КДБ сабраў дасье на 81-гадовую пенсіянерку, якая падтрымала Ціханоўскага

Галіна Андрэйчык. Фота: svaboda.org

Камітэт дзяржаўнай бяспекі сабраў дасье на пенсіянерку, якая публічна падтрымала Сяргея Ціханоўскага і раскрытыкавала Аляксандра Лукашэнку.

Старшыня КДБ Валерый Вакульчык паказаў журналістам тэлеканалу ОНТ «справу бабулі» з Горадні, якая мае «два дамы на адной тэрыторыі».

Таксама ў партфелі былі справы затрыманых 29 траўня ў Горадні блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных прыхільнікаў.

Захад абураны рэпрэсіямі ў Беларусі

81-гадовая Галіна Андрэйчык 29 траўня ў Горадні дала інтэрв’ю Сяргею Ціханоўскаму, у якім раскрытыкавала дзеянні Аляксандра Лукашэнкі і ўладаў.

А 4 чэрвеня БТ з дрона паказала дом пенсіянеркі, заявіўшы, што ў яе ёсць кватэра ў цэнтры Горадні, катэдж, «дзве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус за $ 25 тыс. Сыноў яе назвалі беспрацоўнымі.

Звярнуў увагу на жанчыну і сам Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што пенсіянерка «крычала, гарлала», а сама жыве ў «палацы».

Міністр інфармацыі пра ператрус у Ціханоўскага: «Трэба па ўсім таварышам прайсціся»

Галіна Андрэйчык 52 гады выкладала эканамічную тэорыю ў гарадзенскіх універсітэтах. Ейны муж працаваў вядучым спецыялістам па будаўніцтве. Свой катэдж яны пабудавалі ў 1990-х гадах. Грашыма ім дапамагалі сваякі з Аўстраліі, перадае радыё «Свабода».

У пенсіянеркі двое сыноў. Старэйшы працуе ў сферы турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы – праграмістам у расейскай фірме ў аўтамабільнай сферы.

МГ belsat.eu

Hавiны