19-гадовы Раман Ляўкоўскі з Полацку сцвярджае, што 11 кастрычніка яго катавалі ў мясцовым РАУСе. Хлопца абражалі ды «абяцалі вывезці ў лес». З адкрытым лістом маладзён звярнуўся да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева. Следчы камітэт паабяцаў правесці правяранне цягам 10 дзён, аднак адказу ўсцяж няма.
«15 кастрычніка мне патэлефанавалі ды запрасілі ў СК. Абяцалі правесці праверку цягам 10 дзён. Дагэтуль са мной ніхто не звязваўся. Яшчэ пыталіся, каму я распавядаў пра катаванні. Тэлефанавалі майму сябру. Як і ў міліцыі ў дзень катаванняў, у Следчым камітэце ніякіх пратаколаў ды іншых папераў я не падпісваў», – распавёў belsat.eu Раман.
14 кастрычніка блогер апублікаваў на сваім Youtube-канале зварот да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева.
У відэа хлопец паскардзіўся на пагрозы міліцыянтаў Полацкага РАУСу. Паводле Рамана, 11 кастрычніка ён здымаў відэа ў некалькіх крамах, дзе яму адмовіліся даць кнігу скаргаў і прапановаў, пасля чаго ён выклікаў міліцыю. Замест участковага прыехалі працаўнікі крымінальнага вышуку.
Маладзён апавёў, што яго затрымалі, завезлі ў аддзяленне ды замкнулі на ключ у кабінеце з трыма міліцыянтамі. Блогер назваў імя аднаго з міліцыянтаў – Аляксандр Лапацін.
Раман кажа, што праваахоўнікі загадалі зняць куртку, праверылі кішэні. Адзін з іх кінуў яе на падлогу і сказаў, што будзе мыць ёю падлогу. Таксама міліцыянты загадалі блогеру агаліцца да майткоў, пасля чаго адзін з іх узяў хлопца за шыю, паклаў на стол і пачаў душыць.
«Потым кінуў мяне на падлогу, стаў каленам на грудзі, адначасова душыў. Лапацін пагражаў абасцаць мяне і зняць гэта на тэлефон, бо, маўляў, я ўсё роўна нікому не раскажу. Мне гаварылі, што паб’юць дручком, засунуць фалас, адвязуць да «петухоў», у лес, калі камусьці распавяду», – сцвярджае блогер.
Раман Ляўкоўскі дадае, што міліцыянты змусілі яго разблакаваць тэлефон і выдалілі ролік канфлікту з Аляксандрам Лапаціным. Катаванні, паводле Рамана, працягваліся дваццаць хвілінаў.
Аляксандр Лапацін у каментары belsat.eu зняпраўдзіў, што затрымліваў маладзёна і параіў звярнуцца да прэс-службы.
«Ладзіцца праверка, будуць вынікі, будзе пра што гаварыць. А пакуль гаварыць пра нешта зарана», – паведаміла прэс-сакратарка Полацкага РАУСу Юлія Зайцава.
Звязацца з прадстаўніцай прэс-службы Следчага камітэту ў Віцебскай вобласці не ўдалося.
ДР belsat.eu