Кіраўнік «Белтэлекам» распавёў, як Уцюрын лабіяваў інтарэсы расейскіх кампаніяў

Генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Сяргей Сівадзедаў на судовым паседжанні 17 сакавіка распавёў, як намеснік дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Андрэй Уцюрын ціснуў на яго, каб забяспечыць кантракты для расейскіх кампаніяў.

Сяргей Сівадзедаў, які ўзначальваў «Белтэлекам» у 2014-2019 гадах, на судзе цалкам прызнаў сваю віну ў атрыманні хабараў на суму $ 470 тысяч і € 15 тысяч. 70 тысяч, паводле Сівадзедава, ён атрымаў ад кіраўніка кампаніі «Салідэкс» Сяргея Пакрышкі, 400 тысяч – ад кіраўніка ад кіраўніка ТАА «Мабільны сэрвіс» Уладзіміра Жыліна. За адкаты Сівадзедаў забяспечваў гэтым кампаніям перамогі на конкурсах па вызначэнню пастаўшчыка праграмна-тэхнічнага забеспячэння і абсталявання для перадачы дадзеных.

Сяргей Сівадзедаў. Фота з сайту beltelecom.by

Але асаблівую цікавасць выклікаюць кантакты Сівадзедава з грамадзянінам РФ Уладзімірам Казанцавым. Менавіта Казанцаў перадаваў хабары намесніку дзяржсакратара Савету Бяспекі Андрэю Уцюрыну.

З Казанцавым Сівадзедаў пазнаёміўся, калі ён прыехаў у Менск як прадстаўнік кампаніі «Смартлабс». Паводле кіраўніка «Белтэлекама», сустракаўся з Казанцавым ён, таму што на гэтым настойваў Андрэй Уцюрын. Уцюрын лабіяваў інтарэсы расейскай фірмы «Смартлабс» пры пастаўках абсталявання ў Беларусь і не менш за чатыры разы тэлефанаваў Сівадзедаву на гэты конт па ўрадавай сувязі.

«Калі я ўхіляўся (ад супрацы са «Смартлабс» – заўв. belsat.eu) – атрымліваў званок ад Андрэя Аляксандравіча Уцюрына», – распавядаў ён на судзе.

Паседжанне па справе Уцюрына 17 сакавіка. Фота belsat.eu

Званкі паступалі і міністру сувязі і інфарматызацыі Сяргею Папкову (менавіта гэтаму міністэрству падпарадкоўваецца «Белтэлекам»). Прычым званіў Уцюрын менавіта як намеснік дзяржсакратара, а не ў прыватным парадку, падкрэсліў Сівадзедаў.

Былы кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта прызнаў віну. Падрабязнасці справы Уцюрына

Паводле следства, Уцюрын дамовіўся з Казанцавым, што за лабіяванне інтарэсаў «Смартлабс» атрымае адкат у памеры 1/3 прыбытку ад кантракту – па факце гэтая сума склала $ 183 тысячы. Таксама Уцюрын, паводле следства, падбухторваў Казанцава даць хабар кіраўніку «Белтэлекама» Сівадзедаву за заключэнне кантракта на пастаўкі абсталявання расейскай кампаніяй «УГМК-Тэлекам». («УГМК-Тэлекам» – гэта вядомы ў РФ аператар сувязі, падкантрольны алігарху Іскандару Махмудаву).

Паседжанне па справе Уцюрына 17 сакавіка. Фота belsat.eu

Як распавёў на судзе Сівадзедаў, 29 студзеня 2019 года яму патэлефанаваў Казанцаў і запрасіў на сустрэчу. Яны сустрэліся ў кавярні, абмеркавалі дзелавыя справы і будучы тэндар на пастаўкі абсталявання. Расеец хацеў, каб на тэндары перамогла «УГМК-Тэлекам». Напрыканцы сустрэчы Казанцаў паказаў канверт з хабарам, але Сівадзедаў спачатку адмовіўся. «Я сказаў, што пакуль не гатовы вырашаць такія пытанні», – распавёў на судзе кіраўнік «Белтэлекаму». Але Казанцаў настойваў і Сівадзедаў усё ж узяў хабар у памеры € 15 тысяч.

«Без указанняў Уцюрына Андрэя Аляксандравіча на сустрэчу з Казанцавым я б не пагадзіўся, не абмяркоўваў бы пытанні, звязаныя з правядзеннем конкурсу, і грошовыя сродкі не прымаў бы», – падкрэсліў Сівадзедаў.

«Даў зразумець, што разлічвае на ўдзячнасць»

На паседжанні суду 17 сакавіка быў таксама дапытаны камерцыйны дырэктар «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаіл Прыгара. Менская «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» – гэта даччыная структура буйной маскоўскай IT-кампаніі «АМТ-Груп».

