«Казаць праўду лёгка і прыемна». На былога міліцыянта завялі крымінальную справу за паклёп


Аляксандр Аграйцовіч больш за тры гады працаваў участковым у Менску. Пасля звальнення ў сакавіку 2010 года перайшоў на «іншы бок барыкадаў». На выбарах 2010 года працаваў у камандзе Уладзіміра Някляева, сядзеў на «соднях». У 2017 годзе ён браў удзел у «дармаедскіх» пратэстах. А зараз на яго завялі крымінальную справу за паклёп.

З міліцыянта – у апазіцыянеры

Аляксандр Аграйцовіч скончыў гістфак БДУ і пасля «лёс склаўся так», што 3,5 гады мужчына працаваў у міліцыі.

«Гэта была нейкая рамантычная для мяне прафесія… Я паводле адукацыі настаўнік гісторыі і архівіст. Хацеў працаваць інспектарам у справах непаўналетніх, але працаваў участковым. Але ўсё роўна праца была звязаная з выхаваннем, але ўжо дарослых людзей», – узгадвае Аляксандр.

Аляксандр Аграйцовіч.
Фота: асабісты архіў героя

Ён вырашыў звольніцца ў Дзень міліцыі – 4 сакавіка 2010 года. Кажа, што не мог трываць усяго, што там адбываецца. Хоць і праца ў яго была «абсалютна непалітычная». Падкрэслівае, што нават не было часу цікавіцца палітычнай сітуацыяй у краіне.

З таго моманту ягонае жыццё вельмі змянілася. Ён стаў актывістам апазіцыйных рухаў, некалькі разоў сядзеў на «содняў». Зараз ён актывіст руху «За свабоду».

Назіранне на выбарах і паклёп

Аляксандр тройчы назіраў на беларускіх выбарах. Першы раз – на парламенцкіх у 2016 годзе. Прыгадвае, што тады яму «не ўдалося схапіць за руку фальсіфікатараў». На выбарах у мясцовыя саветы ў 2018 годзе ён напісаў скаргу на дзеянні камісіі, аднак не атрымаў адказу.

Леташнія парламенцкія выбары сталі ягоным «зорным» часам. Тады ён завёў відэаблог, у якім выкрываў несумленнасць беларускіх выбараў.

«Мяне часта пыталі: «Як праходзяць выбары і фальсіфікацыі?» Я не хацеў паўтараць адное і тое ж дзясяткі разоў. Таму вырашыў зрабіць відэаблог «Дзённікі назіральніка»», – тлумачыць Аляксандр.

Напачатку ён публікаваў невялікія відэа з кожнага дня галасавання. Аднак прызнаецца, што пад канец быў вельмі моцна стомлены ўсім, што там адбывалася. Таму фінальнае відэа ён апублікаваў толькі напрыканцы траўня.

У ім ён падрабязна апісвае чальцоў выбарчай камісіі, за працай якой ён сачыў у лістападзе 2019 году. Гэтае відэа і стала падставай для абвінавачвання яго ў паклёпе.

Крымінальная справа

У траўні Аляксандра выклікалі ў пракуратуру на «размову». Туды ён ужо ішоў з рэчамі і ежай.

«Страшна збіраць рэчы ўпершыню, ісці на допыты або размовы, але калі ты ўжо падрыхтаваны, то страх знікае. Казаць праўду лёгка і прыемна», – кажа Аляксандр.

Пасля яму стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу – «Паклёп». Падалі заяву на былога міліцыянты акурат тыя чальцы выбарчай камісіі, дзе ён быў назіральнікам.

У пятніцу 19 чэрвеня ў яго зладзілі вобшук, прычым самога Аляксандра нават не было ў дому. У яго забралі старыя ноўтбукі, некалькі непрацоўных мабільных тэлефонаў, пашпарт, працоўную кніжку.

«Веру ў лепшае»

Ён мяркуе, што супраць яго дарма была заведзеная крымінальная справа: гэта толькі прыцягнула больш увагі да ягонай дзейнасці. У сярэднім відэа на канале Аляксандра набіралі па 700 праглядаў, а гэтае відэа пабіла рэкорд з 4300 праглядамі.

У аўторак 23 чэрвеня мужчына хадзіў на допыт, дзе атрымаў свой пашпарт і працоўную кніжку, а таксама падпісаў падпіску аб нявыездзе. Кажа, што аніхто на яго не ціснуў, усё было даволі карэктна.

Аляксандр Аграйцовіч. Скрыншот з роліку на YouTube

«Чым скончыцца справа, я нават не ведаю. Арышт маёмасці можа прывесці да штрафу. Але хачу паўнавартаснай праверкі па дадзенаму поваду, каб даказалі маю невінаватасць і фіктыўнасць выбараў», – гаворыць Аляксандр.

Аднак мужчына намагаецца не губляць аптымізму.

«Спадзяюся на горшае, але веру ў лепшае», – кажа ён.

Зараз падобныя допыты чакаюць тых людзей, якія і напісалі заяву на Аляксандра.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў