Казахстан далучаецца да пратаколу аб адмене смяротнага пакарання

Казахстан распачынае працэдуру далучэння да Другога факультатыўнага пратаколу аб адмене смяротнага пакарання. Адпаведнае рашэнне прыняў прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў, паведамляе сайт tengrinews.kz.

«Міністэрству замежных справаў даручаецца распачаць працэдуру далучэння да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах«, – загадаў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

У Казахстане яшчэ ў 2003 годзе Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб увядзенні ў краіне мараторыя на смяротнае пакаранне. З гэтага часу ў краіне спынілі выкананне ўсіх смяротных прысудаў, хаця суды могуць выносіць рашэнні аб прызначэнні пакарання смерцю. У якасці альтэрнатыўнага пакарання ў Казахстане з 2004 года ўведзена пажыццёвае пазбаўленне волі.

Адзінай краінай у Еўропе, дзе выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, застаецца Рэспубліка Беларусь. Апошні смяротны прысуд у нашай краіне прыведзены ў выкананне 17 снежня. Міжнародная супольнасць раскрытыкавала кіраўніцтва краіны з гэтай нагоды.

Еўразвяз раскрытыкаваў чарговы расстрэл у Беларусі

СК belsat.eu

Hавiны