Кіраўнік МЗС Літвы: Мы зацікаўленыя, каб Беларусь як мага долей захоўвала суверэнітэт


Літва зацікаўленая ў тым, каб Беларусь захавала незалежнасць як мага даўжэй. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падчас сустрэчы экспертаў па бяспецы, якая прайшла 10-11 студзеня ў Тракайскім раёне Літвы, паведамляе delfi.lt

Падчас традыцыйнай, ужо дванаццатай штогадовай нефармальнай «Снежнай сустрэчы» літоўскія і замежныя эксперты ў галіне палітыкі бяспекі абмеркавалі выклікі, якія паўстаюць сёння перад Еўропай і ЗША, ролю НАТО ў сусветнай палітыцы і пытанні еўрапейскага лідарства. Пільная ўвага ўдзельнікаў мерапрыемства было накіравана на пагрозу, якая сыходзіць ад Расеі і варыянты адэкватнага адказу.

На пытанне аб тым, як ён ацэньвае сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з актуалізацыяй пытання аб інтэграцыі яе з Расеяй, Лінас Лінкявічус адзначыў, што чым далей, тым больш Беларусь інтэгруецца ў Расею.

«Цяпер увесь час паднімаецца пытанне аб ажыццяўленні планаў па стварэнні Саюзнай дзяржавы, і нам гэта асабліва актуальна, бо мы ведаем інтэнцыі Расеі, яе ваенную стратэгію, недружалюбнае, варожае стаўленне, адмаўленне каштоўнасцяў. Скарачэнне колькасці элементаў суверэнітэту Беларусі – гэта сапраўды неспрыяльны працэс. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь як мага даўжэй захоўвала суверэнітэт. Як гэта адбудзецца і якім спосабам, вырашаць, напэўна, не нам», – сказаў міністр.

На думку Лінаса Лінкявічуса, ступень беларуска-расейскай інтэграцыі на дадзеным этапе праілюстравалі вучэнні «Захад-2017»:

«Гэта паказала, наколькі моцна інтэграваная Беларусь ва ўсе структуры Расейскай Федэрацыі, асабліва ў тым, што датычыць абароны і бяспекі. Так што так нам і варта гэта трактаваць».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў