Кіраўнік Арменіі назваў гістарычным крокам рэзалюцыю нямецкага парламенту аб генацыдзе армянаў


Серж Саргсян падзякаваў кіраўніцтву Нямеччыны за прызнанне генацыду армянаў 1915 года ў Асманскай імперыі.

Пра гэта гаворыцца ў тэлеграмах, якія ён накіраваў прэзідэнту ФРГ Ёахіму Гаўку, канцлеру Ангеле Мэркель і старшыні Бундэстагу Норбэрту Лямэрту, паведаміла прэс-служба кіраўніка Арменіі.

«Прыняцце Бундэстагам Нямеччыны рэзалюцыі аб прызнанні генацыду армянаў – крок, сапраўды, гістарычны: гістарычны не толькі для Арменіі і армянскага народу, Нямеччыны і нямецкага народу, але і для ўсяго цывілізаванага свету», – гаворыцца ў паведамленні да нямецкіх палітыкаў.

У адказ на нямецкую рэзалюцыю Турцыя адклікала свайго амбасадара. Варта адзначыць, што ў Нямеччыне жыве каля 3 млн туркаў (з 80 млн чалавек). Паводле Турцыі, рэзалюцыя не мае нічога супольнага з гістарычнай праўдай і носіць палітычны характар.

«Армянскі генацыд» або гэтак званы «Армянскі Галакост» – гвалтоўная масавая дэпартацыя і забойства армянаў, здзейсненыя младатурэцкім урадам у перыяд 1877–1923 у Асманскай імперыі. Паводле армянскай версіі, тады забілі каля 1,5 млн. чалавек. Турцыя прызнае забойства 200 тысячаў, але не пагаджаецца з тым, што гэта быў акт генацыду.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў