Колькасць ахвяраў у выніку выбухаў у Шры-Ланцы дасягнула 310 асобаў


Раней афіцыйныя крыніцы паведамлялі пра 290 ахвяраў. Па стане на раніцу 23 красавіка колькасць загінулых у выніку серыі выбухаў, што прагрымелі ў нядзелю на тэрыторыі Шры-Ланкі, дасягнула 310 чалавек. Пра гэта паведамляе мясцовае выданне News First са спасылкай на звесткі Міністэрства аховы здароўя.

Адзначаецца, што лік параненых складае 480 чалавек. Апазнаць да гэтага часу не ўдалося больш за 40 асобаў.

Серыя выбухаў прагрымела на Шры-Ланцы раніцай 21 красавіка. Першы выбух адбыўся ў царкве святога Антонія ў раёне Качыкадзэ ў Калёмба, другі – у царкве святога Севасцьяна ў Негомба, трэці – у царкве ў горадзе Баццікалоа на ўсходзе выспы. Прыкладна ў гэты ж час выбухі прагрымелі ў сталічных гатэлях Shangri-La, Cinnamon Grand і Kingsbury. Сёмы выбух пазней адбыўся ў раёне сталічнага заапарка, восьмы – у сталічным раёне Дзематагода. У гэты час у цэрквах вяліся велікодныя службы.

Паводле ўладаў Шры-Ланкі, серыю выбухаў ажыццявіла група тэрарыстаў-смяротнікаў экстрэмісцкай групоўкі Nations Thawahid Jaman (NTJ). Адказнасць за забойствы пакуль ніхто на сябе не ўзяў. Па падазрэнні ў дачыненні да выбухаў паліцыя затрымала 24 чалавек. Акрамя таго, улады Шры-Ланкі ўвялі надзвычайнае становішча, яно ўступіла ў сілу ў аўторак у поўнач.

Абноўлена
Адбылася серыя выбухаў у цэрквах і гатэлях Шры-Ланкі. Загінулых больш за сотню
2019.04.21 09:00

СК belsat.eu паводле rbc.ru

Стужка навінаў