Тысячы байцоў «Ісламскай дзяржавы» могуць апынуцца на волі


Беларускі журналіст Сяргей Марчык распавядае пра сітуацыю ў сірыйскім горадзе Камішлі на мяжы з Турцыяй, дзе ўсю ноч ішлі жорсткія абстрэлы.

У Камішлі каля мільёну жыхароў, з якіх значную частку складае курдскае насельніцтва. Праз 3 кіламетры ўжо пачынаецца бліжэйшы турэцкі населены пункт.

«Усю ноч тут ішлі хаатычныя артылерыйскія абстрэлы з боку Турцыі, загінула сям’я з трох чалавек. Людзі напужаныя, пачынаецца эвакуацыя з гораду. Удзень гэта малазаўважна, бо нават працуюць крамы, але чакаецца, што бліжэй да ночы гэта будзе мацней кідацца ў вочы», – кажа Марчык.

Камішлі, паводле словаў журналіста, уяўляе з сябе горад, «за які шмат хто хоча пазмагацца». Тут знаходзіцца аэрапорт, дзе базіруюцца войскі Башара Асада і «асобныя расейскія вайскоўцы».

Акрамя турэцкіх войскаў, якія абстрэльваюць Камішлі, есць яшчэ Сірыйская нацыянальная армія – парамілітарнае фармаванне, якое падтрымлівае Раджэпа Эрдагана. Яны трымаюцца на подступах, але могуць у патрэбны момант увайсці ў горад і распачаць вельмі жорсткую аперацыю, адзначае Марчык.

«Турцыя наўрад ці распачне тут наземную аперацыю, бо ў горадзе пражывае шмат курдаў, якія маюць зброю і нават 5 % ад іх колькасці ўжо можа стаць сурʼёзным войскам, тым больш – з баявым досведам. Курды проста так не здадуцца», – дадае ён.

Паводле апошняй інфармацыі, якую атрымаў Сяргей Марчык, у Камішлі знаходзіцца турма, дзе ўтрымліваюцца каля 5 тысяч байцоў «Ісламскай дзяржавы». Мясцовыя эксперты схіляюцца да думкі, што турэцкі бок зацікаўлены ў тым, каб падчас абстрэлу гэтыя людзі маглі патрапіць на волю і нанесці гораду значны ўрон.

Hавiны
МЗС Беларусі выказала занепакоенасць сітуацыяй у Сірыі
2019.10.10 09:15

9 кастрычніка Турцыя пачала вайсковую аперацыю «Крыніца міру» на ўсходзе ракі Яўфрат на паўночным усходзе Сірыі. У Анкары заявілі, што аперацыя скіравана супраць арганізацыяў, якія там лічацца тэрарыстычнымі – «Працоўная партыя Курдыстана» і «Сілы народнай самаабароны». Таксама Эрдаган мае намер змагацца з «Ісламскім дзяржавай».

КА belsat.eu

Стужка навінаў