«Крамбамбуля» дасць сольны канцэрт у Менску


31 мая ў рэстарацыі-піваварні «Друзья» адбудзецца першы з 2008 года сольны канцэрт гурта «Крамбамбуля» ў Менску.

У праграме «Піраты Камсамольскага возера» прагучаць лепшыя песні з усіх альбомаў калектыву.

«Некалькі год мы хадзілі па лясах. Потым перабраліся на азёрныя выспы – там нас дакладна ніхто не мог знайсці. Але вось адзін чалавек знайшоў і запрасіў зайграць канцэрт. Вырашылі пагадзіцца. А там будзе бачна», – гаворыцца ў заяве гурта з гэтай нагоды на афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Гурт «Крамбамбуля» быў заснаваны ў 2002 годзе, як забаўляльны сайд-праект Лявона Вольскага. Калектыў вядомы па хітах «Абсэнт», «Госці», «Турысты», «Каб мы калі каму чаго». На рахунку «Крамбамбулі» шэсць студыйных альбомаў, апошні з якіх – «Чырвоны штраль» – выйшаў у 2015 годзе.

Сучасны склад: Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павел Трыпуць (вакал, гітара), Павел Аракелян (вакал, саксафон), Андрэй Якубчык (вакал, труба), Алесь-Францішак Мышкевіч (вакал, бас-гітара), Павел Мамонаў (бубны).

Старт продажу квіткоў – у панядзелак 15 траўня а 12:00 праз касы і сайты Kvitki.by, Bezkassira.by, SMSbilet.by. Кошт квіткоў: 22-38 рублёў.

Інфалінія: +375 (33) 661-14-32

Стужка навінаў