Кіраўнік Слонімшчыны падаў супраць NEXTA пазоў на 50 тысячаў рублёў


Старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэту Генадзь Хоміч падаў у суд на Сцяпана Святлова, які вядзе тэлеграм-канал «NEXTA». Чыноўнік абвінавачвае блогера ў распаўсюдзе недакладных звестак і патрабуе кампенсацыі «маральнай шкоды».

Падставаю для пазова стала інфармацыя, апублікаваная ў жніўні ў тэлеграм-канале NEXTA. Тады паведамлялася, што Генадзя Хоміча і ягоную жонку затрымлівалі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, а ў верасні чыноўнік можа страціць сваю пасаду.

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч. Фота https://www.belarus.by

У пазове, што быў накіраваны ў суд Менскага раёну, кіраўнік Слонімшчыны сцвярджае, што ні ён, ні ягоная жонка ніколі не кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане. Хоміч патрабуе ад NEXTA зняпраўдзіць «недакладныя звесткі, якія зневажаюць мой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю». У якасці кампенсацыі за «маральную шкоду» чыноўнік хоча спагнаць з NEXTA 50 тысяч рублёў.

Сцяпан Святлоў выкліканы на паседжанне, якое мусіць адбыцца 18 кастрычніка ў судзе Менскага раёну. Блогер настойвае, што ён публікаваў дакладныя звесткі наконт Генадзя Хоміча.

Блогер NEXTA – Сцяпан Святлоў

«Я думаю, ён гэта зрабіў не па сваёй волі, – кажа Сцяпан Святлоў пра пазоў чыноўніка ў каментары belsat.eu, – Хутчэй за ўсё, пасля таго як ён патрапіўся, яго не сталі караць, а вырашылі ўзяць на кручок. І цяпер даводзіцца вось такія загады выконваць – ад якіх яму ж яшчэ толькі горш будзе. Цяпер яму ўсе яшчэ і гэта прыгадваць будуць.

Чаму караць не сталі? Памятаецца, як два гады таму Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў следчых за тое, што ўварваліся ў дом да яшчэ аднаго аматара выпіць – старшыні Аршанскага райвыканкаму Пянькоўскага. Маўляў, для таго, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследавання па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр прэзідэнта, трэба згода прэзідэнта. Цяпер вырашылі проста не паведамляць Лукашэнку нічога. Бо піць за рулём можна, карупцыя – нельга. Імідж такі. Памятаю, як ён «адчытваў» былы ўрад за пʼянства. Яму сорамна за гэта».

На суд Сцяпан Святлоў ісці не плануе:

«На суд, вядома ж, не пайду, бо ў нас ані правасуддзя, ані справядлівасці няма. Да таго ж, я ў Польшчы».

Як піша «Наша Ніва», Хоміч хоча таксама падаў пазовы супраць СМІ, якія перадрукавалі інфармацыю NEXTA: «Беларускі партызан», парталы 21.by і bobruisk.ru (Вячэрні Бабруйск). Адказнасць мусіць несці фізічная ці юрыдычная асоба, на якую зарэгістраваны сайт. У выпадку з «Беларускім партызанам» — непасрэдна Святлана Калінкіна.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў