Кім Чэн Ын паабяцаў не будзіць прэзідэнта Паўднёвай Карэі ракетнымі запускамі


Лідар КНДР Кім Чэн Ын і прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Чжэ Ін на памежным пункце Пханмунджом

Кім Чэн Ын стаў першым паўночнакарэйскім лідарам, які перайшоў праз ваенна-дэмаркацыйную лінію і трапіў на тэрыторыю Паўднёвай Карэі ў памежным пункце Пханмунджом, каб узяць удзел у перамовах аб «аб’яднанні» Карэяў.

Падчас перамоваў Кім Чэн Ын прапанаваў спыніць канфрантацыю на Карэйскім паўвостраве ды пабудаваць «лепшы свет». На што паўднёвакарэйскі лідар Мун Чжэ Ін адказаў: «Давайце часцей сустракацца».

Лідар КНДР таксама паабяцаў, што больш не будзе будзіць прэзідэнта Паўднёвай Карэі ракетнымі запускамі, якія паўночнакарэйскі бок звычайна праводзіў раніцай. Пра гэта распавёў прэс-сакратар прэзідэнта Рэспублікі Карэя Юн Ён Чхан.

21 красавіка кіраўнік Паўночнай Карэі абвясціў аб прыпыненні выпрабаванняў ядравай зброі і міжкантынентальных балістычных ракет ды закрыцці палігона для ядравых выпрабаванняў.

«Кім Чэн Ын сказаў прэзідэнту Муну, што чуў, што той заўсёды ўстае зранку праз ракетныя запускі КНДР, і паабяцаў, што больш не будзе трывожыць ягоны сон», – распавёў прэс-сакратар Мун Чжэ Іна.

Сястра лідара КНДР Кім Ё Чжон, таксама прысутнічала за сталом перамоваў і прапанавала паскорыць абʼяднанне Карэяў. Яе рэмарка, паводле Юн Ён Чхана, «выклікала дружалюбны адабральны смех ва ўсіх прысутных».

У 2017 годзе праз ядравыя выпрабаванні ў КНДР сітуацыя на Карэйскім паўвостраве абвастрылася. Напрыканцы года Пхеньян паведаміў аб паспяховым стварэнні ядравых сілаў і сваёй магчымасці нанесці ўдар па ЗША. Пасля чаго КНДР трапіла пад узмоцненыя міжнародныя санкцыі.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com, reuters.com

Стужка навінаў