Казахстан – Мекка беларускіх футбалістаў. Чым вабіць нашых гульцоў гэтая краіна?


Усё больш беларускіх футбалістаў гуляе ў казахскіх клубах. Belsat.eu разбіраўся, чаму гэтая краіна такая папулярная сярод нашых спартоўцаў.

Чарговы футбольны чэмпіянат Казахстана пачаўся 7 сакавіка, і ніколі раней беларускім заўзятарам не было так цікава сачыць за спаборніцтвамі ў гэтай краіне – зараз тут гуляе ажно 14 беларускіх футбалістаў. Гэта рэкорд: так шмат нашых футбалістаў не гуляе ні ў адной краіне.

Экс-гулец «Віцебску» Мікіта Наўмаў. фота: www.fc-zhetisu.kz

Беларусы пакараюць Казахстан

Ужо шэсць гадоў у Казахстане няма роўных клубу «Астана». І за яго ўжо трэці сезон выступае адзін з лідараў беларускай зборнай – Іван Маеўскі. Ён тут на добрым рахунку – напрыклад, у мінулым чэмпіянаце паўабаронца згуляў 26 матчаў і забіў два галы. Зараз гульцом «Астаны» стаў яшчэ адзін беларус – 20-гадовы Макс Эбонг, які раней выступаў за салігорскі «Шахцёр».

Клуб «Кайрат» у мінулым чэмпіянаце Казахстана заняў другое месца, а трэнерам тут працуе беларус Аляксей Шпілеўскі. З гэтага году тут будзе выступаць кіргізскі вінгер Гулжыгіт Алыкулаў. Ён пераехаў у «Кайрат» з гарадзенскага «Нёмну».

Самым беларускім клубам Казахстана стаў «Жэтысу» з Талдыкаргану, за яго будзе выступаць адразу пяць беларусаў: да абаронцаў Андрэя Лебедзева і Мікіты Наўмава дадаліся Вадзім Пабудзей з «Дняпра» і два экс-гульцы менскага «Дынама» Андрэй Залескі і Ягор Зубовіч.

Макс Эбонг (крайні злева) на сустрэчы з заўзятарамі «Астаны».
Фота: fcastana.kz

Ёсць беларусы і ў іншых клубах Казахстану. Экс-галкіпер БАТЭ Сяргей Чэрнік абраў паўладарскі «Іртыш», у «Кызыл-Жара» гуляюць абаронца Цярэнцій Луцэвіч і нападнік Ігар Зяньковіч. Экс-абаронца берасцейскага і менскага «Дынама» Аляксей Гаўрыловіч падпісаў кантракт з «Акжэтпесам», у «Кайсаре» гуляе Іван Садоўнічый, у «Алтаі» – Мікіта Букаткін, а ў клубе «Тараз» – Валер Каршакевіч.

Летась беларускія футбалісты перасталі лічыцца ў Казахстане легіянерамі, а казахі свабодна могуць гуляць у нас. Той жа самы статус у нашых футбалістаў і ў Расеі, але туды гэтай зімой пераехала толькі чатыры беларусы.

Добрыя тэндэнцыі

– Масавы ад’езд беларускіх футбалістаў у Казахстан – гэта цалкам рынкавая гісторыя. Там мы перасталі лічыцца легіянерамі, мы не разбэшчаныя вялікімі грашыма, а там добрыя заробкі – попыт і прапанова зʼявіліся маментальна, – распавёў Belsat.eu галоўны рэдактар спартовай газеты «Прэсбол» Сяргей Кайко.

Адмыслоўца бачыць у гэтай гісторыі адзін пазітыў.

– Хто б ні называў чэмпіянат Казахстану шабашкай, для нашых гульцоў гэта не зусім так. Чэмпіянат там цалкам годны. Асабліва, калі весці гаворку пра вядучыя клубы. І зборная наша адтуль атрымае сталае падсілкоўванне. Прама зараз гэта і Маеўскі, і Навумаў, і Эбонга, і – з агаворкамі – Чэрнік, – лічыць Сяргей Кайко.

Фінансы – добрыя, палі – не вельмі

Паўабаронца берасцейскага «Дынама» і зборнай Беларусі Сяргей Кісляк пагуляў у Расеі, Турцыі, правёў паўгода ў паўладарскім «Іртышы» (цяпер там выступае Сяргей Чэрнік), пасля чаго вярнуўся на радзіму, каб стаць чэмпіёнам Беларусі.

– Каманды добрыя, легіянеры класныя. Адзінае, умовы для гульні і трэнаванняў не вельмі добрыя: палі дрэннай якасці, інфраструктура кульгае. А так чэмпіянат нядрэнны, у кожнай камандзе ёсць высокага ўзроўню легіянеры, а ў лідараў чэмпіянату «Астаны» і «Кайрата» і казахскія футбалісты высокага ўзроўню, – распавёў Belsat.eu Сяргей Кісляк.

Сяргей Кісляк у форме берасцейскага «Дынама».
Фота: dynamo-brest.by

Паводле суразмоўцы, нашыя спартоўцы едуць у Казахстан па двух прычынах: добрыя фінансавыя ўмовы і тое, што беларусы там не лічыцца легіянерамі.

Кісляк кажа, што чэмпіянаты Беларусі і Казахстана прыкладна аднолькавага ўзроўню, але калі заплюшчыць вочы на фінансавы чыннік, то ў нас ёсць нават пераваг – напрыклад, палі натуральныя і выдатнай якасці, лепшыя і стадыёны, а таксама нашмат менш трэба лётаць.

У гэтым годзе з Беларусі ў Казахстан пераехалі амаль дваццаць футбалістаў, а вось у зваротным напрамку не перабраўся ніхто. Сяргей Кісляк не бачыць у гэтым нічога дзіўнага:

– Навошта казахам зʼязджаць са свайго чэмпіянату, калі ў іх добрыя фінансавыя ўмовы, і яны гуляюць дома?

Алесь Ляўчук Belsat.eu

Стужка навінаў