Кіраўнік «Белдзяржхарчпраму» сышоў у адстаўку


Аляксандр Забела сышоў у адстаўку з пасады старшыні дзяржаўнага канцэрну «Белдзяржхарчпрам». Гэтую інфармацыю belsat.eu пацвердзілі ў прыёмнай кіраўніка канцэрну.

Першымі пра адстаўку Забела паведаміў TUT.by. «У сілавікоў да Забела паўсталі пытанні на мінулым тыдні. У панядзелак ён сабраў калектыў і ўсё расказаў. Прычына – карупцыя ў «крышталяўскім» холдынгу. Яму ўручылі кветкі і такім чынам развіталіся», – кажа суразмоўца выдання.

Аляксандр Забела. Фота – bgp.by

У прыёмнай «Белдзяржхарчпраму» журналісту belsat.eu пацвердзілі факт адстаўкі, але атрымаць у канцэрне разгорнуты каментар на гэты конт не атрымалася.

Паводле TUT.by, сышоў у адстаўку таксама гендырэктар «Менск Крышталь Груп» Станіслаў Іодіс, аднак пацверджання гэтай інфармацыі няма. У холдынгу belsat.eu заявілі, што сітуацыю не каментуюць.

У верасні з’явілася інфармацыя пра карупцыйны скандал у «Менск Крышталь Груп». Паводле неафіцыйных звестак, праваахоўнікі зацікавіліся шэрагам топ-менеджараў холдынгу, у тым ліку галоўным інжынерам Аляксандрам Жарынам.

Холдынг «Менск Крышталь груп» уваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Белдзяржхарчпрам».

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў