Колькі каштуе закрыць АЭС і як пахаваць ядравыя адкіды? Інтэрв’ю з былым мэрам Ігналіны

«Беларусь абавязалася зліквідаваць усе недахопы БелАЭС да 2024 года. Да ліквідацыі хібаў несправядліва было б запускаць яе, бо яны могуць прывесці да інцыдэнтаў», – заявіў еўрадэпутат ад Літвы Броніс Ропе. Раней ён амаль 20 гадоў займаў пасаду мэра літоўскай Ігналіны побач з Беларуссю, дзе ў савецкі час збудавалі АЭС, а цяпер яе ліквідуюць. Чаму Літва закрывае АЭС? Што рабіць з ядравымі адкідамі пасля закрыцця? Інтэрв’ю Алеся Сіліча з літоўскім палітыкам, які ў Еўрапейскім парламенце бярэ ўдзел у працы Дэлегацыі ў справе дачыненняў з Беларуссю.

На БелАЭС пачалася гарачая абкатка абсталявання, хутка запуск станцыі. Ці можна спыніць гэты працэс, як патрабуе Літва?

Кожную працу можна пачаць і прыпыніць. Атамная станцыя ў Беларусі стаіць яшчэ пустая. У ёй няма ядравага паліва, таму няма шкодных выкідаў. Але Беларусі трэба спыніцца цяпер, каб не ствараць праблемаў дзецям і ўнукам. Калі загрузяць ядравае паліва, АЭС пачне працу – Беларусі будзе складаней і даражэй спыніць гэты працэс. Ніхто не ведае, што будзе заўтра.

Я думаю, міжнародная супольнасць зробіць усё, каб станцыя працавала бяспечна, каб Беларусь правяла стрэс-тэсты, бо ёсць хібы. Адны кажуць пра большыя, іншыя – пра меншыя, але Беларусь абавязалася зліквідаваць усе хібы да 2024 года.

Страляюць каля беларускай мяжы – шыбы бразджаць

Вядома, было б справядліва да ліквідацыі хібаў не запускаць станцыі, бо яны могуць прывесці да інцыдэнтаў. Меркаванне Літвы: выпраўце недахопы, а потым пастанаўляйце, што рабіць далей. Міжнародная супольнасць чула гэты зварот Літвы і таксама здзіўляецца, што Беларусь збіраецца запускаць АЭС, не выправіўшы недахопаў. Літва таксама спыніла атамную станцыю, бо трэба думаць не толькі пра сённяшні дзень. Напрыклад, Італія пастанавіла спыніць усе ядравыя станцыі. Клімат мяняецца, мы не ведаем, якія стыхійныя бедствы дзе і калі могуць адбыцца. Мы не можам застрахавацца. Калі здарыцца аварыя, Беларусь не зможа скампенсаваць наступстваў усім пацярпелым. Таму Беларусь мусіць увайсці ў сусветную сістэму страхавання і застрахаваць усе магчымыя выдаткі.

Беларусь у 1990-ыя гады, калі побач з Менскам будавалі атамную станцыю, перавяла яе на газ, і яна цяпер працуе. На мінулым тыдні ў Еўрапарламенце было галасаванне, у якім кірунку рухацца ў пытанні энергетыкі. Было пытанне пра ядравую энергетыку. Некалькі чалавек прагаласавалі, каб ядравая энергетыка засталася ў Еўрапейскім Звязе. Я думаю, новы парламент праз пару гадоў прагаласуе за тое, каб ядравай энергетыкі наагул не было.

Вы амаль 20 гадоў кіравалі Ігналінаю, дзе ў час СССР будавалася атамная станцыя. Цяпер яе закрываюць. Наколькі гэта тэхнічна магчыма, наколькі дорага?

Каштарыс палічыць складана. Там працавалі 5 тысяч жаўнераў, 10 тысячаў іншых работнікаў. Сёння разлік такі: будоўля такой станцыі каштуе € 7-8 млрд, закрыццё – падобная сума, а таксама часовае захоўванне і пахаванне радыеактыўных адкідаў – столькі ж. Можна сказаць, што з € 20 млрд трэба, каб бяспечна зачыніць станцыю.

Чаму ў Літве ўсё ж пастанавілі зачыніць станцыю? Яна дае танную энергію і незалежнасць.

