Шлях да трыумфу нацыі з Кастусём Каліноўскім

У несвабоднага грамадства няма сваіх герояў, няма сваёй гісторыі, няма свайго лёсу. Дыскусія пра тое, дзе маюць спачываць парэшткі Кастуся Каліноўскага, яшчэ раз гэта паказала. Адзінае, што мы, беларуская нацыянальная супольнасць, робім, – змагаемся самыя з сабою, пераконваем самыя сябе ў зразумелых толькі нам ісцінах. Пры гэтым усе гучныя прамовы акружаныя варожым маўчаннем уладаў і поўнай абыякавасцю большасці насельніцтва.

Капліца, дзе будуць пахаваныя парэшткі паўстанцаў Каліноўскага. Фота Г. Русінава

У сённяшняй Беларусі нават дыскусія вакол лёсу парэшта Каліноўскага абсалютна ні на што не ўплывае: ні на дух нацыі, ні на палітыку дзяржавы, ні на дзеянне і меркаванне грамадскасці. Нашая краіна ў палоне ў антыгістарычнай свядомасці і волі аднаго чалавека. І ў гэтай «спрэчцы» усё будзе гэтак жа, як і ў пытанні святкавання 101-ай гадавіны БНР, у пытанні «Курапатаў» – «нам гэтага не трэба».

Hавiны
Віцэ-канцлер ураду Літвы Матулёніс: Пытанне перадачы парэшткаў Каліноўскага пакуль не стаіць на парадку дня
2019.09.26 11:50

Яшчэ горш будзе, калі гэтая асоба скажа забраць парэшткі і ціхенька пахаваць. Вядома, гэта прымусіць частку нашай супольнасці казаць пра «беларусізацыю», пра гістарычны прарыў. Хоць на самай справе такія дзеянні будуць толькі насмешкай над Каліноўскім. У сітуацыі гэтакай ненармальнасці проста немагчыма гаварыць аб рэалізацыі ідэй, якія маюць гістарычную каштоўнасць для нас і нашай краіны.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці сапраўды мы хочам уручаць лёс нашага нацыянальнага героя ў рукі чалавека, для якога беларуская гісторыя не існуе?

Сапраўды, у нашай краіне відавочны дэфіцыт герояў і месцаў нацыянальна-гістарычнай памяці. Менавіта гэтыя сімвалы мінулага фармуюць нацыю ў сучаснасці. Але прычына гэтай праблемы не ў колькасці, а ў тым, што гэты дэфіцыт ёсць вынікам планамернага разбурэння і пры спробе ачысціць гістарычную памяць насельніцтва. У гэтым сутнасць палітыкі цяперашняй улады, якая 25 гадоў насаджае расейскія і савецкія сімвалы, расейскую і савецкую трактоўку мінулага.

У гарадах нашай краіны практычна адсутнічае нацыянальны вобраз і прастора, вуліцы і плошчы названыя ў гонар Леніна, Крупскай, Маркса, Дзяржынскага, Пушкіна і г.д. А колькі вуліц і плошчаў, звязаных з нашымі гістарычнымі асобамі: Скарыны, Ефрасіні Полацкай, Ізяслава, Рагнеды, Гусоўскага, Каліноўскага, Быкава, Караткевіча? У нашай гісторыі досыць герояў, дастаткова слаўных і крывавых месцаў памяці, але яны выстаўляюцца на знявагу. Хіба прыклад «Курапатаў» не служыць прыкладам гэтаму? Хіба Каліноўскі не застаецца ворагам цяперашняй дзяржавы, якому улада ўжо вынесла прысуд – забыць.

Перанесці і перапахаваць парэшткі Каліноўскага будзе проста, але гэта не зробіць беларускае грамадства вольным, не ўмацуе незалежнасць дзяржавы, не прымусіць большасць размаўляць па-беларуску.

Толькі тады, калі беларускае грамадства стане сапраўды палітычна і гістарычна вольным, яно зможа вырашыць, дзе павінна быць магіла яго нацыянальнага героя.

Капліца, дзе будуць пахаваныя парэшткі паўстанцаў Каліноўскага. Фота Г. Русінава

Перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі мусіць быць урачыстым, стаць падзеяй стагоддзя. Падзеяй, якая б скаланула публічную прастору краіны, стала б «выбухам свядомасці» для беларусаў, а не шараговым здарэннем. Зразумела, што беларускім уладам такая падзея зусім не патрэбная, дастаткова ўспомніць іх рэакцыю, звязаную са знаходжаннем магілаў Каліноўскага і яго паплечнікаў. Мяркую, што цяперашнія ўлады (калі б пагадзіліся), то зладзілі б пахаванне па-мураўёўску, што стала б чарговаю ганьбай нацыі і ганьбай для герояў.

Меркаванні
Сімвалічнае хаджэнне з прахам
2019.09.25 15:08

Што тычыцца дэмакратычнай, нацыянальнай грамадскасці, то перш, чым спрачацца аб пераносе, трэба ўсім адказаць на пытанне: ці здольнае наша грамадства арганізаваць такія ўшанаванні, такое пахаванне беларускага героя, за якое не было б сорамна перад продкамі і нашчадкамі? Каб у гэты дзень большасці беларусаў стала зразумела, што яны гістарычная нацыя, нацыя герояў. Каб месца, дзе будзе пахаваны прах Каліноўскага ды іншых герояў нацыі, было сэрцам дзяржавы, стала Пантэонам, а не чарговым гета, абнесеным плотам.

Павел Усаў/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў