Колькі заробкаў Лукашэнка аддаў за сваю «Tesla»

Прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант пацвердзіла карэспандэнту «Deutsche Welle», што ў аўтапарку Аляксандра Лукашэнкі сапраўды ёсць «Tesla».

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 2 верасня менскую школу № 93, распавёў, што ў ягоным аўтапарку ёсць аўтамабіль «Tesla», які ён нібыта атрымаў ад самога Ілана Маска. Сам Маск на пытанне, ці сапраўды ён дарыў дарагі аўтамабіль кіраўніку Беларусі, адказаў у Twitter: «Uh, no». У інтэрв’ю карэспандэнту «Deutsche Welle» прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант пацвердзіла, што ў аўтапарку сапраўды ёсць «Tesla». А на дадатковае пытанне, адкуль гэтая машына зʼявілася, Эйсмант адказала, што «Tesla» Лукашэнкі «з заводу».

Лукашэнка схлусіў: Маск сказаў, што не дарыў яму «Тэслу»

Вывучаем дэкларацыі

Калі не падарылі, то набыў? Дапусцім Лукашэнка сапраўды набыў «Tesla» на ўласныя сродкі. Паспрабуем падлічыць, колькі кіраўніку Беларусі трэба збіраць на гэты электракар.

Заробак Лукашэнкі – вялікая таямніца. Паглядзець на даход кіраўніка Беларусі можна ў дэкларацыях перад выбарамі. З дэкларацыі, якую Аляксандр Лукашэнка падаў у ЦВК у якасці кандыдата ў прэзідэнты ў 2015-ым, вынікае, што ў 2014 годзе ён атрымаў заробак у памеры 551 761 258 беларускіх рублёў. Па сярэднім курсе долара за 2014 год па Нацбанку гэта $ 54 012. І гэта быў самы высокі гадавы заробак Лукашэнкі за перыяд з 2001 да 2014 года. Напрыклад, у 2000 годзе ён афіцыйна зарабляў каля $ 390 штомесяц ($ 4680 за год), а напярэдадні выбараў у 2006-ым гадавы даход кіраўніка Беларусі склаў амаль $ 27 600.

У той жа дэкларацыі за 2014 год прысутнічае законная, а на самой справе фармальная, жонка Лукашэнкі – Галіна. У 2014-ым яна мела даход у памеры 98 223 332 рублёў, альбо $9 615 па сярэднім курсе долара.

Атрымліваецца, што ў 2014 годзе Галіна і Аляксандр Лукашэнкі зарабілі на дваіх $ 63 627.

«Uh no»: тўіт Маска пра дарагі падарунак для Лукашэнкі трапіў на адзенне LSTR

Тры гадавыя заробкі

Колькі Аляксандр Лукашэнка і ягоная афіцыйная жонка зарабілі ў наступныя гады, можна толькі меркаваць – больш дэкларацыяў мы не бачылі. Але можна дапусціць, што заробкі ў рублях у кіраўніка Беларусі і Галіны Лукашэнкі не змяніліся, а мяняўся толькі курс долара.

Калі зноў падлічыць па сярэднім курсе долара, атрымаецца, што ў 2015-м годзе яны на дваіх зарабілі $ 40 970, а ў 2016-ым іхны афіцыйны даход мог скласці $ 32 687.

Паглядзім на 2017 год, калі ў свой дзень народзінаў Лукашэнка ўпершыню праехаўся на «Tesla» (паводле «Deutsche Welle», гэта была мадэль S P100D). За той год Лукашэнкі маглі зарабіць $ 33 646.

А цяпер зірнем, колькі каштуе «Tesla S P100D» 2017 года, інакш гэты электракар называецца «Tesla S Performance». На сайце «Tesla» гэты аўтамабіль можна набыць за $ 99 990 (кошт у ЗША). Падобны кошт пры замове ў Польшчу. Да гэтай сумы трэба дадаць кошт размытнення (каля $ 48 000)

Атрымліваецца, што Аляксандр Лукашэнка павінен разам жонкай аддаць тры гадавыя заробкі за 2014, 2015 і 2016 гады, а таксама крыху дадаць і з заробку за 2017 год.

Інфаграфіка: Belsat.eu

ЮВ Belsat.eu

Hавiны