Антытэрарыстычную аперацыю рыхтуюць у сувязі з сітуацыяй вакол «Ісламскай дзяржавы».
Краіны-чальцы АДКБ працуюць над фармаваннем адзінага спісу тэрарыстычных арганізацыяў, а таксама плануюць супольную антытэрарыстычную аперацыю «Найміт».
Пра гэта журналістам паведаміў намеснік генеральнага сакратара АДКБ Валерый Сямерыкаў.
«Рашэнне аб фармаванні адзінага спісу тэрарыстычных арганізацыяў прынялі летась. Такога механізму – фармавання адзінага спісу – я не ведаю ні ў адной з міжнародных арганізацыяў, але мы гэта зрабілі, прэзідэнты яго зацвердзілі, цяпер фармуем гэты спіс», – сказаў прадстаўнік АДКБ.
Паводле Сямерыкава, у 2018 годзе АДКБ «плануе правесці спецыяльную аперацыю «Найміт» – і гэта звязана з сітуацыяй вакол «Ісламскай дзяржавы».
«Усім зразумела, колькі прадстаўнікоў нашых дзяржаваў знаходзяцца на тэрыторыі Сірыі, Афганістана і іншых краінаў, ды займаюцца тэрарыстычнай дзейнасцю», – цытуе Сямерыкава «Інтэрфакс».
ДД