«Кажа: гэта не мы». Лукашэнка абмяркоўваў з Пуціным публікацыі ў расейскіх Telegram-каналах


Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з удзелам кіраўнікоў дзяржаўных СМІ распавёў, што на нядаўняй сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы ў тым ліку абмяркоўваў публікацыі наконт Беларусі ў шэрагу расейскіх СМІ і Telegram-каналаў. Пра гэта піша БелТА.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь з усіх бакоў працятая рознымі медыйнымі патокамі і шмат якія з іх адкрыта дэструктыўныя. Ён распавёў, што нядаўна папрасіў прэс-сакратарку, каб яму падрыхтавалі падборку апошніх публікацыяў у расейскіх СМІ – буйных, дробных, а таксама Telegram-каналах.

«За якімі стаяць канкрэтныя людзі, якія ва ўладзе. Таму што калі я вяду размову (не толькі мы пра нафту, газ гаворым, атамную станцыю, грошы), я ўвесь час размаўляю па пытаннях СМІ, – расказаў Лукашэнка. – Гэта сёння вельмі важна для нашага грамадства, у тым ліку і для расейскага. Мы тут сваё грамадства абаронім. Але мы ж сёння гандлюем з Расейскай Федэрацыяй. І што значаць інфармацыйныя ўкіды, наконт, дапусцім, нейкага няякаснага тавару з Беларусі, асабліва прадуктаў харчавання. Людзей гэта насцярожвае».

Лукашэнка адзначыў, што абмяркоўваў гэтае пытанне з Уладзімірам Пуціным:

«Ён кажа: ты ведаеш, краіна вялікая… Вось і ў апошні раз з Мядзведзевым, Пуціным утрох мы сустракаліся, закранулі гэтыя тэмы. Кажа: гэта не мы. Кажу: як гэта «не мы», калі за гэтым каналам стаіць вось такі і такі чалавек? І называю прозвішчы вядомыя, якія люта ненавідзяць ці ж за грошы нешта пачынаюць у наш адрас скажаць».

Hавiны
Вынікі перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. Галоўнае
2020.02.08 14:18

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў