КДК: сітуацыя з забеспячэннем аптэк маскамі і антысептыкамі значна палепшылася

Камітэт дзяржаўнага кантролю паведамляе, што за апошні тыдзень у аптэчнай і гандлёвай сетках значна палепшылася сітуацыя з наяўнасцю тавараў павышанага попыту і цэнамі на іх.

Як адзначаецца на сайце КДК, у канцы сакавіка – пачатку красавіка быў праведзены маніторынг беларускіх аптэк. Высветлілася, што маскі былі ў продажы толькі ў 17% аптэк, антысептыкі – у 38,5%. Але з таго часу сітуацыя значна палепшылася. Паводле новага маніторынгу, які быў праведзены 13 красавіка, у 89,2 % аптэк меліся маскі, у 82,6 % – антысептыкі на спіртавой аснове. У дзяржаўнай аптэчнай сетцы ўказаныя тавары былі ў продажы практычна ўсюды.

Таксама КДК сцвярджае, што значна палепшылася сітуацыя з цэнамі на прадукты павышанага попыту – лімоны, імбір, часнык. Практычна ўсе гандлёвыя сеткі знізілі рознічныя цэны на іх.

Маскі, пальчаткі, антысептыкі. Нягледзячы на загад Лукашэнкі, яны паступілі не ва ўсе аптэкі

Нагадаем, падчас нарады 7 красавіка Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што адправіць урад у адстаўку, калі насельніцтва і медыкі не будуць забяспечаныя сродкамі абароны. «Я прэм’ер-міністра папярэдзіў: калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне дакладуць, што чагосьці не хапае недзе ў крамах, аптэках або ў шпіталях, асабліва для абароны лекараў – ураду не будзе. Будуць працаваць іншыя», – заявіў Лукашэнка. Пытанне з маскамі было пастаўлена на асабісты кантроль Лукашэнкі і да панядзелка, 13 красавіка, даручана зняць усе праблемы з іх недахопам.

Таксама 7 красавіка Лукашэнка даручыў КДК узначаліць працу па стрымліванню цэнаў на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.

КДК абяцае караць крымінальнымі справамі за «вольніцу з цэнамі»

ІІ belsat.eu

 

Hавiны