Расея і Украіна падчас абмену вязнямі могуць выкарыстоўваць новую схему працы з крымінальнымі справамі, піша «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоўнага працэсу.
Паводле выдання, абмен, згодна першапачатковай дамоўленасці, павінен быў адбыцца напярэдадні, 1 верасня. Газета таксама паведамляе, што фармат абмену павялічылі да 35 асобаў з кожнага боку. Крыніца выдання, блізкая да перамоўнага працэсу, распавядае, што праблемы паўсталі з-за таго, што бакам не ўдалося дамовіцца пра юрыдычныя падставы вызвалення і перадачы зняволеных.
Як адзначае газета, асуджаных бакі могуць проста перадаць адзін аднаму пасля памілавання прэзідэнтамі, а статус падследных Масква і Кіеў яшчэ абмяркоўваюць.
Газета піша, што спачатку затрыманых расейскімі памежнікамі маракоў меркавалася проста адправіць ва Украіну з матэрыяламі расследаванняў. Аднак пазней пасля кансультацыяў са следчымі ФСБ і пракурорамі ў схему перадачы маракоў вырашылі ўнесці змены. Яны могуць пакінуць «Лефортово« не са справай, а з засведчанай натарыусам копіяй, у выніку ўкраінскім праваахоўным органам не прыйдзецца спыняць справу супраць сваіх грамадзянаў. Гэта звязана з тым, што Кіеў з самага пачатку прызнаваў крымінальны пераслед маракоў незаконным і патрабаваў вызваліць іх без усялякіх умоваў, адзначае газета.
Пры гэтым пасля адпраўкі маракоў на радзіму ФСБ захавае арыгінал іх справы, адвакатаў абвінавачаных азнаёмяць з яго матэрыяламі, пасля чаго адправяць на зацвярджэнне ў Генпракуратуру, а потым – у суд, які разгледзіць справу завочна. Выданне адзначае, што прысуд змогуць выкарыстоўваць як доказ законнасці пераследу маракоў, якія пасля вызвалення могуць звярнуцца са скаргамі на дзеянні Масквы ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ).
У якасці жэсту добрай волі ў Кіеве пад асабістае абязальніцтва аб яўцы ў суд быў вызвалены галоўны рэдактар агенцтва «РИА Новости Украина» Кірыл Вышынскі, які абвінавачваецца ў дзяржздрадзе. Практычна адначасова з гэтым у следчы ізалятар «Лефортово» з калоніяў пачалі дастаўляць грамадзянаў Украіны, якія адбываюць пакаранне ў Расеі. Сярод іх, напрыклад, апынуліся рэжысёр Алег Сянцоў, асуджаны на 20 гадоў за тэрарызм, і журналіст Раман Сушчанка, які атрымаў 12-гадовы тэрмін за шпіянаж. Аднак далей перамяшчэння зняволеных унутры Расеі і Украіны справа пакуль не пайшла.
У той жа час адвакат затрыманых ва Украіне расейцаў Валянцін Рыбін адзначыў, што ягоныя падабаронныя, якія рыхтуюцца да абмену, застаюцца ў СІЗА.
«Мне пакуль не вядома, што яны сёння наагул рухаюцца на абмен», – сказаў ён, паведамляе ТАСС.
Паводле адваката, абмен можа адбыцца ў аўторак, 3 верасня. На яго думку, з украінскага боку ўдзел у абмене могуць прыняць 12 грамадзянаў Расеі.
СК belsat.eu