Нельга сказаць, што яна была танная. Літва ўжо атрымала € 3 млрд дапамогі ад Еўрапейскага Звязу на закрыццё. Цяпер праца выкананая прыкладна на 50 %. Падобная сума неабходная для часовага пахавання і складавання. Пытанне ў захаванні ядравых рэчываў: праект яшчэ нават не ў распрацоўцы, і незразумела, у якім месцы гэта можна будзе зрабіць. Гэта таксама будзе каштаваць каля € 5 млрд. Гэта ўвесь гадавы бюджэт Літвы. Для маленькіх дзяржаваў гэта вялікія выдаткі на вялікія аб’екты, якія не толькі цяжка адкрыць, але і складана знайсці грошы, калі штосьці здарыцца. Па-другое, калі электраэнергія прадаецца за рынкавыя кошты, грошай на закрыццё не назапашваецца. Яна не канкурэнтная. І гэта праблема для ўсіх дзяржаваў.

Пасля закрыцця АЭС застаюцца радыеактыўныя адкіды. Наколькі мы ведаем, на мяжы з Беларуссю пабудаваны ядравы магільнік. Наколькі ён бяспечны?

Ядравыя адкіды бываюць розныя. Напрыклад, ядравыя адкіды з малой радыяцыяй захоўваюцца ў спецыяльных магільніках у прыродзе. Для гэтага ёсць адмысловыя тэхналогіі. На горцы, дзе яны закапаныя, садзяць дрэвы, і застаецца лес. Самае галоўнае – адпрацаванае ядравае паліва і сам рэактар. Гэтая частка адкідаў вельмі высокай радыеактыўнасці. Натуральнае дзеянне радыяцыі – да тысячы гадоў. Цяпер існуе толькі адна тэхналогія: адпрацаванае ядравае паліва можна часова змясціць у кантэйнеры на 50 гадоў.

Нуль кілават у Літву. Усё, каб БелАЭС не пачала працаваць

Першым кантэйнерам на Ігналіне цяпер прыблізна 20 гадоў. Пасля 50 гадоў трэба будзе прыняць пастанову: перакладаць у іншыя кантэйнеры на 50 гадоў альбо знайсці новую тэхналогію перапрацоўвання, чаго яшчэ ніхто не прыдумаў. Напрыклад, гэта можа быць шахта на некалькі кіламетраў пад зямлёю. Гэта вельмі доўгі і дарагі працэс, цяпер мы прымаем рэгламент аб Ігналіне на 2021–27 гады. Я запрапанаваў, і Еўрапарламент падтрымаў, каб Літва пачала працаваць над праектам сталага захоўвання. Зрабіць нейкі пілотны праект, каб потым можна было і іншым станцыям Еўрапейскага Звязу гэты досвед перадаць.

У Беларусі некаторыя кажуць, што Літва пабудавала ядравы магільнік на мяжы з намі, таму няхай цяпер не абураецца. Што б вы ім адказалі?

У Літве няма ніякага магільніку. Толькі магільнік тых ядравых адкідаў, якія ёсць на кожнай атамнай станцыі. У тых трубах, дзе цячэ радыеактыўная вада, зʼяўляецца выкід. Ламаецца вентыль ці нешта іншае адбываецца, збіраецца вада, яна пакуецца ў адмысловыя пакеты, бетануецца ў бочцы ды не захоўваецца на ядравай станцыі. Такая тэхналогія ёсць на кожнай атамнай станцыі. Атамная станцыя Беларусі таксама павінная будзе мець месца для часовага захоўвання, часовы магільнік.

Самае важнае пытанне – пытанне адпрацаванага ядравага паліва і самога рэактара. Гэтых пытанняў у Еўропе яшчэ не развязалі. У шведаў ёсць ідэя пахаваць адкіды пад морам, але маленькую колькасць. Адпрацаванае ядравае паліва з Ігналіны немагчыма там пахаваць, таму Літва пакуль развязвае пытанне пахавання малой радыяцыі.

Міністр замежных справаў Літвы пра БелАЭС і дачыненні Беларусі з НАТО

Які рэальны выхад ёсць у спрэчцы паміж Менскам і Вільняй у пытанні БелАЭС?

Гэтае пытанне можна развязаць толькі гэтак, як Літва: пераключыцца на заходнюю сістэму забеспячэння электраэнергіі, як тое зрабілі Латвія, Эстонія. Мы будзем добрымі суседзямі з Беларуссю, але не будзем купляць гэтай энергіі, бо ў Літве будуць іншыя сістэмы. Калі мы набываем энергію з Расеі, мы не ведаем, адкуль яна: гэта расейская, беларуская альбо ўкраінская. Але цягам двух-трох гадоў пераключымся на заходнееўрапейскую сістэму, і пытанне будзе развязанае. Пытанне бяспекі электрастанцыі ляжыць на кіраўніцтве Беларусі, яно мусіць гарантаваць поўную бяспеку, хоць і каштаваць тое будзе вельмі дорага.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.12.2019

Іншыя тэмы:

 

Hавiны