Кітай ратуе Лукашэнку

Не Расеяй адзінай. Калі нашыя ўсходнія суседзі адмовіліся пад канец года выдаць урадавы крэдыт на 630 млн долараў, калі з’явіліся праблемы з іншымі крэдытнымі лініямі, і калі кампенсацыя за расейскую брудную нафту ўсцяж была пад пытаннем, Беларусь звярнулася да свайго стратэгічнага хаўрусніка. Гэтак Аляксандр Лукашэнка не аднойчы называў Пекін. І Паднябесная дапамагла – тэрміновы крэдыт на 500 млн долараў атрыманы. Але на якіх умовах?

Крэдытныя пакуты Менску пачаліся пры канцы кастрычніка. Спачатку стала вядома, што Беларусь не атрымае апошняга траншу крэдыту Еўразійскага банку развіцця памерам 200 млн долараў. І адразу пасля гэтага – чарговы ўдар: непадпісанне ўрадавага крэдыту з Расеі на 630 млн долараў.

Валерыя Касцюгова, палітолаг, экспертная супольнасць «Наше мнение»:

«Ён, як я зразумела, затоплены ў пакеце дамоўленасцяў, што Расея спадзяецца атрымаць ад Беларусі. Там усё ў комплексе: там і газ, і нафта, і нейкія там дарожныя мапы, і ўсё такое».

Між іншага, неразвязанае з Крамлём пытанне наконт так і не раскрытых дарожных мапаў замінае атрымаць кампенсацыю за брудную нафту, якой Расея заліла беларускія НПЗ яшчэ ў красавіку. Нібыта прадбачыўшы праблемы пад канец года, айчыннае Міністэрства фінансаў яшчэ ўлетку распачало перамовы з Паднябеснай. І вось у панядзелак – пазыка. Унікальная ў нашых з Кітаем стасунках.

Беларусь атрымала кітайскі крэдыт

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari»:

«Усе папярэднія крэдыты былі звязанымі, то бок ішлі на фінансаванне канкрэтных праектаў, звязаных з Кітаем, і адразу ішлі на аплату кітайскага абсталявання, кітайскіх тавараў, працы кітайскіх падрадчыкаў. Цяпер мы ўпершыню атрымалі не звязаны крэдыт, то бок Беларусь можа сама распараджацца гэтымі грашыма».

Хутчэй за ўсё. Бо кітайскія крэдыты маюць такую асаблівасць: публічна не агучваюцца ўмовы, на якіх Паднябесная выдае грошы. Гэтак і ў нашым выпадку – не вядома нічога. Амаль.

Леанід Злотнікаў, эканаміст:

«Агаворка такая, што гэты крэдыт будзе садзейнічаць беларуска-кітайскаму гандлю, яго развіццю. Ну, а для нас развіццё гэтага гандлю не вельмі выгаднае – мы прыкладна ў два разы болей імпартуем, чымся экспартуем».

На сёння Кітай – другі ў колькасці пазыкаў крэдытор нашае краіны, мы вінныя Паднябеснай вось ужо больш за тры з паловаю мільярды долараў. Наўпроставых пазыкаў з Расеі ў Менску назапасілася прыкладна ўдвая больш. За свае крэдыты Пекін рэалізуе ў Беларусі цэлы шэраг праектаў. Магчыма, значных для нашай краіны, але не для Кітаю.

«Беларусь, у прыватнасці беларускі прэзідэнт, вельмі любіць называць Кітай стратэгічным партнёрам. Але я думаю, што сам Кітай наўрад ці здагадваецца, што Беларусь для яго – стратэгічны партнёр. Гэта вельмі малая эканоміка для Кітаю», – мяркуе Вадзім Іосуб.

З гучных праектаў немагчыма не згадаць эпапею вакол цэлюлозна-папяровага камбінату ў Светлагорску. Яго меліся здаць яшчэ чатыры гады таму, але праз хібы ў будаўніцтве з віны кітайскай карпарацыі САМС і пратэсты мясцовых жыхароў дабудоўваюць прадпрыемства ўжо беларусы. Гэта не адзіны такі прыклад.

