Камуністычная партыя Расейскай Федэрацыі ўнесла законапраект у Дзярждуму, які прадугледжвае наданне статусу ветэрана ўдзельнікам савецкай акупацыі Чэхаславаччыны. МЗС Чэхіі выказала «занепакоенасць» фармулёўкаю, якая выкарыстоўваецца ў законапраекце.
У ім гаворыцца, што статус ветэрана будзе нададзены былым жаўнерам узброеных сілаў СССР за «выкананне задачаў па падаўленню спробы дзяржаўнага перавароту і забеспячэнню стабільнасці ў ЧССР у перыяд правядзення буйной ваенна-стратэгічнай аперацыі войскаў краінаў Варшаўскай Дамовы з 21 жніўня да лістападу 1968 года».
МЗС Чэхіі ў сваёй заяве спасылаецца на Дамову аб сяброўскіх адносінах ды супрацы паміж РФ і Чэхіяй, падпісаную ў жніўні 1993 года. У гэтым дакуменце, як падкрэслівае МЗС, выразна сказана пра імкненне бакоў «скончыць з таталітарным мінулым, звязаным з недапушчальным выкарыстаннем сілы супраць Чэхаславаччыны ў 1968 годзе і далейшым неабгрунтаваным знаходжаннем савецкіх войскаў на чэхаславацкай тэрыторыі».
ЮВ, belsat.eu