Крыжовы паход дзяцей, або Нявывучаныя ўрокі 19 снежня

«Што вы стаіце, там людзі выбіваюць дзверы Дому ўраду!» – выпальвае запыханая сяброўка, падбегшы да нас з хлопцамі. Цяжка дыхае. Пара ідзе з рота. Халодна. Бо гэта – вечар 19 снежня 2010 года. Плошча Незалежнасці. Менск. Ясная справа, мы пабеглі…

Менск 19 снежня 2010 года. Мітынг супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта

Частка першая. Эйфарыя

Праспект запоўнены людзьмі. Людзі са сцягамі. Сцягі колеру крыві на снезе, але кроў будзе пазней. Пакуль што мы ідзем праспектам, узяўшы ў кола аднаго з прэтэндэнтаў на першы ў краіне пост: «Дайце дарогу, кандыдат у прэзідэнты!» Людзі чуюць. Разыходзяцца. Ідзем праз натоўп нібы нож праз масла. Эйфарыя!

19 снежня 2010 года, Плошча Незалежнасці, фота – Аляксандр Саенка

Ланцужок з «касманаўтаў» па камандзе пакідае ганак Дому ўраду. Уцякаюць. Дзверы ўжо разбітыя, але ўсярэдзіне яшчэ трымаюць абарону іхныя саслужыўцы. Забарыкадаваліся сталамі. «Сыходзяць!» – я бяру на рукі дзяўчыну і смяюся. Яна плача ад радасці. Вось так, проста? Але мы бачым на свае вочы: сыходзяць. Эйфарыя.

Яны вярнуліся. Рассеклі натоўп. Зачыстка. Адступаем. Я іду з акрываўленым тварам. Час-почас спыняе які-небудзь фотакор, каб зняць. Людзі падыходзяць моўчкі паціснуць руку або спытаць, ці трэба дапамога. Не, не трэба. За мной равуць на ўвесь голас дзве студэнткі, захутаныя ў бел-чырвона-белыя сцягі. Яны прыехалі з намі з Горадні. Эйфарыя…

19 снежня 2010 года, Плошча Незалежнасці, фота – Аляксандр Саенка

Частка другая. Рамантыка

Нават пасля ўсяго гэтага хацелася верыць у лепшае. Едучы на здымную кватэру на ўскрайку Менску залізваць раны, атрымліваецца пагутарыць па тэлефоне з сябрам. Пасля ж, вядома, мы тэлефоны адключылі і дасталі батарэі. Сябар у аўтазаку, але тэлефон у яго яшчэ не забралі. Апошні момант, калі сувязь ёсць з абодвух бакоў. «Гэта канец Лукашэнку, адназначна, – перакананы сябар. – Збітыя кандыдаты, разгон! Так не можа быць. Гэта канец…» Рамантыка!

Пасля была турма. Лісты-паштоўкі. «Маскі-шоў» у СІЗА КДБ. Допыты ў пракураных кабінетах. Прамерзлыя дворыкі з «шубай» на сценах і лёдам пад нагамі. Гарачая гарбата ў камеры, калі ёсць кіпяцільнік. Швэдар «з волі». Абрыўкі навінаў з дазволеных газет, лістоў, чутак. 25 сакавіка, калі прыслухоўваўся паў дні да акенца, каб пачуць лозунгі дэманстрантаў… Так і не пачуў. Толькі транспарт з праспекту. Рамантыка.

19 снежня 2010 года, Плошча Незалежнасці, фота – Аляксандр Саенка

Пасля была зона. Шэры колер. Роба і феска не па памеры. Пастраенні. Маршы ў сталоўку і назад. Прамзона з грукатам малаткоў па дрэву. Хочацца есці. Дзень за днём… У школе, калі не ведаеш уроку, табе кажуць: «Сядай, два!» Тут: «Сядай, чатыры!». Чатыры гады. Але адседзеў нейкія сем месяцаў. Ён выпусціў, каб дамаўляцца з Захадам. Вяртанне. А там… Людзі жывуць, як жылі. Толькі маці пасівела. Рамантыка?

Частка трэцяя. Неразуменне

Не люблю згадваць 19 снежня. Тое, што было пасля – таксама. Бо калі табе 21 год – гэта галоўная падзея ў тваім бессэнсоўным жыцці. Усё недарэмна! «Мы вернемся» – такія ўлёткі адразу пасля штурму Дому ўраду мы рыхтавалі, будучы яшчэ на волі… Вярнуліся. Нехта дадому ці на працу. Нехта – вучыцца за мяжой. Нехта – вучыць іншых жыццю ў партыйных кабінетах. Зажылі сабе, як быццам нічога і не было. Не разумею.

19 снежня 2010 года, Плошча Незалежнасці, фота – Аляксандр Саенка

Той снежаньскі вечар падаваўся нечым неймаверна патрыятычным. Нацыянальная рэвалюцыя! Час прыйшоў! Жыве! Пасля ўжо прыйшлі подлыя думкі, маўляў, каму ж гэта ўсё было выгодна? Як так атрымалася, што патрыёты падштурхнулі Лукашэнку ў абдымкі Расеі? Хто здымаў і круціў усю восень «Хроснага бацьку»? Урэшце, чаму ў СІЗА КДБ яшчэ за пару месяцаў да 19 снежня рыхтаваліся да ўшчыльнення, збіваючы з дошак дадатковыя нары? Няўжо перад кожнай вулічнай акцыяй за пару месяцаў збіваюць – на ўсялякі выпадак? Не разумею.

Добра, я не разумею, але ж былі старэйшыя вопытныя палітыкі. Дзяржаўныя мужы, якія бачылі сябе на першых пасадах. Тыя, што пасля на камеру казалі пра абгрунтаваныя дзеянні міліцыі. Запіналіся, чытаючы для ТБ падсунутыя ім паперкі. Хаваліся, будучы адпушчанымі з СІЗА, каб не размаўляць з журналістамі. Усе яны і сёння ўсплываюць ад выбараў да выбараў. Даюць інтэрв’ю. Збіраюць свае dream-team з «новымі тварамі». Ходзяць на прыёмы ў амбасады, каб распавесці пра сітуацыю з дэмакратыяй у Беларусі. Чаму? Я не разумею.

19 снежня 2010 года, Плошча Незалежнасці, фота – Аляксандр Саенка

Частка чацвёртая. Жыць далей

Эйфарыя і рамантыка даўно мінулі. Нават неразуменне мінула. Я проста не хачу згадваць лішні раз той снежаньскі вечар. Як не хачу даставаць з далёкай шафы выцертую чорную куртку з шаўронам «Маладога Фронту»: крыж на белым шчыце. Калі гэта і быў наш крыжовы паход, то – крыжовы паход дзяцей. Як у далёкім 1212-м, так і ў недалёкім 2010-м дзецям казалі: «Мора разыдзецца перад вамі! Бог – дапаможа!» А пасля – прадавалі ў рабства. Гісторыя стала легендай, легенда – казкай, казка – метафарай… Трэба жыць далей.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў