Крывавыя пратэсты ў Гон-Конгу: сілавікі зноў выкарысталі зброю

У ходзе пратэстаў у Гон-Конгу паліцэйскі цяжка параніў аднаго з пратэстоўцаў стрэлам з пісталета з баявым патронам. Гэта ўжо трэці выпадак выкарыстання сілавікамі агнястрэльнай зброі з чэрвеня, калі ў Гон-Конгу пачаліся масавыя пратэсты. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

На працягу панядзелка ў некалькіх раёнах Гон-Конгу адбываліся і іншыя сутыкненні, падчас якіх паліцэйскія ўжывалі слезацечны газ і гумовыя кулі. Слезацечны газ ужываўся нават у цэнтральным дзелавым раёне.

Пратэсты ў Гон-Конгу. Фота: TYRONE SIU / Reuters / Forum

Стральба баявымі патронамі адбылася, калі дэманстранты паспрабавалі заблакаваць скрыжаванне ў раёне Сай Ван Хо на паўночным усходзе Гон-Конгу. Як відаць на відэазапісы, пасля стрэлу 21-гадовы ўдзельнік пратэстнай акцыі ляжыць з шырока адкрытымі вачыма на бруку, вакол яго кроў. У ходзе гэтай сутычкі паліцэйскі стрэліў яшчэ два разы, але па афіцыйных дадзеных, у выніку паранены толькі адзін чалавек.

Паранены перанёс аперацыю і застаецца ў крытычным стане, паведамілі Бі-Бі-Сі ў адміністрацыі бальніцы.

У паліцыі пацвердзілі, што адзін афіцэр «ужыў свой службовы рэвальвер» і што адзін чалавек быў паранены. Там дадалі, што і ў іншых раёнах паліцэйскія даставалі агнястрэльную зброю з кабуры.

Падчас яшчэ аднаго інцыдэнту актывіста-прыхільніка Пекіна аблілі гаручай вадкасцю і падпалілі. Цяпер ён знаходзіцца ў крытычным стане.

  • Першапачаткова масавыя пратэсты ў Гон-Конгу былі выкліканы спробамі ўладаў прыняць папраўкі ў закон аб экстрадыцыі. Закон аб экстрадыцыі прадугледжваў магчымасць экстрадаваць жыхароў гораду нават у тыя краіны, з якімі ў Гон-Конгу няма пра гэта дагавора, у тым ліку ў мацерыковую частку Кітая. Сярод экстрадаваных маглі апынуцца ўцекачы з мацерыка, якія крытыкуюць кітайскія ўлады і якія хаваюцца ад пераследу ў Гон-Конгу. Мясцовыя жыхары ўспрынялі законапраект як спробу абмежаваць аўтаномію Гон-Конгу.
  • На фоне масавых пратэстаў улады Гон-Конгу спачатку спынілі разгляд законапраекту, а потым зусім яго адклікалі. Аднак цяпер пратэстоўцы патрабуюць незалежнага расследавання празмернага ўжывання сілы супраць удзельнікаў вулічных дэманстрацыяў, амністыі ўсіх арыштаваных пратэстоўцаў і ўвядзення дэмакратычны выбараў кіраўнікоў адміністрацыі.

ІІ belsat.eu

Hавiны