Кіно на «Белсаце»: ТОП-8 фільмаў, якія варта паглядзець у траўні


Сабралі для вас дакументальныя і мастацкія стужкі, якія можна глядзець у онлайне па-беларуску.

Кіно на тэлеканале «Белсат» можна глядзець праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.

Жорсткі фільм пра суседку Беларусі

Фільм, які падзяліў гледачоў і крытыкаў на Канскім фестывалі. Пакорлівая рэгулярна дасылае мужу пасылкі, бо той сядзіць у турме. Але апошняя пасылка вяртаецца на адрас адпраўніка. У расейскіх рэаліях адзіная магчымасць даведацца, што здарылася з мужам, – паехаць у турму, у далёкую Сібір. Фільм зняты на матыў аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. А паглядзець варта хоць бы з увагі на ролю праваабаронцы, якую грае Лія Ахеджакава.

Што за фільм: «Пакорлівая» («Кроткая»)

(мастацкі, рэж. Сяргей Лазніца, 2017 г., Францыя–Украіна–Нямеччына–Літва–Латвія–Нідэрланды–Расея)

Калі глядзець: серада, 1 траўня, а 21:40 або чацвер, 2 траўня, а 16:05

Парыж – кепская ідэя для рамантычнай паездкі

Яна – францужанка, ён – амерыканец, і разам яны выпраўляюцца ў падарожжа, каб аднавіць былую рамантыку ў стасунках. Па дарозе – Парыж. У ягоным уяўленні гэта рай для рамантыкаў. Для яе ж гэта проста горад юнацтва, дзе засталіся сябры і былыя каханкі… Падарожжа ператвараецца ў суцэльнае выпрабаванне.

Што за фільм: «Два дні ў Парыжы»

(мастацкі, рэж. Жулі Дэльпі (Julie Delpy), 2006 г., Францыя–Нямеччына)

Калі глядзець: субота, 4 траўня, а 21:45

Настолькі прыгожыя кадры Амазонкі з дрону, што цяжка апісаць словамі

Трапічны лес будзе расці на вашых вачах. Стужка забірае ў незвычайнае падарожжа па джунглях Перу і Габону, куды вы, магчыма (або напэўна), ніколі не даедзеце самі. А зняў яе аўтар іншага цудоўнага дакументальнага фільму – узнагароджанага «Оскарам» «Шэсця пінгвінаў».

Што за фільм: «Аднойчы ў лесе» («Il était une forêt»)

(дакументальны, рэж. Люк Жаке, 2013 г., Францыя)

Калі глядзець: нядзеля, 5 траўня, а 17:45

Дзяўчынка пражыла 414 дзён у каналізацыі

Што рабіць, калі ты – дзіця, а вакол – вайна? Незвычайны погляд на Другую сусветную вайну, пра якую, здавалася б, знялі ды паказалі ўжо ўсё, што можна. Але гэтыя аповеды мала каго пакінуць раўнадушнымі. Маленькая жыхарка Львова Хрысціна Хігель перажыла захоп гораду толькі таму, што 414 правяла пад зямлёю.

Што за фільм: «Дзеці перамогі»

(дакументальны, рэж. Сяргей Сатнічэнка, Аляксей Есакоў, aўтар Святлана Усенка, Украіна, 2017 г.)

Калі глядзець: аўторак, 7 траўня, а 17:50 (ч. 1), серада, 8 траўня, а 17:40 (ч. 2), чацвер, 9 траўня, а 17:50 (ч. 3)

Пайшоў на мора і не вярнуўся

Шмат гадоў запар муж і жонка праводзяць адпачынак у сваім дамку ў ціхай прыморскай мясцовасці на паўднёвым захадзе Францыі. Аднойчы ён ідзе на мора і знікае. Што гэта: дзіўная смерць цi спланаваны ўчынак? І за што жыць, калі карыстацца банкаўскім рахункам мужа нельга цягам дзесяці гадоў, паколькі ўладальнік лічыцца зніклым без вестак? І вось жанчына натыкаецца на нечаканую знаходку… У галоўнай ролі – Шарлат Рэмплінґ (Charlotte Rampling).

Што за фільм: «Пад пяском» (Sous le sable)

(мастацкі, рэж. Франсуа Азон (François Ozon), Францыя – Японія, 2000 г.)

Калі глядзець: аўторак, 7 траўня, а 20:45

Атрымай два квіткі ў Лісабон

Швейцарскі настаўнік гісторыі жыве ў Бэрне звычайным жыццём бяздзетнага разведзенага мужчыны: навучае ў школе, захапляецца вывучэннем моў, збірае рэдкія кнігі, гуляе сам з сабой у шахматы. Аднойчы па дарозе на працу ён сустракае дзяўчыну, якая спрабуе скочыць з моста. Яму ўдаецца выратаваць яе і прывесці з сабой на заняткі. Аднак дзяўчына неўзабаве сыходзіць, пакінуўшы толькі плашч, у якім ён знаходзіць кнігу невядомага партугальскага аўтара, а ў ёй – два квіткі на начны цягнік да Лісабона. У ролях: Джэрэмі Айранз (Jeremy Irons) і Шарлат Рэмплінг (Charlotte Rampling).

Што за фільм: «Начны цягнік да Лісабона»

(мастацкі, рэжысёр Біле Аўґуст (Bille August), Нямеччына–Швейцарыя–Партугалія, 2013 г.)

Калі глядзець: субота, 18 траўня, а 21:45

Як у СССР планавалі спарваць людзей з малпамі

Напрыканцы 1920-х у Сухумі пабудавалі навукова-даследчы інстытут, у якім меліся стварыць гібрыд чалавека і шымпанзэ. Да выканання эксперыменту справа не дайшла, але малпы дагэтуль бадзяюцца ў закінутых карпусах…

Што за фільм: «Скарб Тарзана» («Tarzan’s Testicles»)

(дакументальны, рэж. Александру Саламон (Alexandru Solomon), 2017 г., Францыя–Румынія)

Калі глядзець: нядзеля, 26 траўня, а 18:15

Такога пра Дастаеўскага не распавядалі ў школе

Што будзе, калі дзеянне аповесці ХІХ ст. («Белыя ночы») перанесці ў сучасны Нью-Ёрк? Пасля балючага разрыву з нарачонай малады нью-ёркавец Лэнард робіць няўдалую спробу самагубства. У той жа дзень ён знаёміцца з дачкою партнёра свайго бацькі, а неўзабаве – з новай суседкай. Гэтак у жыцці Лэнарда распачынаюцца два паралельныя раманы: з аднаго боку, з клапатлівай ураўнаважанай Сэндрай, з іншага – з яскравай неспакойнай Мішэл…

Стужка знятая паводле аповесці Фёдара Дастаеўскага, з Хуакінам Фініксам (Joaquin Phoenix) і Гўінэт Пэлтроў (Gwyneth Paltrow) у галоўных ролях, намінаваная да прэміі Канскага кінафестывалю.

Што за фільм: «Два каханні»

(мастацкі, рэж. Джэймз Грэй (James Gray), ЗША, 2008 г.)

Калі глядзець: нядзеля, 26 траўня, а 21:30

Стужка навінаў