Крывавы салют у Менску: затрыманыя расейцы не прызнаюць віны

Два працаўнікі расейскай фірмы «Пиро-Росс«, якія вінавацяць у датычнасці да трагедыі падчас запуску салюту ў Менску 3 ліпеня, не прызнаюць сваёй віны. Зараз 25-гадовы Максіміліян Сапронаў і 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў знаходзяцца ў СІЗА, піша TUT.by.

Паводле сваякоў затрыманых, колькі іх яшчэ будуць трымаць, канкрэтыкі няма.

«Іх там не павінна было быць». Вядомыя імёны расейцаў, затрыманых за крывавы салют

Сястра Канстанціна Дзянісава кажа, што для яе брата гэта была шараговая камандзіроўка. У кампаніі ёй заяўляюць, што затрыманыя толькі дапамагалі рыхтаваць феерверачныя вырабы да запуску, іх дзеянні не маглі прывесці да трагедыі, а да выбуху спрычынілася няправільная закладка беларускімі вайскоўцамі вырабаў у марціры.

Ірына Дзянісава адзначае, што камандзір часткі, дзе загружаліся вырабы, ніякіх заўваг не выявіў.

Яна адзначае, што яе брат супрацоўнічае са следствам. Гэтак жа і кампанія падала следству ўсю неабходную дакументацыю, следчы апытаў у Расеі кіраўніцтва.

Наскевіч: пры падрыхтоўцы салюту 3 ліпеня зарады абразалі і расейцы, і беларускія вайскоўцы

Падчас салюту на Дзень Незалежнасці ў Менску загінула жанчына і атрымалі траўмы 10 асобаў. Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч заяўляў, што зарады для салюту, набытыя ў расейскай кампаніі, не пасавалі пад марціры, таму прадстаўнікі пастаўшчыка, а таксама беларускія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы салюту, абрэзалі зарады і качалі іх па цвёрдай паверхні, пры тым, што маніпуляцыі з прафесійным піратэхнічным вырабам забароненыя.

Раней Наскевіч таксама адзначаў, што частка вырабаў была пратэрмінаваная.

МГ belsat.eu

Hавiны