Кіроўца блогера Сяргея Ціханоўскага: У мяне забралі машыну і не далі ніякіх дакументаў

Андрэй Ільюк суправаджаў блогера каналу «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага падчас яго падарожжа ў Магілёў.

6 траўня Андрэй Ільюк на ўласнай машыне выехаў з Магілёва ў Менск, каб выканаць даручэнне блогера Сяргея Ціханоўскага і перавезці туды ягоныя рэчы, але на магілёўскай акружной дарозе машыну Андрэя спынілі супрацоўнікі ДАІ.

Супрацоўнікі ДАІ спынілі Андрэя на магілёўскай аб’яздной дарозе

«Сяргей папрасіў мяне адвезці яго рэчы ў Менск. Сярод рэчаў быў сістэмны блок для камп’ютара і дарожная сумка. Я паклаў рэчы ў багажнік сваёй Аўдзі і паехаў. Сам Сяргей таксама ехаў на Менск, але з іншым кіроўцам на другой машыне. Яны ехалі за мной», – распісвае сітуацыю Андрэй.

Супрацоўнік ДАІ, які спыніў кіроўцу Ціханоўскага

Андрэй жыве ў горадзе Ельск Гомельскай вобласці. Ён прысутнічаў на сустрэчы «Краіны для жыцця» з падпісчыкамі ў Мазыры. Там і прапанаваў блогеру сваю дапамогу. Пасля гэтага паехаў разам з ім у Магілёў і збіраўся адвезці рэчы Ціханоўскага ў сталіцу, але не даехаў.

Андрэя папрасілі праехаць у Магілёўскі РАУС

Нумары гомельскага рэгіёну выклікаюць падазрэнне

«Я ўжо ведаў, што машыну Сяргея спынілі. Не прайшло і 5 хвілін, як і маю машыну таксама спынілі супрацоўнікі ДАІ, гэта здарылася амаль перад самым выездам на трасу М4 Магілёў – Менск. Праверылі дакументы – дакументы аказаліся ў парадку. Я спытаў прычыну спынення, мне адказалі, што ў мяне нумары Гомельскай вобласці, якія, нібыта, выклікаюць падазрэнне».

Пасля таго, як дакументы Андрэя аказаліся ў парадку, супрацоўнікі ДАІ вырашылі спраўдзіць, што ў яго ў багажніку. Спачатку Андрэй спрачаўся наконт правамернасці правярання багажніку, але хутка пагадзіўся на ўмовах, што ён адкрые багажнік, а супрацоўнікі візуальна агледзяць рэчы.

Машына Андрэя «Аўдзі» А8

«Я адкрыў багажнік і яны пабачылі там сістэмны блок. З боку праваахоўнікаў пачаліся пытанні, што гэта за сістэмны блок, чый. Я кажу ім, якая розніца. Я не буду адказваць на гэтыя пытанні. І яны мяне адпусцілі, сказалі: усё з дакументамі нармальна – едзь».

І Андрэй паехаў далей. Нават паспеў выехаць на М4, як той жа экіпаж ДАІ ўжо з уключанымі мігалкамі дагнаў яго на трасе і зноўку спыніў. На гэты раз супрацоўнікі ДАІ адразу прапанавалі праехаць у Магілёўскі РАУС на дагляд кампʼютара: маўляў, у іх у распрацоўцы нейкі сістэмны блок і трэба спраўдзіць нумар.

Андрэй Ільюк пад Магілёўскім РАУСам. Фота: Belsat.eu

Падазрэнне выклікаў нібыта VIN-нумар машыны

Ля РАУСу Андрэю сказалі заязджаць на тэрыторыю і пакінуць сваю машыну там, а самому зайсці ў будынак. На гэты момант на тэрыторыі ўжо знаходзілася машына, у якой ехаў Сяргей Ціханоўскі. Самога блогера ці кагосьці з яго экіпажу Андрэй не сустрэў. Усяго ў РАУСе Андрэй правеў каля 7 гадзінаў: з 12:00 да 19:00.

«Падставай для прыезду ў РАУС першапачаткова была праверка сістэмнага блоку. Але ўжо на месцы аказалася, што супрацоўнікі склалі пратакол, нібыта VIN-нумар маёй «Аўдзі» выклікаў у іх падазрэнне. Хаця яны нават не адкрывалі капот, нічога, каб паглядзець гэты нумар».

Ты нічога не падпісваеш, мы табе нічога не даём

Паводле Андрэя, ніякіх пытанняў пра рэчы ў багажніку ці пра Ціханоўскага міліцыянты яму не задавалі, пыталіся толькі пра VIN-нумар машыны. І ў выніку забралі машыну, ключы, тэхпашпарт, ўсе рэчы з багажніку.

«Я падыходзіў да намесніка начальніка РАУСу казаў яму: «Як гэта так, у мяне забралі машыну і ніякіх дакументаў не далі? Ні пратакола, ну хаця бы копіі. Яны сказалі мне: ты нічога не падпісваеш, мы табе нічога не даём. У другога кіроўцы таксама забралі машыну з прычыны «праверкі VIN-нумара». Хоць ён і падпісваў нейкія пратаколы, але яму таксама не далі ніякіх дакументаў на рукі», – сказаў Андрэй.

Андрэй ля пракуратуры. Фота: Belsat.eu

Ноч з 6 на 7 траўня Андрэй мусіў правесці ў гасцініцы ў Магілёве, бо без машыны з’язджаць дадому ў Ельск не хацелася. Званка ад праваахоўнікаў Андрэй не дачакаўся і звярнуўся да магілёўскіх праваабаронцаў:

«Поўная неразбярыха тут адбываецца. Я бы параіў Андрэю падаваць скаргу ў пракуратуру на тое, што яго затрымалі больш на 3 гадзіны без тлумачэння прычынаў і выпусцілі без аніякіх дакументаў», – сказаў праваабаронца Барыс Бухель.

Пры дапамозе праваабаронцаў Андрэй 7 траўня звярнуўся да намесніка начальніка Магілёўскага РАУСу Дзяніса Сапраненка. Пасля чаго яму вярнулі ўсе рэчы з машыны і выдалі копію акта агляду машыны. Сама машына пакуль што застаецца ў Магілёве ў чаканні экспертызы VIN-нумара. За паскарэнне гэтай экспертызы мужчына збіраецца сплочваць грошы. Андрэй упэўнены, што з машынай будзе ўсё ў парадку, бо яна ў яго 6 год, ён некалькі раз ездзіў на ёй праз мяжу, ды і алюмініевы нумар падрабіць не так так проста.

Даведка, якую Андрэю далі 7 траўня ў Магілёўскім РАУС

Вольга Васільева Belsat.eu

Hавiны