Катаванні і антысанітарыя. Праваабаронцы падвялі вынікі маніторынгу беларускіх турмаў


Праваабарончы цэнтр «Вясна» 13 лютага прэзентаваў справаздачу па выніках праведзенага цягам 2018-2019 гадоў маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Беларусі.

Ацэнка выканання правоў зняволеных праводзілася экспертамі з юрыдычнай адукацыяй, а ў зборы дадзеных для маніторынгу дапамагалі як праваабаронцы і грамадскія актывісты, так і самі зняволеныя і іхныя блізкія.

Фота belsat.eu

Сярод метадаў, якія выкарыстоўвалі эксперты – запыты ў афіцыйныя органы, фота і відэаматэрыялы, персанальнае анкетаванне тых, хто прайшоў праз папраўчыя ўстановы адкрытага і закрытага тыпу. У стандартных анкетах рэспандэнты мусілі распавесці, ці выконваюцца ва ўстанове гігіенічныя нормы, ці задавальняе іх якасць ежы і памеры камеры, ці сутыкаліся яны з жорсткім стаўленнем з боку працаўнікоў і інш.

«Як праваабарончая арганізацыя мы пачалі працаваць па тэме зняволеных вельмі даўно: першы маніторынг месцаў несвабоды «Вясна» правяла ў 2007 годзе сумесна з Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека. З таго часу мы ўважліва сочым за праблемамі, з якімі сутыкаюцца людзі ў зняволенні. З 2011 году маніторынг вёўся сістэматычна, мы вызначылі крытэры і навучыліся аналізаваць дадзеныя. Мы звяртаем увагу на хібы ў заканадаўстве і практыцы яго прымянення», – патлумачыў адзін з аўтараў справаздачы Павел Сапелка.

Праваабаронцы адзначаюць, што на правядзенне маніторынгу негатыўна ўплывае супрацьдзеяннне ўладаў – ад самаацэнкі і супрацы з аналітыкамі дзяржаўныя органы традыцыйна адмаўляюцца.

Юрыст магілёўскага аддзялення «Вясны» Барыс Бухель адзначае:

«У Беларусі існуюць два тыпы назіральных камісіяў, якім дазволена наведваць папраўчыя ўстановы: гэта камісіі пры выканкамах, дзе старшынямі звычайна з’яўляюцца намеснікі кіраўнікоў адміністрацыяў. Яны не вядуць рэальнай дзейнасці, часцей за ўсё паводзяць сябе проста як чыноўнікі. І яны стаяць на ўзровень вышэй за камісіі пры ўпраўленнях юстыцыі, створаныя па пастанове ўраду».

Фота belsat.eu

У такую грамадскую назіральную камісію Бухель увайшоў напрыканцы 2018 году, дзякуючы чаму атрымаў магчымасць асабіста наведаць палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў калоніі ў Горках.

«У еўрапейскай практыцы камісіі могуць прыязджаць у турму, папярэдзіўшы кіраўніцтва за пару гадзін, але ў Беларусі мы павінны дасылаць заяўку за 2-3 тыдні. Гэта значыць, у адміністрацыі ёсць час падрыхтавацца. Напрыклад, калі мы зайшлі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу – belsat.eu), адзін вязень адразу ж пачаў скардзіцца, што там вельмі халодна, а натапілі адмыслова перад нашым прыездам», – кажа Барыс Бухель.

Hавiны
Пасля скаргаў Жамчужнага ў калоніі палепшылася харчаванне
2019.04.10 22:31

Ініцыятар шматлікіх зваротаў па паляпшэнні ўмоваў утрымання ў пенітэнцыярных установах Аляксандр Буракоў прывёў прыклад парушэння ў турме №4 Магілёва.

«Паводле нормы, у камеры мусіць трапляць дастаткова святла, аднак у магілёўскай турме замест кратаў на вокнах або жалезныя «раснічкі», размешчаныя пад вуглом 45 градусаў, якія не прапускаюць святло, або проста жалезныя пласціны», – сказаў ён. З гэтай нагоды магілёўская «Вясна» звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

Фота belsat.eu

Што датычыць асуджаных жанчын, то аўтары маніторынгу прыйшлі да высновы: іхныя сацыяльныя і працоўныя правы ў Беларусі дыскрымінуюцца. Жанчын разлучаюць з малымі дзецьмі, якіх змяшчаюць у Дом дзіцяці і дазваляюць бачыць маці ў абмежаваны час. Хаця на тэрыторыі калоніі №4 у Гомлі яшчэ ў студзені 2019-га быў пабудаваны корпус інтэрнату, дзе дзеці маглі б жыць з мамамі, да канца году ён так і не пачаў функцыянаваць.

Праваабаронцы таксама патрабуюць скасаваць сістэму ЛТП, бо лічаць пазбаўленне волі людзей з алкагольнай залежнасцю, якія не здзяйснялі злачынстваў, неадэкватнай мерай.

Акрамя таго, «Вясна» звяртае ўвагу на выкарыстанне зняволеных як працоўнай сілай без належнай аплаты працы. Пры гэтым чысты прыбытак прадпрыемстваў, падначаленых Дэпартаменту выканання пакаранняў, у 2017 годзе перавысіла 10 мільёнаў рублёў.

Hавiны
Зроблена за кратамі. Якія тавары і для каго вырабляюць беларускія зняволеныя?
2018.09.04 17:17

Аўтары маніторынгу рэкамендуюць выключыць са спісу дысцыплінарных пакаранняў пазбаўленне спатканняў, прадугледзець у заканадаўстве альтэрнатыву асабістым сустрэчам з блізкімі – тэлефонную і відэасувязь. Яны выступаюць за змены ў заканадаўства, якія дазволілі б зняволеным накіроўваць скаргі ў грамадскія арганізацыі і СМІ.

Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што ў месцах несвабоды ў Беларусі мелі месца выпадкі катаванняў і бесчалавечнага абыходжання з вязнямі і па кожным выпадку неабходна правесці аб’ектыўную праверку. Патрабуюць асаблівай увагі і скаргі вязняў на антысанітарыю ў камерах.

Дзяржаве прапануюць неадкладна прыняць меры, каб пазбегнуць далейшай дыскрымінацыі ў сферы працы і паслядоўна паляпшаць умовы ўтрымання, якія цяпер не адпавядаюць міжнародным стандартам.

Hавiны
«Ад сажы ў носе растуць ракавінкі». Асуджаныя па артыкуле 328 – аб працы на зоне
2019.12.04 10:08

КА belsat.eu

Стужка навінаў