Прыгару вінавацяць у даванні хабару на агульную суму $ 285 тысяч. 211 тысяч з іх ён перадаў у выглядзе адкатаў старшыні праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру Феліксу Каспяровічу і намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацбанка Андрэю Падгорнаму (грошы яны дзялілі 50 на 50).

«Нашыя інтарэсы супадалі з інтарэсамі Нацбанку». У судзе над Уцюрыным распавялі пра сістэму адкатаў

Як вынікае з паказанняў Прыгары, іх карупцыйная супраца з Каспяровічам пачалася ў 2015 годзе. Тады банкаўскі чыноўнік і прадстаўнік «АМТ-Груп» сустрэліся на дзелавым абедзе. Каспяровіч распавёў, што цяпер Нацбанк рыхтуе конкурс на пастаўкі праграмна-тэхнічнага абсталявання і прапанаваў супрацу. Наўпрост пра адкаты падчас сустрэчы гаворкі не ішло. Але, паводле Прыгары, «намёкамі, паўнамёкамі і жэстамі» Фелікс Каспяровіч «даў зразумець, што чакае ўдзячнасці». Прычым Прыгара зрабіў выснову, што ўдзячнасць мусіць складаць не менш за 10 % ад прыбытку па кантракце.

Паседжанне па справе Уцюрына 17 сакавіка. Фота belsat.eu

Фактычна Каспяровіч гандляваў інсайдарскай інфармацыяй. Ён загадзя перадаваў Прыгары дадзеныя пра падрыхтоўку тэндараў і тэхнічныя патрабаванні па неабходным абсталяванні. Гэта дазваляла «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» найлепшым чынам падрыхтавацца да конкурсу. Фірма загадзя замаўляла абсталяванне, атрымлівала зніжку ад пастаўшчыка і таму мела магчымасць сфармаваць найбольш прывабную прапанову на тэндары.

Былы топ-чыноўнік Нацбанку распавёў, як пагарэў на хабарах

Прыгара сцвярджае: «АМТ-Груп» мог перамагчы і без карупцыі, бо кампанія насамрэч з’яўляецца адным з лідараў у сваёй сферы. Але ён пагаджаўся даваць адкаты Каспяровічу, таму што не хацеў праблемаў з кантрактам. Пры гэтым Прыгара пераконвае суд, што кіраўніцтва кампаніі ў Маскве нібыта нічога пра хабары не ведала. Інтарэс ён меў асабісты: за кожны новы кантракт Прыгара атрымліваў ад сваіх маскоўскіх працадаўцаў вялікія прэміі. Частку прэміяльных ён выдаткоўваў на адкаты.

Суд па справе Уцюрына. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Неаднаразова даваў Прыгара хабары і дырэктару Інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юрыю Зданевічу. Пра інсайдарскую інфармацыю тут гаворкі не ішло, але Прыгара самастойна вырашыў «аддзячыць» чыноўніка за заключэнне кантрактаў. Да гэтай думкі яго падштурхнулі словы Зданевіча, што ён, маўляў, збіраецца ў адпачынак і мае матэрыяльныя цяжкасці. У выніку Прыгара за некалькі гадоў перадаў Зданевічу хабараў на $ 74 тысяч. Чыноўнік моўчкі грошы браў і ні пра што не пытаўся.

«Усе платы вызначаліся зыходзячы з майго меркавання», – сказаў Прыгара.

Адкаты пераўтварыліся ў руціну. Апошні хабар для Зданевіча Прыгара вызначыў у памеры $ 30 тысяч і збіраўся перадаваць грошы ў два этапы. Перадаўшы першую палову ($ 15 тысяч) Прыгара, паводле ўласных словаў, проста забыўся пра гэта і ў наступны раз перадаў чыноўніку $ 29 тысяч.

«Проста забыў, што ўжо даваў», – прызнаецца ён.

Сваю віну Прыгара цалкам прызнаў і пайшоў на дасудовую здзелку.

Першы дзень судовага працэсу па справе Уцюрына. Галоўнае

***

Справу аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння Вярхоўны суд пачаў разглядаць 10 сакавіка. На лаве падсудных апынуліся 16 чалавек – чыноўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных банкаў і камерцыйных прыватных структураў. Частку вінавацяць у атрыманні, а частку – у даванні хабараў.

Андрэй Уцюрын справа. Фота: belsat.eu

Самы вядомы фігурант справы – былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Андрэй Уцюрын. Ён цалкам прызнаў сваю віну ў атрыманні хабараў на суму $ 192 тысячы.

Агулам з 16 фігурантаў справы цалкам не прызналі сваю віну толькі двое.

Што трэба ведаць пра справу экс-начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына?

ІІ belsat.eu

Hавiны