«Дакладна гэтак жа кітайскія крэдыты былі ў Добрушы – на папяровай фабрыцы. Мы ведаем, што там таксама ўсё ўжо даўно пратэрмінавалі, усю гэтую фабрыку ніяк запусціць не могуць. Будавалі яе, будавалі кітайскія будаўнікі і зʼехалі, не дабудаваўшы, бо недасведчаныя», – сцвярджае Леанід Злотнікаў.

Улады Беларусі тэрмінова бяруць крэдыт у Кітая

Ёсць і куды больш удалыя прыклады супрацы. Беларусь атрымала ад Кітаю ў дар некалькі дзясяткаў бронемашынаў «Смок». А распрацаваныя ў нас і ўзброеныя кітайскімі ракетамі «Паланэзы» Лукашэнка называе адказам на пашырэнне NATO на Усход:

«Калі пачалі там ракеты размяшчаць розныя… Мы адказалі. Мы стварылі свой комплекс «Паланэз». Яны заплакалі: што вы на нас нацэлілі? Я кажу: прыбірайце свае ракеты!»

І, вядома, індустрыяльны парк Вялікі Камень – не толькі як асаблівая эканамічная зона, але і як перавалачны пункт на шляху амбітнага кітайскага праекту «Адзін пас, адзін шлях» – фактычна сучасная версія шаўковага шляху. Па ім праз Беларусь на Захад ідуць тры з чатырох цягнікоў з Паднябеснай. А першапачаткова меліся ісці іншым шляхам.

Леанід Злотнікаў:

«Ён разлічваў, што ягоны шлях шаўковы збольшага пройдзе праз Украіну, але пасля 2014 года, пасля вядомых падзеяў, яны сталі глядзець на Беларусь, што можна павялічыць лічбу кантэйнераў, якія праходзяць на Захад праз Беларусь».

Натуральна, што Паднябесная не магла рызыкаваць і пускаць свае грузы, што ідуць праз два кантыненты, транзітам праз прарасейскія сепаратысцкія рэспублікі. Нават нягрэблівы ў выбары партнёраў Пекін адразу змяніў вектар свайго шаўковага шляху. І менавіта з 2015 года супраца з Беларуссю істотна павялічылася.

Магчыма, гэты шлях і вайсковая супраца з Паднябеснай стануць дадатковай гарантыяй нашага суверэнітэту ва ўмовах трывожных перамоваў аб інтэграцыі? Паводле адмыслоўца, Пекіну, натуральна, прасцей працаваць з незалежнай краінай, але…

«Суверэнная незалежная Беларусь… Эканамічнае заканадаўства ў нас такое, што з нашай краінай ніхто асабліва не хоча працаваць… Кітай, як і ўсе астатнія краіны, зацікаўлены ў тым, каб нашае эканамічнае заканадаўства мянялася, і можа наступіць момант калісьці, калі і Кітаю, і Расеі, і ўсяму астатняму свету можа быць усё адно, з якіх прычынаў яно нарэшце змяняецца», – мяркуе Валерыя Касцюгова.

Улічваючы, што мы не маем практычна ніякіх дакладных звестак пра змест гэтак званых дарожных мапаў у інтэграцыйных перамовах, магчыма, яно сапраўды зменіцца ўжо бліжэйшым часам. На расейскі ўзор.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 20.12.2019

Іншыя тэмы выдання:

Беларусь адкрываецца на сусветны гандаль. Хто атрымае найбольшую карысць?

Як Брусель глядзіць на інтэграцыйны ціск з боку Крамля?

Палкоўнік спецназу Барадач: пра «эскадроны смерці», забойства Шарамета і тэракты ў Менску

Генацыд армянаў пасварыў ЗША з Турцыяй. Эрдаган выйдзе з NATO?

Hавiны