Кулінарная бітва онлайн: вучыся гатаваць разам з вядоўцамі «Белсату»


Вядоўцы белсатаўскага кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці» выдалі кнігу рэцэптаў. Глядзіце незвычайную онлайн-прэзентацыю 18 чэрвеня а 18:00 і атрымайце зборнік у падарунак!

Прэзентацыя будзе праходзіць на профілях «Я не буду гэтага есці» ў Facebook ды Instagram, а таксама на YouTube-канале «Белсат Life».

Сёлета выйшаў трэці сезон тэлешоу «Я не буду гэтага есці», у якім вядомыя людзі дзяліліся з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядалі, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задачаю вядоўцаў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага было змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абіраў пераможцу кулінарнай бітвы.

Падчас прэзентацыі кнігі «Смачна ўсё» нашыя шэф-кухары працягнуць традыцыю кулінарных батлаў. Вольга Прыгарава, якая кожную праблему сустракае з усмешкаю на твары, зробіць небанальныя стравы з салодкіх клубніцаў. Аляксандр Чыкілеўскі, які з вышыні свайго досведу любіць пажурыць калегу, возьмецца за прыгатаванне дзёрзкай крапівы. Хто справіцца с задачаю лепей? Абавязкова галасуйце у каментарах!

А калі хочаце атрымаць у падарунак кнігу і наш цудоўны мерч, зрабіце на Facebook або ў Instagram пост са словамі «хачу кнігу» і напішыце, чаму. Весці прэзентацыю будзе фуд-коўч Ксенія Вяцкая, якая была адной з госцяў шоу у гэтым сезоне.

Зборнік – гэта зусім не спіс рэкамендацыяў, як прыгатаваць першае, другое і кампот. З яго вы даведаецеся, як можна змяніць рэцэпт нелюбімай стравы. Напрыклад, Вольга Прыгарава, якая цярпець не можа халадзец, будзе гатаваць яго так, каб смакавала ёй самой.

«Я ведаю еўрапейскую, японскую, кітайскую кухню, але сапраўдным захапленнем для мяне была наша – беларуская, – распавядае Аляксандр Чыкілеўскі. – Кухня – гэта творчасць. Мне падабаецца прыдумляць новыя стравы і смакі, аднаўляць старыя рэцэпты і здзіўляць сваіх гасцей. І вось ужо некалькі сезонаў мы з Вольгай даказваем, што можна прыгатаваць выдатныя стравы з нелюбімых прадуктаў. Трэба проста зірнуць на іх з іншага боку».

Глядзіце прэзентацыю кнігі «Смачна ўсё» 18 чэрвеня а 18:00 на профілях «Я не буду гэтага есці» ў Facebook ды Instagram, а таксама на YouTube-канале «Белсат Life». Галасуйце і атрымлівайце падарункі!

Глядзець усе выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці».

Інга Чэх, belsat.eu

Стужка навінаў