнд будзе пераважаць у бліжэйшым будучым. Ён канстатуе: пакуль не зразумела, ці працягнецца агульсусветнае ўмацаванне долара і як вырашыцца нафтавае пытанне. «Выразнай тэндэнцыі я пакуль не бачу», – падкрэслівае суразмоўца belsat.eu.

Крук лічыць цалкам рэальным, што прагноз курсу долара, закладзены ў бюджэт (2,2447) на 2020 год, спраўдзіцца. «Трэба разумець, што гаворка ідзе пра сярэднегадавы курс і як сярэднегадавы курс гэта выглядае рэалістычна. То бок курс можа выйсці і на 2,4, але потым моцна адскочыць назад», – кажа эканаміст.

Долар па тры рублі? Ці ў 2020-м нас чакае крызіс узору 1990-х

Абвалу чакаць не варта

Старшы аналітык групы кампаніяў «Форэкс-клуб» Валеры Палхоўскі салідарны з Крукам у ацэнках прычынаў цяперашняга аслаблення беларускай валюты.

«У першую чаргу гэта звязана з аслабленнем курсу расейскага рубля, што адбывалася на фоне зніжэння цэнаў на нафту. Беларускі рубель часта рухаецца за расейскім рублём. Плюс у нас былі складаныя стасункі з Расеяй у нафтавым пытанні, што таксама цісне на гандлёвы баланс», – канстатуе ён.

Палхоўскі кажа, што абвалу беларускага рубля чакаць не варта.

«Далейшае аслабленне нацыянальнай валюты цалкам магчыма, але гэта будзе лічыцца працэнтамі, прычым хутчэй за ўсё адназначнымі – то бок да 10 %. Я ўпэўнены, што Нацбанк працягне прытрымлівацца палітыкі згладжвання валютнага курсу і пры неабходнасці не дапусціць нейкіх шокавых хістанняў. У мяне наагул складаецца ўражанне, што большую частку гэтага шляху [па аслабленні нацыянальнай валюты. – Belsat.eu] мы ўжо прайшлі», – адзначае аналітык.

«Беларускі рубель будзе аслабляцца». Прагноз курсу валютаў на наступныя два гады

ІІ belsat.eu

Hавiны