Кіраўнік МЗС Польшчы: З Бандэрай Украіна ў Еўропу не ўвойдзе. З Беларуссю сітуацыя стабільная


Польшча выкарыстае права вета на патэнцыйнае ўступленне Украіны ў ЕЗ, калі Кіеў не вырашыць гістарычныя пытанні і пытанні правоў меншасцяў.

Пра міністр замежных справаў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі заявіў у інтэрвʼю выданню wpolityce.pl.

«Эканамічная супраца, на жаль, не выглядае добра. І горш за ўсё, вядома, гістарычныя пытанні. Нашае пасланне вельмі выразнае: з Бандэрай у Еўропу не ўвойдзеце. Мы гаворым пра гэта і гучна, і ціха. Мы не будзем паўтараць памылкі 90-ых гадоў, калі былі пэўныя праблемы ў адносінах з Германіяй і Літвой. Я маю на ўвазе статус польскіх меншасцяў у гэтых краінах. Ужо маючы такі досвед, мы будзем цвёрда патрабаваць ад Украіны, каб усе справы былі вырашаныя да таго, як Кіеў будзе стаяць каля брамы Еўропы з просьбай аб членстве», – сказаў Вашчыкоўскі.

Кіраўнік МЗС таксама дадаў, што цяпер рыхтуецца візіт польскага прэзідэнта Анджэя Дуды ў Кіеў. Летась у Варшаву прыязджаў прэзідэнт Пётр Парашэнка.

Нагадаем, што раней кіраўнік кіруючай партыі Польшчы «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заяўляў, што праслаўленне Сцяпана Бандэры ва Украіне можа перашкодзіць еўрапейскім памкненням Украіны.

Актуальны стан польска-беларускіх стасункаў Вітольд Вашчыкоўскі пракаментаваў наступным чынам:

«Мы змаглі стабілізаваць стасункі з Беларуссю. Гэтыя стасункі не будуць лёгкімі, але цяпер паміж нашымі краінамі няма ідэалагічнай вайны», – сказаў кіраўнік МЗС.

Сцяпан Бандэра – палітычны дзеяч, ідэолаг радыкальнага ўкраінскага нацыяналізму, кіраўнік Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Ажыццяўляў тэрарыстычную дзейнасць супраць польскіх уладаў у адказ на іхную палітку ў Заходняй Украіне. Двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. З пачатку Другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з гітлераўскімі спецслужбамі. За абвяшчэнне без згоды нямецкіх акупацыйных уладаў акту пра ўтварэнне «Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы» трапіў у канцлагер. З 1943 АУН(б) (фракцыя бандэраўцаў) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы супраць Берліна і Масквы. Паводле загаду рэйхсміністра ўнутраных справаў Генрыха Гімлера ў 1944 г. Бандэра быў вызвалены з канцлагеру. Пасля вайны жыў у Мюнхене. У 1959 г. быў атручаны.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў